Грамадства77

«Алкаголь будуць піць нешматлікія дэгенераты, дый тое ўпотай». Што пісалі пра 2025 год сто гадоў таму?

Адны прадказанні былі фантастычнымі, іншыя — цвярозымі і памяркоўнымі. Некаторыя аказаліся цалкам памылковымі, а некаторыя — на дзіва трапнымі.

Фота: BoliviaInteligente / Unsplash

Стагоддзе таму шэраг мысляроў, навукоўцаў і пісьменнікаў паспрабавалі зазірнуць у будучыню ды прадказаць, як будзе выглядаць жыццё ў 2025-м. Амерыканскі партал USA Today і польскі Onet.pl сабралі па некалькі цікавых прадказанняў. Давайце паглядзім, як людзі калісьці ўяўлялі час, у якім мы з вамі цяпер жывём.

«У 2025 годзе ўжо не будзе ніводнай прывабнай дзяўчыны»

У 1925 годзе амерыканскі псіхолаг Альберт Э. Вігам (Albert E. Wiggam), выступаючы ў Брукліне, сцвярджаў, што менш прывабныя і менш разумныя людзі заводзяць больш дзяцей, чым тыя, каго прырода адарыла прыгажосцю і розумам.

На гэтай падставе Вігам меркаваў, што праз сто гадоў у ЗША моцна ўпадзе агульны ўзровень прыгажосці. Ён папярэджваў, што калі «працэс дэградацыі» будзе працягвацца, то, магчыма, у 2025 годзе ўжо не знойдзецца ніводнай прывабнай дзяўчыны.

Людзі будуць дажываць да 150 гадоў

Сэр Рональд Рос (Ronald Ross) — брытанскі лекар і лаўрэат Нобелеўскай прэміі 1902 года за даследаванні малярыі — таксама выказваўся наконт таго, чаго варта чакаць у 2025-м.

Паводле Роса, навука рушыць так далёка наперад, што людзі змогуць дажываць да 150 гадоў.

Рос падкрэсліваў, што вялікую ролю адыграе перамога над мікраарганізмамі (мікробамі і бактэрыямі), якія выклікаюць большасць захворванняў. Калі чалавецтва навучылася б цалкам прадухіляць пагрозу інфекцый, то нішто не перашкодзіць людзям жыць значна даўжэй, магчыма, нават наблізіцца да бессмяротнасці.

На планеце будуць толькі тры звышдзяржавы

Англійскі пісьменнік Г. Дж. Уэлс (H.G. Wells), аўтар «Машыны часу», «Вайны светаў» і «Нябачнага чалавека», падзяліўся сваім бачаннем дзяржаўнага ладу ў будучыні. Паводле яго меркавання, нацыянальныя інтарэсы асобных дзяржаў знікнуць на карысць глабальнага падзелу свету на тры вялізныя геапалітычныя блокі.

У прыватнасці, ён прагназаваў, што да 2025 года сфармуюцца тры глабальныя канфедэрацыі. Гэта будуць Злучаныя Штаты Амерыкі, Злучаныя Штаты Еўропы і Кітай.

Гэтыя думкі, відавочна, адлюстроўвалі настроі пасля Першай сусветнай вайны, калі ідэі пра стварэнне нейкага саюза дзяржаў у Еўропе ўжо прысутнічалі (хоць да рэальных інтэграцыйных праектаў, накшталт Еўрапейскага Саюза, яшчэ было далёка).

Смерць стане «як захад сонца»

Яшчэ далей пайшоў ірландскі фізік і хімік Э. Э. Фурнье д’Альбе (E.E. Fournier d’Albe). Ён напісаў цэлую кнігу «Quo Vadimus? Некаторыя погляды на будучыню» (1925), дзе абмаляваў утопію, у якой апынуцца людзі праз стагоддзе. Вось асноўныя яго тэзісы:

Адзіны ўрад і агульная мова. Свет, паводле яго, да 2025 года аб’яднаецца пад адзіным кіраваннем і пяройдзе да адзінай мовы (ці, прынамсі, будзе мець адзін сродак зносін, зразумелы ўсім). Таксама ён дапускаў, што на планеце захаваюцца розныя расы і нейкія «саюзныя нацыі», — але свабодныя гандаль і падарожжы зблізяць людзей і пазбавяць перашкодаў.

Перамога медыцыны над хваробамі і болем. Фурнье д’Альбе прагназаваў, што характар старасці кардынальна зменіцца: людзі будуць жыць вельмі доўга без хвароб, а смерць стане спакойнай і бязбольнай, «як захад сонца». Хваробы будуць пераможаныя амаль цалкам, а любыя траўмы — лёгка вылечвацца.

Новыя матэрыялы і адзенне. Ён меркаваў, што з’явяцца тканіны, якія аб’яднаюць цяпло футра, мяккасць шоўку і трываласць ільну. Дзякуючы лёгкасці гэтых тканін людзі змогуць насіць у невялікай валізцы «паўдзясятка» гарнітураў, а памяняць адзенне будзе таксама проста, як зняць плашч.

Цікава паглядзець і на меркаванні, якія тычыліся папярэдніх гадоў, што мы ўжо маем за сабой. Як піша Onet.pl, у лютым 1922 года ў польскай газеце Ilustrowany Kurier Codzienny з’явіўся артыкул пад назвай «Як будзе выглядаць свет у 2022 годзе?». Аўтар адзначаў, што адзін амерыканскі журналіст задаў гэта пытанне розным людзям, якія працавалі ў самых розных галінах дзейнасці, і прывёў іх адказы.

