Кіно55

Сёстры па-над сястрынствам. Якім атрымаўся амбіцыйны серыял «Дзюна: Прароцтва»

Яркі твор па знакамітым фантастычным сусвеце ці чарговая спроба задаволіць гендарныя трэнды? Разбіраемся з прыквелам да кінасагі Вільнёва, які стаў фінальным пунктам 2024 года.

Сястра Каша, праўдаказальніца імператара Джавіка Карына. Кадр з серыяла

Мінулы год, поўны на навінкі ў жанры кінафантастыкі, завяршыўся серыялам «Дзюна: Прароцтва» (Dune: Prophecy) ад HBO, прыквелам да пакуль незавершанай кінатрылогіі Дэні Вільнёва. Серыял грунтуецца на літаратурнай аснове — рамане «Ордэн сясцёр Дзюны», напісаным Браянам Гербетам, старэйшым сынам аўтара арыгінальнай серыі раманаў, і Кевінам Джэем Андэрсанам. Кніга даволі свежая — яна пабачыла свет у 2012 годзе. 

Падзеі серыяла адбываюцца за 10 000 гадоў да жыцця Пола Атрэйдэса. Гэта час, калі чалавецтва атрымала канчатковую перамогу над разумнымі машынамі ў так званым «Батлерыянскім джыхадзе». Без машын галактыка пагрузілася ў тэхналагічнае сярэднявечча, кампенсаваць якое мусяць арганізацыі, якія даследуюць і пашыраюць межы чалавечых магчымасцей. 

«Мы гуляем у Бога, і за гэта нас асудзяць»

Адной з такіх арганізацый стаў ордэн сясцёр Бэнэ Гэсэрыт, у якім паслушніц на планеце Валах IX навучаюць дасканала кантраляваць сваё цела і ўмець адрозніваць праўду ад хлусні. Сёстры-праўдаказальніцы становяцца незаменнымі радніцамі пры Вялікіх дамах і імператарах, аплятаючы сваім павуціннем усю галактыку.

Ордэн сясцёр на Валаху IX. Кадр з серыяла

Гэта дазваляе ім амаль цалкам кантраляваць Імперыю, штурхаючы валадароў да тых ці іншых дзеянняў, узвышаючы ці прыніжаючы цэлыя роды, уступаючы ў інтымную блізкасць з прадстаўнікамі розных родаў, каб злучыць неабходныя генетычныя лініі. Сапраўдная мэта сясцёр схаваная ад іншых — вывесці дзякуючы ўласнай генетычнай праграме ідэальнага кіраўніка, пры якім чалавецтву больш нічога не будзе пагражаць. 

Тула Харконен — самы глыбокі і неадназначны персанаж ва ўсім серыяле. Кадр з серыяла

Серыял ідзе адразу ў дзвюх часавых лініях, паміж якімі пралягаюць дзесяцігоддзі. У першай нам распавядаюць гісторыю сясцёр Валі (яе ў маладосці сыграла Джэсіка Бардэн) і Тулы (Эма Канінг) з Харконенаў, несправядліва зняслаўленага роду, вымушанага весці ганебнае жыццё ў выгнанні на богам забытай марознай планеце. Пасля сямейнай трагедыі амбіцыйныя сёстры парываюць са сваімі блізкімі, звязваючы жыццё з магутным ордэнам сясцёр, каб змяніць гісторыю. 

Валя Харконен гатовая на ўсё дзеля дасягненняў уласных мэтаў. Кадр з серыяла

Але радавыя крыўды аказваюцца вышэйшымі і за іх адданасць Сястрынству, і нават за каханне. Зрэшты, гэтая адчайная ўпартасць і робіць Валю фаварыткай вялебнай маці Ракелы Берты-Анірул (Кэці Тайсан), чым яўна незадаволена яе ўнучка, вялебная маці Даратэя (Каміла Біпут). Старая Ракела бачыць на божай пасцелі прарочы відзеж, у якім ордэну пагражае страшная расплата. Валі страшным коштам удаецца прымусіць ордэн не адмовіцца ад генетычнай праграмы. 

