Маладую беларуску асудзілі за наркотыкі на 9 гадоў. Калі выйшла з калоніі, зрабіла засвоены там навык справай жыцця
Калі Настассі было 20 год, яна трапіла за краты. Дзяўчыне пашчасціла трапіць пад некалькі амністый, у выніку яна правяла ў зняволенні значна менш, пяць гадоў. У гомельскай калоніі яна навучылася шыць і цяпер адкрыла ўласную лабараторыю, дзе шые рэчы на заказ, рамантуе адзенне і дапамагае пачынаючым брэндам з распрацоўкай лякалаў.
Шчырую гісторыю пра тое, як дасягнуць дна і выплысці адтуль, дзяўчына распавяла ютуб-каналу Miss Mo — пераказваем самае цікавае.
Настасся нарадзілася ў Горках. Бацькі развяліся, калі ёй было тры гады. Дзяўчына засталася з маці, але працягвала бачыцца і з бацькам. Па яе словах, у таго былі вялікія праблемы з алкаголем і таму ў сям’і паўтараліся настаўленні: «Асцярожней, у цябе вельмі жорсткая схільнасць».
Калі дзяўчына паступіла ў каледж і пераехала ў Мінск, «дэвіянтныя штучкі пачалі браць верх» над ёй.
«Згадваючы, як мы тусілі, не разумею, як здала экзамены і атрымала дыплом. Таму што даходзіла да таго, што перад каледжам мы забягалі ў кіёск, бралі па бутэльцы і так пачыналі дзень. Самае жорсткае было, калі я паўгода піла дзень за днём».
Дзяўчына кажа, што ў яе, магчыма, сарвала дах ад самога факту пераезду ў сталіцу. Акрамя таго, яна па натуры — улюблівы чалавек, які калі ў нешта пагружаецца, то цалкам.
«Калі я за нешта бяруся, то магу не падымаць галавы па 10 гадзін і больш, забываючы паесці, схадзіць у туалет».
Моцна піць Настасся пачала ў 15 гадоў, а ўжо ў 16 перайшла на «больш цяжкае».
«Была нейкая цікаўнасць, прычым дурная — мне трэба было зразумець, што па той бок знаходзіцца. Усе вакол глядзелі «На іголцы», «Рэквіем па мары», і калі некага гэта пужала, то мне наадварот хацелася самой зразумець на сабе, як гэта — намацаць дно, калі яно існуе».
Дзяўчына кажа, што спрабавала завязаць пасля інцыдэнту, які моцна яе напужаў.
«Я апынулася ў кватэры-прытоне, дзе пяць чувакоў укалоліся з аднаго шпрыца. У аднаго з іх гніла нага, ён не хадзіў. Я зразумела, што мне трэба ісці адсюль, але дзверы былі зачыненыя. І проста выпадкова нехта вяртаўся з крамы, і я тады адкідваю таго чалавека і бягу. Гэта адбывалася на станцыі метро Магілёўская і адтуль да Партызанскай я проста бегла, так мне было страшна», — згадвае гераіня.
Да сітуацыі падключыліся маці і айчым, яна забралі ў Насці тэлефон, адправілі да бабулі і знайшлі псіхатэрапеўта (застацца дома не дазволілі, бо ў іх падрастала маленькае дзіця, за якога яны перажывалі).
«Мне сапраўды стала лепш, я была 10 месяцаў у рэмісіі, пачала зноў працаваць, уладкавалася ў Магілёве ў «Кінавідэапракат». І потым я рыхтую мерапрыемства для школы і знянацку вырашаю знайсці [дозу] — на гэта ў чужым горадзе мне спатрэбілася 40 хвілін. 40 хвілін, каб пахерыць 10 месяцаў працы да гэтага. Я знайшла солі — гэта небяспечныя псіхатропы. Ад самога ўспаміну пра іх мне дагэтуль цяжка дыхаць».
Насця кажа, што ў яе пачаўся кураж, які цягнуўся пяць месяцаў, пакуль яе не арыштавалі.
«Мяне злавілі ў неадэкватным стане, з сабой у мяне было шмат вагі. Мне адвакат адразу сказаў: проста прызнай віну, няма шанцу вырвацца: у цябе дасталі са станіка 30 грамаў парашку».
Адбываць прысуджаныя дзевяць год яе адправілі ў Гомельскую калонію. Настасся кажа, што жыла на тэрыторыі выключна з асуджанымі за наркатычныя артыкулы.
«Людзей прыбывала вельмі шмат — былі парушаныя нормы па колькасці чалавек, праходы загрувашчваліся ложкамі».
Пасля першага ліста ад маці, які пачынаўся з «Ох, дачушка, што ж ты нарабіла са сваім жыццём», Настасся, па яе словах, моцна пераглядзела свае каштоўнасці. Пачала больш цаніць родных і само жыццё.
«Мне нібыта жыццё [сказала]: вось табе варыянт, у якім ты яшчэ жывая, нешта яшчэ ты павінна тут зрабіць. Цалкам верагодна, па-іншаму я б усё не пераацаніла, і што мяне б ужо не было ў жывых», — прызнаецца дзяўчына.
У калоніі яна навучылася шыць і, калі вызвалілася па амністыі, зрабіла новае ўменне сваёй прафесіяй.
Дзяўчына ўпэўненая, што людзі здольныя адмовіцца ад залежнасцяў толькі тады, калі самі таго захочуць. Ніхто прымусіць і ўгаварыць тут не зможа.
«Можна спрабаваць прывесці чалавека да думкі, што варта звяртацца да спецыялістаў: вельмі рэдка нехта выкараскваецца сам. Але самае галоўнае — не даць сабе праваліцца ў сузалежнасць. Калі для таго, каб чалавек пачаў мяняць сваё жыццё і лячыцца, трэба рабіць яму вельмі балюча, гэта трэба рабіць», — раіць Насця людзям, у якіх блізкія пакутуюць ад залежнасцяў.
Каментары
...,
I look inside myself
And see my heart is black
I see my red door
I must have it painted black
Maybe then, I'll fade away
And not have to face the facts
It's not easy facing up
When your whole world is black
.....
А дзяўчыне шацунак і поспехаў.