«Кінематаграфічны экран», на якім будзе ўсё публікавацца

Рэжысёр і піянер кінематаграфіі Давід Грыфіт (David Griffith) у 1922 годзе меркаваў, што праз сто гадоў кніг і газет у друкаваным выглядзе ўжо не будзе. Усё публікавацца будзе на «кінематаграфічным экране». І адукацыя таксама будзе адбывацца пры дапамозе экрана. Паводле яго слоў, з’явяцца «школы-кіно» і «бібліятэкі-кіно».

Сёння, калі мы маем досвед дыстанцыйнай працы і навучання праз інтэрнэт, можна сказаць, што прадказанне Грыфіта аказалася даволі блізкім да праўды.

Працоўны дзень — дзве гадзіны

Інжынер Уолтэр Полакаў (Walter Polakow) сцвярджаў, што праз сто гадоў не застанецца нафты і вугалю, але навукоўцы знойдуць спосаб выкарыстоўваць энергетыку сонечных прамянёў. Як у ваду глядзеў.

Менш трапным аказаўся прагноз наконт працягласці працоўнага дня, хоць сам напрамак думак быў слушным. Полакаў лічыў, што дзякуючы тэхнічнаму прагрэсу працоўны дзень зменшыцца ўсяго да дзвюх гадзін.

За сто гадоў да яго выказвання працягласць сутачнай працы складала шаснаццаць гадзін, а на момант ягоных слоў — восем. Відаць, інжынер зыходзіў з таго, што трэнд працягнецца ў тым самым тэмпе.

Што будзе са Штатамі, спажываннем алкаголю і правамі жанчын

Журналіст Генры Менклэн (Henry Mencklen) выказаў з сённяшняга пункту гледжання зусім нятрапнае меркаванне, заявіўшы, што праз сто гадоў ЗША стануць англійскай калоніяй.

А вось дырэктар Амерыканскай антыалкагольнай лігі зрабіў вельмі аптымістычны прагноз, быццам у 2022 годзе алкаголь знікне з Зямлі наогул. Толькі нешматлікія «дэгенераты» будуць ужываць яго ўпотай, а чалавецтва стане лічыць спіртное атрутай.

У артыкуле, які пераказвае Onet.pl, не абмінулі і тэму жанчын ды іх месца ў грамадстве праз сто гадоў. Дзяячкі жаночых арганізацый Маргарэт Сэнгер (Margaret Sanger) і Мэры Хэй (Mary Hay) выказаліся наконт таго, што чакае жанчын у будучыні.

Маргарэт Сэнгер лічыла, што рэпрадуктыўны кантроль стане часткай адукацыі жанчын, што прывядзе да большага інтэлектуальнага развіцця і шчасця ў шлюбе. Яна меркавала, што «мядовы месяц» у шлюбе зможа цягнуцца некалькі гадоў, пакуль шлюбныя пары не вырашаць мець дзяцей. А час без дзяцей яны выкарыстаюць, каб добра пазнаць адно аднаго.

Мэры Хэй дадала, што праз сто гадоў жанчына будзе цалкам роўнай мужчыне ва ўсіх аспектах. Яна зможа займацца тым, да чаго найбольш здатная. А сямейныя абавязкі істотна спросцяцца дзякуючы тэхнічным вынаходніцтвам і раўнапраўнаму ўдзелу мужа.

Кожная з апісаных тут ідэй адлюстроўвае не толькі фантазію і мары канкрэтнага чалавека з 1922 ці 1925 года, але і дух таго часу, калі граніцы магчымасцяў здаваліся бязмежнымі.

Каментары7

  • Сто лет спустя
    04.01.2025
    А кто не пьет, тот наверняка подлюка.
  • Нешматлікі дэгенерат
    04.01.2025
    Людзі за 100 гадоў не змяніліся (і не маглі змяніцца). Як пілі, так і п'юць. Як рабілі дзіч, так і робяць.
  • Индеец
    05.01.2025
    Директор антиалкогольной лиги: бухать будет только быдло. Дохтур: человек будет жить вечно. Феминистки: бабы станут мужиками. Рокфеллеры:бла-бла-бла.

Эйсмант: Ніякіх выбачэнняў Лукашэнка Зяленскаму не прыносіў, бо прасіць прабачэння нам няма за што50

Эйсмант: Ніякіх выбачэнняў Лукашэнка Зяленскаму не прыносіў, бо прасіць прабачэння нам няма за што

Усе навіны →
Усе навіны

Брытанская сістэма СПА аказалася зусім дзіравай3

У доме Джэка Нікалсана заўважылі карціну, падобную да «Евы» Суціна. Што за яна?11

Прэм'ер Славакіі пасля паездкі да Пуціна паехаў адпачываць у шыкоўны в'етнамскі гатэль8

У 2024 годзе больш за 5800 беларусаў былі асуджаныя па палітычных адміністрацыйных справах

Знакамітая беларуская пісьменніца расказала, як перастала быць феміністкай36

У Кітаі адзначаецца новая ўспышка рэспіраторнага віруса2

У Запарожскай вобласці ГУР забіла начальніка штаба расійскага батальёна5

Украіна пачала новы наступ у некаторых раёнах Курскай вобласці6

38-гадовага вайсковага лётчыка судзяць за абразу Лукашэнкі7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Эйсмант: Ніякіх выбачэнняў Лукашэнка Зяленскаму не прыносіў, бо прасіць прабачэння нам няма за што50

Эйсмант: Ніякіх выбачэнняў Лукашэнка Зяленскаму не прыносіў, бо прасіць прабачэння нам няма за што

Галоўнае
Усе навіны →