Сёстры Харконен сутыкаюцца з крызісам у імперыі, да якога ніхто не быў падрыхтаваны. Кадр з серыяла

Дзесяцігоддзі Валя (Эмілі Уотсан) кіруе ордэнам Бэнэ Гэсэрыт, а яе сястра Тула (Алівія Уільямс) служыць яе правай рукой. Імператар Джавіка Карына (Марк Стронг) цалкам у яе руках — спадчынніца прастола прынцэса Інэс (Сара-Софі Бусніна), рыхтуецца стаць сястрой ордэна, чым не вельмі задаволена імператрыцы Наталля (Джодзі Мэй, вядомая па ролі каралевы Калантэ ў серыяле «Вядзьмар»), а перад гэтым Сястрынства арганізуе ёй шлюб з малалетнім Пруветам Рычэзам, каб стабілізаваць становішча роду Карына на дзесяцігоддзі.

Харызматычны ваяка Дэсманд Харт абяцае вырашыць усе праблемы імператара, для чаго праводзіць жахлівую дэманстрацыю сваіх магчымасцей. Кадр з серыяла

Усе планы разладжваюцца, калі перад вяселлем з’яўляецца салдат Дэсманд Харт (Трэвіс Фімел), які адзіны выжыў на Аракісе, і даносіць адтуль трывожныя весткі імператару, якія ад яго хавалі сёстры.

У тую ж ноч жыўцом згарае малалетні Рычэз, а пасля і праўдаказальніца імператара Каша (Чжыхэ Кім). Ордэн сясцёр губляе сваё становішча пры двары, саступаючы месца новаму фаварыту — Дэсманду Харту, у якога знайшліся магутныя патроны.

Маладыя сёстры становяцца карыснымі інструментамі ў руках Харконенаў. Кадр з серыяла

Валя з трывогай бачыць, што страшная расплата, якую бачыла Ракела перад смерцю, пагражае іх планам і нават самому існаванню. Яна разам з Тулай пачынаюць дзейнічаць на апярэджанне, карыстаючыся ўсімі даступнымі сродкамі, у тым ліку ўласнымі вучаніцамі і членамі сям'і.

За дзесяцігоддзі ў Сястрынства назапасілася нямала шкілетаў у шафе, якія адзін за адным вылазяць вонкі. У тым ліку вечны канфлікт паміж дамамі Харконенаў і Атрэйдэсаў. Што акажацца важнейшым — сям’я, інтарэсы сястрынства ці ўласная ўлада? А можа, гэта ўяўны выбар? Серыял дае супярэчлівыя адказы. 

Планы без планаў

Да серыяла ёсць некалькі вялікіх пытанняў. Першае з іх тычыцца дачыненняў з сусветам Герберта. Чакалася, што серыял стане «тлумачальнай брыгадай» для тых, хто нічога не зразумеў пра сусвет Дзюны з экранізацыі Вільнёва. Але серыял робіць гэта вельмі няўпэўнена. 

Ключавая падзея ў сусвеце Гербета, перамога над разумнымі машынамі, у першым сезоне згадваецца толькі як бы між іншым. Кадр з серыяла

Серыял пачынаецца з гісторыі па перамогу людзей у вялікай вайне з разумнымі машынамі. Гераіня гэтай вайны, Ракела Берта-Анірул, заснавала ордэн сясцёр і стала яго першай вялебнай маці. Перамога над машынамі — ключавая падзея ва ўсім свеце Герберта, які пагрузіў галактыку ў тое тэхналагічнае сярэднявечча, у якім яно нязменна праіснуе яшчэ 10 тысяч гадоў. У кнігах вайна называецца Батлерыянскім джыхадам, але што ў экранізацыі Вільнёва, што ў серыяле, ад любых рэлігійных адсылак да рэальнага свету, якімі кішыць літаратурная першакрыніца, з меркаванняў паліткарэктнасці адмовіліся.

Уявіце, што аднойчы адбылася падзея, пасля якой забаранілі любыя тэхналогіі больш складаныя за лямпачку накальвання — менавіта такога ўзроўню тэхналагічны шок перажыў свет Герберта. У серыяле гэта ніяк не раскрываецца.

