Дыхаў у слухаўку, дасылаў паштоўкі са сваім пахам. Беларускі распавялі пра пераслед сталкераў
У Беларусі сталкінг не рэгулюецца законам, па ім няма афіцыйнай статыстыкі. Нядаўна, напрыклад, пра назойлівага прыхільніка, які дзяжурыў пад вокнамі, расказвала ў сацсетках Ганна Бонд. Пры гэтым толькі ў ЗША штогод ад сачэння, пераследу, навязлівай увагі пакутуе больш за 13 мільёнаў чалавек. 78% ахвяраў — гэта жанчыны. Апошнім часам у з’яве асобна вылучаюць кіберсталкінг, калі ўсе падзеі разварочваюцца ў інтэрнэце — у сацыяльных сетках і месенджарах.
Мы пагутарылі з дзвюма беларускамі*, якія пацярпелі ад сталкераў (адна з гераінь нават пераехала ў іншую краіну, і толькі там пачала адчуваць сябе ў бяспецы), а таксама папрасілі псіхолага распавесці пра прыроду такіх паводзін.
*Імёны гераінь змененыя па іх просьбе
«Першыя трывожныя сігналы пайшлі, калі я пачала заўважаць яго ледзь не на ўсіх мерапрыемствах, куды прыходзіла»
Вера расказвае, што пры першай сустрэчы хлопец, які па выніку стаў кашмарам яе жыцця на некалькі гадоў, ніяк не быў падобны да нейкага «не такога».
«Мы пазнаёміліся ў бары. Я прыйшла туды з сяброўкай, а ён проста падышоў пазнаёміцца. Мяне тады вельмі падкупіла, што ў час анлайнавых камунікацый і дадаткаў кшталту «Тындара» нехта яшчэ ўмее знаёміцца жыўцом».
Дзяўчына схадзіла з хлопцам на два спатканні — у кіно і кафэ на каву. Але прызнаецца, што ўжо на другой сумеснай вылазцы ў горад разумела, што ўсё ж гэта не яе пара.
«У нас былі занадта розныя інтарэсы і погляды на многія прынцыповыя для мяне рэчы: у тым жа палітычным кірунку. Таму пасля другога спаткання я напісала яму: соры, але, відаць, у нас нічога не атрымаецца, распісаўшы, чаму на мой погляд так».
Па словах Веры хлопец адрэагаваў спакойна і нават з паразуменнем.
«Ён адказаў: бывае, усё нармальна. І што ён зычыць мне поспехаў. Мы засталіся падпісаныя адно на аднаго ў сацсетках. Ён часам дасылаў мне ў дырэкт мемы, смешныя рылсы. Я лайкала — так выглядала наша камунікацыя пасля той размовы».
Вера кажа, што праз нейкі момант іх чат увогуле заціх. Яна жыла сваё жыццё, пазнаёмілася з іншым маладым чалавекам, у якога закахалася. Вера была ўпэўненая, што стары знаёмы таксама сустрэў кагосьці новага.
«Першыя трывожныя сігналы пайшлі, калі я пачала заўважаць яго ледзь не на ўсіх мерапрыемствах, куды прыходзіла. Канцэрт любімай групы, выстава ў музеі — ён таксама нібыта выпадкова з’яўляўся ў тых самых месцах, хаця раней казаў мне, што яго не цікавіць мастацтва і тая музыка, якую слухала я. Спачатку я думала, што гэта супадзенне, пакуль на абедзе ў сталовай каля працы, куды я выйшла, я не пабачыла яго за суседнім сталом.
Калі мы сустрэліся позіркамі, першая думка была кінуць ежу і збегчы. Мне чамусьці стала страшна, хаця вакол было шмат людзей. Я ўжо хацела выходзіць, але ён схапіў мяне за руку, папрасіў пагутарыць. Пачаў казаць нешта пра тое, што не можа без мяне, што шмат думаў пра нашы спатканні, пра тое, што я яму казала, што мы розныя, і што вырашыў змяніцца для мяне — кінуць курыць і больш цікавіцца культурай, што мы тады будзем ідэальнай парай…»
Вера кажа, што на эмоцыях адразу сказала хлопцу, што яму б варта было палячыцца і пайшла.
Яна думала, што на гэтым усё скончыцца, бо яна яго, на яе думку, моцна абразіла. Але на наступны ж дзень да яе дадому прыйшоў кур’ер з кветкамі. Па выніку хлопец стаў дасылаць падарункі кожны тыдзень. У нейкі момант кур’еры проста пакідалі іх пад дзвярыма, бо Вера не адчыняла.
