У Прыднястроўі спыненыя прамысловыя прадпрыемствы пасля адключэння расійскага газу
Па словах мясцовых уладаў, працуюць толькі харчовыя прадпрыемствы.
Віцэ-прэм'ер і кіраўнік Мінэканамразвіцця Прыднястроўя Сяргей Абалонік расказаў пра энергетычны крызіс у непрызнанай дзяржаве.
З ім Прыднястроўе сутыкнулася пасля спынення паставак расійскага газу з 1 студзеня.
Па словах віцэ-прэм'ера, стаяць усе прамысловыя прадпрыемствы за выключэннем харчовых,
пішуць «Навіны Прыднястроўя».
Да 5 студзеня будзе ясна, колькі энергіі спажывае бытавы сектар. Баланс пакажа, што можна накіраваць на патрэбы прадпрыемстваў.
Абалонік запэўнівае, што на бягучы момант сітуацыя кіраваная, але калі не вырашыць праблему з пастаўкамі газу, прадпрыемствы страцяць магчымасць перазапусціцца.
Мясцовы навіновы партал паведамляе, што з-за газавага крызісу ў Прыднястроўі ад сістэмы цеплазабеспячэння адключылі 131 школу, 147 дзіцячых садкоў, 130 адміністрацыйных будынкаў органаў дзяржаўнай улады і кіравання. Студэнты Прыднястроўскага дзяржуніверсітэта ім. Т. Г. Шаўчэнка будуць здаваць сесію анлайн. Пасля зімовых канікул усе прыднястроўскія школьнікі таксама пяройдуць на дыстанцыйную форму навучання.
Нагадаем, з 1 студзеня 2025 года Украіна спыніла транзіт расійскага газу. Жыхары непрызнанага Прыднястроўя — прарасійскай часткі Малдовы, непадкантрольнай Кішынёву — засталіся без газу, цяпла і гарачай вады. Выключэнне зроблена для бальніц і сацыяльных устаноў.
У шматкватэрных дамах Прыднястроўя газ пакуль застанецца даступным для прыгатавання ежы. Гэта будзе магчыма дзякуючы запасам у сістэме газаправодаў, пакуль ціск у сетцы не знізіцца да крытычнага ўзроўню.
Электраэнергія ў Прыднястроўі пакуль застаецца. Мяркуецца, што запасаў вугалю на Малдаўскай ГРЭС хопіць яшчэ на 50 дзён працы.
Каментары