Людзі, якія мусяць мець экзістэнцыяльны, на грані рэлігійнай істэрыі жах перад разумнымі машынамі, ставяцца да іх як да нявіннага балаўства, звычайна кантрабанды ці кнігі з «экстрэмісцкага спісу» ў сябе на паліцы.

Dune: Prophecy Summary, Latest News, Trailer, Season List, Cast, Where to Watch and More
Сястрынства захоўвае не мала жахлівых таямніц. Кадр з серыяла

Зрэшты, стваральнікам удалося паказаць яскравы кантраст паміж тэхналагічнай стагнацыяй чалавецтва на працягу тысячагоддзяў і незвычайным развіццём здольнасцей саміх людзей. Мы бачым тыя ж тэхналогіі, напрыклад, энергетычныя шчыты ці касмічныя караблі, якія мы бачылі і ў фільмах Вільнёва. За 10 тысяч гадоў чалавецтва не прасунулася ў гэтым кірунку ні на ёту. Але, напрыклад, Голасам, якім у час Пола Атрэйдэса валодае не толькі кожная сястра Бэнэ Гэсэрыт, але і ён сам, спачатку валодае толькі адна Валя, якая вучыць яму сваіх найбліжэйшых паплечніц. Бачым мы і як з’яўляецца на свет знакамітая «літанія супраць страху», формула самаўнушэння, якая не раз выратуе наступныя пакаленні сясцёр у час небяспекі.

Унутры ордэна сясцёр таксама тлеюць рознагалоссі. Кадр з серыяла

Але так дэталёва ў серыяле паказаны толькі ордэн сясцёр. Іншыя важныя гульцы цалкам абдзелены ўвагай. Адна з сясцёр належыць да Сукскай школы, але ў чым яе асаблівасць ізноў ніхто не тлумачыць, і ўсяго раз згадваюцца генетыкі з Бэнэ-Тлэйлаксу. У серыяле няма ніводнага ментата, чалавека-кам’ютара, які здольны праводзіць складаныя разлікі ў галаве, а таксама не згадваецца Касмічная гільдыя, чый уплыў на Імперыю не меншы, чым у сястрынства. 

Ізноў ніхто не тлумачыць, чаму пернасць (spice) з Аракіса мае такое каласальнае значэнне для ўсёй галактыкі. З серыяла можа скласціся ўражанне, што толькі таму, што ёю закідаюцца як наркатычным сродкам багацеі з Салусы Секундус, сталіцы Імперыі.

Імператарскі палац на Салусе Секундус, радавой планеце дому Карына. Кадр з серыяла

Сюжэт месцамі шчыра слабаваты і наіўны. У «Дзюне» лэдзі Джэсіка, разважаючы пра ўласную ролю ў інтрыгах свайго ордэна, прамаўляе культавую фразу: «Планы ўнутры планаў, і ў іх ізноў планы, і ў іх — новыя планы». І вось менавіта такога ўзроўню інтрыг ад серыяла пра ордэн сясцёр мы чакалі. Але вялебная маці Валя, вырашае ўсе выклікі літаральна на каленцы, няма ніякага ўражання, што яна кантралюе ў гэтым свеце хоць нешта. Так, гераіні сутыкаюцца з класічным «азімаўскім крызісам» (нельга не параўнаць азімаўскага Мула з Дэсмандам Хартам), але ж і сястрынства не ўчора з’явілася.

Валя Харконен не такая дабрадушная цётушка, якой выглядае. Кадр з серыяла

У многіх пры праглядзе серыяла дакладна мусіла ўзнікнуць адчуванне, што гэта нейкая «Гульня тронаў» у космасе на мінімалках. Нічога дзіўнага, але тут няма аглядкі на самы папулярны серыял нашага часу, проста свет Герберта гэта свет вечнай несвабоды, зорнага феадалізму, дзе становішча падданых залежыць толькі ад самадурства гаспадара, а імператар, якім бы ўсясільным ён ні здаваўся, дрыжыць перад Ландсраатам, у якім засядаюць валадарныя дамы. Магію тут замяняюць незабароненыя тэхналогіі і звышздольнасці, якія развілі ў сабе людзі, а кроў, ці дакладней гены, і роднасныя сувязі таксама пакладзены ў нарожны камень гісторыі. 