«Я напісала яму ў інстаграме, што ў мяне ёсць хлопец, і папрасіла, каб ён спыніўся. Але ён нібыта не чуў, даказваючы мне, што я зрабіла няправільны выбар. Я заблакавала яго ва ўсіх месенджарах. Пры гэтым мне было страшна вяртацца дадому: я баялася, што калі ён ведае мой адрас, усё аднойчы можа скончыцца драматычна».
У міліцыю дзяўчына не звярталася, бо не верыла, што яны дапамогуць у яе справе. Тым больш падзеі разгортваліся ў 2020 годзе, і яна баялася любых лішніх кантактаў з сілавікамі.
«Па выніку мы з хлопцам эмігравалі. І толькі ў новай краіне я змагла выдыхнуць, бо ведала, што тут няма ні яго, ні нашых агульных знаёмых, якія б маглі нешта пра мяне «зліваць». І хоць эміграцыя — гэта няпроста, якраз у пазбаўленні ад гэтага прыхільніка для мяне дадатковы вялізны плюс.
Пры гэтым нават сёння я часам лаўлю сябе на думцы, што баюся сустрэць яго ў натоўпе, сутыкнуцца недзе і зноў перажыць тыя ж самыя страхі напоўніцу», — дзеліцца перажываннямі Вера.
«Калі не хочаш праблем, адчапіся, інакш новая размова будзе балючай»
Дар’я сутыкнулася з тым, што вызначаецца як кіберсталкінг — пераслед у сеціве.
«Усё пачалося бяскрыўдна — з каментароў-кампліментаў як пад пастамі, так і ў прываце. Я пісала ў адказ «дзякуй» ці проста лайкала гэта, пакідаючы рэакцыі. Але з кожным тыднем актыўнасць хлопца рабілася ўсё больш інтэнсіўнай: у нейкі момант ён пісаў мне ледзь не кожныя паўгадзіны, даводзячы, якая я класная, паралельна расказваючы пра сваё жыццё і прапаноўваючы сустрэцца».
Дзяўчына тлумачыць, што сустракацца з ім у яе планы зусім не ўваходзіла. Яна адразу гэта абазначыла анлайн-прыхільніку. На што хлопец пачаў яе ўгаворваць.
«Ён прасіў даць яму шанец. А пасля я ўвогуле афігела: праз маіх знаёмых ён пачаў перадаваць мне «кампліменцікі» — то паштоўку з яго пахам, то нейкае ўпрыгожванне, то сертыфікат на масаж ці ў салон. У адной з паштовак напісаў, што я — яго лёс, ён гэта ведае, і мне трэба з гэтым змірыцца. Я папрасіла ўсіх сяброў не кантактаваць з гэтым чалавекам і паўсюль яго заблакавала. Напісала спецыяльны пост: калі ласка, калі вам піша нехта, хто рэпрэзентуе сябе як мой прыхільнік ці сябар, просіць распавесці пра мяне нешта, блакуйце гэтага чалавека і не ідзіце з ім на кантакт».
Праз пару тыдняў ёй пачалі пісаць кампліменты з незнаёмага акаўнта.
«Я амаль адразу зразумела, што гэта ён жа. Па стылі вядзення размовы. Найбольшы крындж адбыўся, калі ў гэтым адрэзку часу мне пазваніў незнаёмы нумар, а там — проста дыханне, ні слова. Я ўпэўненая, што гэта быў ён, не ведаю, хто зліў яму нумар».
Дзяўчына кажа, што ў выніку папрасіла звязацца з гэтым хлопцам свайго сябра, які займаецца боксам.
«Сябра пазваніў на нумар, з якога прыхільнік тэлефанаваў мне, а таксама прадубляваў сваю пазіцыю са свайго акаўнта ў інсце: маўляў, калі не хочаш праблем, то адчапіся ад Дашы, інакш новая размова будзе балючай. Так, я разумею, што гэта можа быць радыкальна… Але гэты трук спрацаваў. Ад мяне адчапіліся».
Псіхолаг: «Тут ёсць культурны чыннік: дагэтуль на нашай прасторы паводзіны, калі за вамі нехта сочыць і ўпарта пераследуе, могуць трактавацца як флірт»
Зберагчы сябе ў Беларусі ад такіх паводзінаў можна, толькі калі сталкер пяройдзе мяжу і парушыць закон (напрыклад, калі вас абразяць, дашлюць непрыстойныя здымкі ці ўжывуць сілу).
