У гімн Славакіі дадалі фуяру. Калі стаў вядомы кошт новай аранжыроўкі, узнялася буча
«Над Татрамі бліскае, грымяць грамы» — новы ўрад вырашыў падправіць славацкі гімн.
Тэксту і музыкі гімна не чапалі, але проста асучаснілі аранжыроўку: мелодыя стала больш урачыстай, а ў пачатку і канцы цяпер іграе фуяра — гэта традыцыйны славацкі музычны інструмент, папярочная флейта з трыма адтулінамі.
Міністарка культуры Марціна Шымкавічава (Martina Šimkovičova) напісала ў фэйсбуку, што ад новай версіі ў яе «мурашкі па скуры і на душы». Але новае гучанне спадабалася не ўсім. Многія лічаць, што гімн стаў гучаць як пахавальны марш. Дый увогуле нашто даўніну рушыць і навіну ўводзіць? Людзі былі звыкшыся да старадаўняе версіі.
Сапраўдны скандал пачаўся, калі стала вядома, што за новую аранжыроўку дырыжор Оскар Рожа (Oskar Rózsa) атрымаў 46 500 еўра (каля 155 тысяч рублёў). Між тым ён блізкі да той самай нацыяналістычнай Славацкай нацыянальнай партыі, да якой належыць і міністарка культуры. Ліберальная апазіцыя схапілася за гэтую нагоду, каб раскрытыкаваць.
Рожа за словам у кішэню таксама не палез і заявіў, што яго версія гімна «не для лібералаў», якім лепш «сядзець у сваіх норках», бо іх час у Славаччыне мінуў.
На гэта ўжо адрэагаваў і лідар апазіцыйнай «Прагрэсіўнай Славаччыны» Міхал Шымечка (Michal Šimečka): «Гімн належыць усім!»
«Журналісты стогнуць пра бюджэт і выдаткі. А сотні мільёнаў еўра, якія трацяцца на гей-прайды, іх не хвалююць», — заявіла Шымкавічава.
Славацкі гімн быў напісаны ў 1844 годзе студэнтам-адраджэнцам Янушам Матушкам і з таго часу заставаўся нязменны. Яго простыя словы «Над Татрамі бліскае, грымяць грамы… Супынім іх, браты, бо як яны супыняцца, славакі ажывуць», пакладзеныя на музыку народнай песні «Капала крынічку, зазірала ў яе», пайшлі ў народ.
«Над Татрамі бліскае» такая ж неад'емная частка нацыянальнай традыцыі, як «Марсэльеза» ў Францыі, «Шчэ нэ ўмэрла» ва Украіне і «Мы выйдзем шчыльнымі радамі» для беларусаў.
У часы Чэхаславаччыны гімн краіны чэхаў і славакаў складаўся з дзвюх мелодый: першым гралі куплет чэшскай, а пасля — славацкай. З 1993 года ў незалежнай Славаччыне гімн стаў складацца з двух куплетаў уласнага арыгінала.
Урадавая кааліцыя ў Славаччыне складаецца з дзвюх левацэнтрысцкіх партый і нацыяналістычнай Славацкай нацыянальнай партыі. Унутрыславацкі разлом праходзіць найбольш між лібераламі з аднаго боку і сацыял-кансерватарамі з другога, як і ў Польшчы. Але, у адрозненне ад Польшчы, у Славаччыне моцныя і прарасійскія колы, да якіх адносяць і прэм'ера Робэрта Фіцу. Яны абумоўленыя як гістарычна, так і эканамічным інтарэсам. Славаччына, як і Венгрыя і Аўстрыя, не маючы ўласнага выхаду да мора, да апошняга былі прывязаныя да паставак нафты і газу з Расіі.
Каментары
🪇 Затое надта падабаюцца мне гімны, да прыкладу, Савудаўскай Арабіі й Нігэрыі. А наш «Магутны Божа» зусім па-за канкурэнцыяй.