Славалюбны кузэн Харау Харконен (Эдвард Дэвіс) становіцца пешкай сясцёр у іхняй гульні ў Ландсрааце. Кадр з серыяла

Хаця магія, якая выходзіць за межы тэхналогій, навукі і звышздольнасцей, у свеце ўсё ж ёсць — генетычныя памяць продкаў, да якой звяртаюцца гераіні і якую немагчыма ніяк рацыянальна вытлумачыць. 

Танцоры тварам

Танцоры тварам — так у свеце Герберта называюцца людзі, якія здольныя пераўвасабляцца ў іншых людзей. Але не ва ўсіх акцёраў серыяла атрымалася пераўвасобіцца ў сваіх герояў. Акцёрская гульня яшчэ адно слабое месца серыяла. Дрэнна гралі нават здавалася б вядомыя акцёры. 

Месцамі серыял пужае хтанічнасцю. Кадр з серыяла

Марк Стронг, вядомы па ролі ў фільмах серыі «Кінгсмэн», граў быццам не імператара, а, прабачце, бервяно. Такое можна было б дараваць маладому, недасведчанаму акцёру, але акцёрскай кар’еры Стронга ўжо больш за тры дзесяцігоддзі.

Трэвіс Фімел, які выканаў ролю Дэсманда Харта, ужо стаў парадкам раздражняць тым, што ва ўсіх кінапраектах ёй грае аднолькава адзін і той жа вобраз напаўзвар’яцелага фанатыка з выглядам зарослага бамжа. Калі хто бачыў яго ў фантастычным серыяле «Выхаваныя ваўкамі», то не знойдзе адрозненняў паміж яго героем там, і ў «Дзюне: Прароцтва». 

Прынцэса Інэс бачыла не толькі меч свайго настаўніка, маладога Кейрана Атрэйдэса. Кадр з серыяла

З’яўленне Крыса Мейсана, які сыграў майстра мяча Кейрана Атрэйдэса і палюбоўніка прынцэсы Інэс, і Джоша Х’юстана, інфантыльнага пазашлюбнага сына імператара Канстанціна Карына, у касце серыяла абгрунтаванае, відаць, толькі жаданнем свяціць у кадры іхнімі прыгожымі тварамі і намацаванымі целамі ў пасцельных сцэнах.

Канстанцін Карына ахвочы да пернасці і шляхетных дзяўчат, якім ад яго патрэбны зусім не сэкс, а дзяржаўныя таямніцы. Кадр з серыяла

Не да канца верыцца і ў вобраз вялебнай маці Валі Харконен, створаны славутай Эмілі Уотсан. Рэч не ў акцёрскай гульні, а ў тым, што яна не вельмі пасуе па сваім вобразе на ролю падступнай уладарнай жанчыны, застаючыся добрай «цёцяй Валяй» у какошніку. Вядома, мы трохі разбэшчаныя вобразам вялебнай маці Гаі-Хелены Махіям, які стварыла Шарлота Рэмплінг у экранізацыі «Дзюны» Дэні Вільнёва.

А вось Алівія Уільямс, якая сыграла сястру Тулу Харконен у сталым узросце, выглядае абсалютна арганічна ў сваёй неадназначнай ролі. Таксама выдатна справілася малодшае пакаленне актрыс, Джэсіка Бардэн і Эма Канінг, якія сыгралі маладых Валю і Тулу. Яны аказаліся нават знешне вельмі блізкімі да старэйшых актрыс, так што цалкам верыш, што праз 30 гадоў сёстры Харконены выглядалі б менавіта так.

Свет жанчын

Даволі дзіўна ў сувязі з выхадам «Дзюны: Прароцтва» чуць некаторыя каментарыі, што серыял усяго толькі адпрацоўка левага гендарнага парадку дня, каб паказаць, што жанчыны кіруюць светам. Прабачце, але раман «Дзюна», выдадзены ў 1965 годзе, калі не было яшчэ такога вытанчанага палітычнага слэнгу, літаральна пачынаецца з ордэна сясцёр і матчынага клопату пра сына.