Псіхолаг Наталля Скібская кажа, што сталкінг можа мець пад сабой розны грунт.
«Гэта можа быць пэўная псіхічная паталогія ці разлад асобы (напрыклад, памежнае расстройства асобы ці нарцыстычны разлад). Таксама можна казаць пра людзей, схільных да звышкантралявання іншых. Але тут ёсць і культурны чыннік: дагэтуль на нашай прасторы паводзіны, калі за вамі нехта сочыць і ўпарта пераследуе, трактуюцца як флірт, закаханасць, праяўленне зацікаўленасці. Часам звычайнаму чалавеку складана правесці мяжу, дзе ўжо тут сталкінг».
Вельмі часта сталкеры — гэта нядаўна адрынутыя партнёры, якія не могуць перажыць расстанне. Ці проста закаханыя настолькі, што гатовыя на ўсё, каб заваяваць аб’ект жадання. Але ёсць і больш радыкальныя персанажы: тыя, хто прагне помсты за нейкую крыўду, ці так званыя маньякі, якія імкнуцца задаволіць свае патрэбы.
«Варта падкрэсліць, што сталкінг — гэта гісторыя не пра любоўныя стасункі, а пра ўладу і агрэсію: аўтары сталкінгу прагнуць не кахання, а менавіта адчування ўласнай улады над ахвярай, якая можа для іх праяўляцца ў выглядзе ўвагі, а часам і страху», — акцэнтуе псіхолаг.
У адной з першых груп рызыкі — медыйныя асобы. Сярод ахвяр сталкінгу шмат акцёраў, артыстаў, блогераў — словам, тых, хто навідавоку і мае вялікую аўдыторыю з назіральнікаў за іх жыццём.
Спецыялістка падкрэслівае, што да сталкінгу схільныя як мужчыны, так і жанчыны.
«Але калі жанчын сталкераць былыя партнёры, то былыя партнёркі палююць на новых пасій экс-бойфрэнда ці мужа».
У сітуацыі, калі вы сутыкнуліся са сталкерам, Наталля раіць дакладна не спрабаваць яго перагуляць. Лепш у прынцыпе не ўключацца ў яго гульню.
«Для пачатку трэба паспрабаваць акрэсліць мяжу, сказаць: стоп, мне не цікава, прашу спыніцца. Быць дакладным у фармулёўках і збіраць доказы на той выпадак, калі прыйдзецца звяртацца ў праваахоўныя органы. Калі гэта сталкінг у інтэрнэце, то блакаваць чалавека. Пры гэтым, на жаль, не выключана, што ён (ці яна) прыйдзе пасля з іншых акаўнтаў. І вы нават можаце не ведаць, што гэта яны».
Наталля адзначае, што многія сталкеры — баязліўцы па натуры.
«Некаторыя дзяўчаты нават хутчэй заводзяць новага хлопца, каб адчапіўся былы. Калі апошні бачыць побач мацнейшую асобу, якая можа абараніць патэнцыйную ахвяру, гэта можа яго астудзіць».
Але ўніверсальнай схемы паводзін са сталкерамі няма, адзначае спецыялістка, бо сярод іх вельмі розныя людзі з розным узроўнем псіхалагічных парушэнняў.
«У псіхалогіі працаваць са сталкерамі ў некалькі разоў складаней, чым з ахвярамі. І ёсць вялікая небяспека, што новай іх ахвярай стане ўжо сам псіхатэрапеўт», — расказвае Наталля.
«Ляжаў раздзеты ў машыне і пільнаваў мяне». Ганну Бонд пераследуе маньяк
Крык душы беларускі: Хлопцы гадамі дасылаюць агеньчыкі на сторыз. Дзе ініцыятыва і рыцарства?
Дачка памерлага каліноўца працягвае яго справу
Ці выклікаюць антыдэпрэсанты залежнасць? І ці бываюць у дзяцей дэпрэсіі? Адказвае спецыяліст
Каментары
Пры гэтым я і сам сутыкаўся са сталкінгам прыхільніка да маёй жонкі. Вырашылася заявай у міліцыю.
Падыход да дзяўчыны ўсё ж не той выпадак, калі мэта апраўдвае сродкі. Да таго ж сталкінг ці проста назойлівасць вам пунктаў прывабнасці ніколі не дадасць.