Праблемы настолькі сур’ёзныя, што даўнія амбіцыі Кітая перагнаць ЗША і стаць найбуйнейшай эканомікай свету могуць адкласціся на дзесяцігоддзі. Калі ўвогуле калі-небудзь здзейсняцца.
Эра імклівага эканамічнага росту Кітая набліжаецца да завяршэння — канстатуе The Wall Street Journal у сваім аналітычным матэрыяле.
Падзенне рынку нерухомасці
Нерухомасць была адным з ключавых драйвераў росту Кітая, але гэты бум прывёў да аграмадных стратаў. Сёння краіна мае каля 80 мільёнаў пустых ці недабудаваных кватэр, што амаль удвая перавышае агульны жыллёвы фонд ЗША.
Як падлічылі ў Barclays, меладрама на рынку нерухомасці з 2021 года прывяла да страты $18 трлн прыватнага капіталу. Гэтае нечуванае марнатраўства, у спалучэнні з наступствамі жорсткага кантролю падчас пандэміі, часткова прывялі да таго, што кітайскія спажыўцы нясхільны цяпер свабодна выдаваць грошы.
Гара даўгоў
Цягам амаль усёй першай дэкады XXI стагоддзя запазычанасць Кітая выгадна кантраставала з запазычанасцю ЗША і Еўразоны. У першым выпадку яна не перавышала 150% ад ВУП, у той час як у другім яна часта была значна вышэй за 200%.
Аднак напрыканцы дэкады сітуацыя рэзка змянілася: доўг Кітая пачаў нястрымна расці. У 2024 годзе агульная запазычанасць Кітая — уключаючы ўрад, хатнія гаспадаркі і карпарацыі — склала амаль 300% гадавога ВУП. У ЗША і Еўразоне гэты паказнік складае каля 250%.
Значная частка кітайскага доўгу — «схаваная» і знаходзіцца на балансе мясцовых урадавых фінансавых структур, якія працуюць па-за афіцыйным улікам. Гэтыя структуры актыўна пазычалі на развіццё інфраструктуры, жылля і прамысловых праектаў, што замаскіравала сапраўдны маштаб мясцовых даўгавых абавязацельстваў.
Прамысловая «перавытворчасць» і дэмаграфія
Дзясяткі гадоў мадэль росту Кітая абапіралася на масавыя інвестыцыі ў прамысловасць. Гэта спачатку дазволіла стварыць важную інфраструктуру, развіць мегаполісы і зрабіць Кітай вытворчай майстэрняй свету. Аднак працяглыя інвестыцыі ў заводы, асабліва ў перадавыя тэхналогіі, такія як электрамабілі і аднаўляльная энергія, прывялі да хранічнай перавытворчасці.
Цэны вытворцаў падаюць ужо два гады, бо заводы спрабуюць рэалізаваць лішкі прадукцыі. Гэта прымушае кітайскіх экспарцёраў запаўняць глабальныя рынкі таннымі таварамі, што выклікае гандлёвыя спрэчкі з ЗША, Еўрасаюзам і нават краінамі, якія развіваюцца, такімі як Бразілія і Індыя. Усе яны імкнуцца абараніць свае ўласныя галіны ад прамысловай экспансіі Кітая.
Чарговая праблема — дэмаграфія. Працоўнае насельніцтва Кітая змяншаецца. Гэтая дэмаграфічная змена стварае сур’ёзную перашкоду для аднаўлення высокіх тэмпаў росту эканомікі, якая раней абапіралася на вялікі рэзерв таннай працоўнай сілы.
Кітай застаецца вядучай сілай у глабальнай вытворчасці і новых тэхналогіях. Але каб захаваць устойлівасць, краіне спатрэбіцца больш глыбокая рэструктурызацыя і новыя формы стымулявання эканомікі. Перспектыва «абагнаць ЗША» становіцца ўсё больш бляклай, а галоўная задача на дадзены момант — захаваць прынамсі цяперашнія пазіцыі ў свеце.
Каментары
Каб такія прагнозы не аказаліся wishful thinking.