Месцамі «Дзюна: Прароцтва» нагадвае бразільскі серыял. Табу ў ролі сястры Франчэскі, блізкай паплечніцы Валі і маці Канстанціна Карына. Кадр з серыяла

«Дзюна» ўвогуле ўнікальны ў гэтым плане твор — толькі задумайцеся пра тое, што Пол Атрэйдэс не парывае са сваёй сям’ёй, як многія літаратурныя героі, наадварот, увесь час ён ідзе поруч са сваёй маці. А на яго шляху сустракаюцца жанчыны, якім Герберт адводзіць першыя ролі: каханая Чані, прынцэса Ірулан, вялебная маці Гая-Хелена Махіям, сястра Алія і інш.

Дзюна, Аракіс

Бачна, стваральнікі серыяла не былі ўпэўненыя ў яго поспеху. Франшыза пазнавальная, акцёры вядомыя, але ці стрэліць тое, што яны зрабілі, гарантыі не было. Звычайна пра працяг на наступны сезон заяўляюць недзе пасля другой серыі, «Дзюну: Прароцтва» працягнулі толькі перад фінальнай 6-й серыяй.

Усе шляхі вядуць на Аракіс. Кадр з серыяла

Што праўда, заключная серыя доўжыцца аж паўтары гадзіны — гэта сапраўдны фантастычны баявік, насычаны падзеямі, якія раскрываюць некаторыя старыя таямніцы і выводзяць крызіс у Імперыі на новы ўзровень. Таямнічая Дзюна, планета Аракіс, ізноў становіцца арэнай, дзе будзе вырашацца лёс чалавецтва. 

За такі фінал можна дараваць серыялу ўсе ягоныя хібы. Прэм’ера другога сезона, які мы будзем чакаць, можа адбыцца ў 2026 годзе, на гэты ж год запланаваны выхад заключанай часткі кінасагі Дэні Вільнёва «Дзюна: Месія», але хутчэй за ўсё ён адбудзецца не раней за 2027.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары5

  • Нууу
    04.01.2025
    Ганьба, у выніку так ніводнага імператара чарвяк і не зжэр
  • Цаніцель
    04.01.2025
    Ну хаця б узроставы рэйтынг дазволіў ім нармальна паказаць сэкс, наркату і голых людзей
  • Тупенькія ціктокеры
    04.01.2025
    Зноў прапаганда непатрэбшчыны. Нагадаю, што серыялы, паленне і цікток - самае горшае, на што можна змарнаваць час.

Зяленскі: Лукашэнка прапаноўваў мне стукнуць па Мазырскім НПЗ, я яму кажу: «Што ты гаворыш?»36

Зяленскі: Лукашэнка прапаноўваў мне стукнуць па Мазырскім НПЗ, я яму кажу: «Што ты гаворыш?»

Усе навіны →
Усе навіны

«У беларускай кніжнай прасторы час быццам запаволіўся». Зося Лугавая расказала пра тэндэнцыі ў літаратуры

Сёння чакаюцца снег і галалёдзіца

Плынь турыстаў з Беларусі ў Тайланд павялічылася больш чым удвая

Пойдзе ў адстаўку канцлер Аўстрыі

Не стала восліка, які стаў прататыпам персанажа мульціка пра Шрэка

«Быць найлепшым». Выйшаў кранальны фільм-біяграфія пра Робі Уільямса — з малпай у галоўнай ролі4

Бясплатная арэнда: беларускі набываюць адзенне ў краме, а пасля мерапрыемства вяртаюць53

Блінкен ацаніў дзеянні Байдэна ва Украіне і расказаў, што будзе з украінска-расійскай мяжой і якія непаразуменні меў з Ізраілем7

Хваробу Альцгеймера звязалі з вірусам герпесу, які ёсць у большасці людзей

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Зяленскі: Лукашэнка прапаноўваў мне стукнуць па Мазырскім НПЗ, я яму кажу: «Што ты гаворыш?»36

Зяленскі: Лукашэнка прапаноўваў мне стукнуць па Мазырскім НПЗ, я яму кажу: «Што ты гаворыш?»

Галоўнае
Усе навіны →