Топ-5 свежых летніх кактэйляў з квасам — ФОТАрэцэпты
Квас — традыцыйны беларускі напой, які спрадвеку быў нязменным складнікам святочных і будзённых застолляў. Амаль у кожнай беларускай сям’і быў свой сакрэт стварэння гэтага напою, што бадзёрыў падчас працы і асвяжаў у спёку.
Сёння мы набываем яго у крамах, у бочках на разліў і пры гэтым ужываем наўпрост, у некранутай кансістэнцыі. Не ўсе ведаюць, што калі дадаць у квас крыху іншых інгрэдыентаў, то можна стварыць найсмачнейшы кактэйль.
Разам з квасам «Хатні» і бармэнам бара «На пляжы» эксперыментуем з формамі ды складнікамі і прапануем вам пяць летніх кактэйляў на аснове квасу. Спадабаюцца як дарослым, так і дзецям — праверана.
У якасці непадкупных дэгустатараў выступяць Валерыя Кулак і яе 5-гадовая дачка Ксюша. Для таго, каб трапіць на нашу квасную вечарыну, сям’я пераадолела няблізкі шлях з Віцебска ў Мінск: Кулакі жывуць там у сваякоў, пакуль дабудоўваецца іх новы дом пад Мінскам.
Рэцэпт № 1: Чорная карова
Вам спатрэбяцца:
- квас «Хатні Цёмны», 250 мл;
- ванільнае марожанае, 50 гр.;
- шакаладны сіроп, 1 ст. л.
Змешваем усе інгрэдыенты ў адной тары. Пры жаданні — дасягаем больш аднароднай кансістэнцыі пры дапамозе блэндара. Разліваем па кубках. Калі душа просіць халадку, дадаём лёду.
Меркаванне дэгустатараў:
— Ого, быццам бы хтосьці квас наліў! — кажа Ксеня. На густ дзяўчынкі, якая любіць салодкае, такі напой кіславаты, але калі дадаць туды больш марожанага, то прыйшоўся б якраз.
— А мне пітво на смак нагадвае нейкі пірог, тыпу шарлоткі. Падагрэць бы і зрабіць яго цёплым — выйдзе выдатны кактэйль на зімовыя святы, — дадае Валерыя.
Рэцэпт № 2: Яблычны
Вам спатрэбяцца:
- квас «Хатні Цёмны», 150 мл;
- яблычны сок, 50 мл;
- карыца;
- мёд на смак.
Змешваем і разліваем па келіхах.
Валерыя кажа, што кактэйль атрымаўся ні чым не горшы за папулярныя алкагольныя напоі. Смачна і без шкоды для арганізма. Ксеня ацаніла спалучэнне любімага ёй яблычнага соку з квасам і паставіла другому кактэйлю тлусты лайк.
Рэцэпт № 3: Квасная сангрыя
Вам спатрэбяцца:
- квас «Хатні спраўны», 250 мл;
- нектарын;
- яблык;
- лімон;
- апельсін;
- мята;
- мёд.
Фрукты наразаем на кавалачкі, дадаём некалькі лісцікаў мяты, мёд на смак. Заліваем усё гэта буянства фарбаў ды пахаў квасам і даём настаяцца прыблізна з гадзіну. Пасля гэтага можна дадаткова астудзіць напой лёдам.
Што думаюць нашы дэгустатары?
— Вельмі свежы, насычаны смак. Сапраўды падобны да лёгкай сангрыі ці да ліманаду. Класна спаталяе смагу.
Рэцэпт № 4: Мятны кактэйль з клубніцамі
Вам спатрэбяцца:
- квас «Хатні Цёмны», 250 мл;
- мята;
- клубніцы;
- лёд.
Наразаем клубніцы на кавалкі. Заліваем іх квасам і дадаём у напой мяту на смак. Гатова!
Маці з дачкой кажуць:
Спалучэнне квасу і мяты дае неверагодны асвяжальны эфект. Клубніцы — адны з любімых ягад Ксеніі, таму гэты кактэйль адразу выйшаў у топ і быў выпіты амаль да дна. Астатнія фанаты клубніцаў таксама ацэняць.
Рэцэпт № 5: Чарнічныя ночы
Вам спатрэбяцца:
- квас «Хатні Цёмны», 200 мл;
- чарніцы (у сезон рэкамендуем замяніць іх на парэчкі, так смак атрымаецца яшчэ больш яркім і насычаным);
- лісты мяты.
Крыху таўчом ягады, каб яны аддалі свой сок. Заліваем іх квасам. Лісты духмянай мяты кладзём на ваш густ.
Слова дэгустатарам:
Ксеня: Кактэйль з чарніцамі для мяне самы смачны. І з клубніцамі яшчэ таксама!
Лера: Мне таксама даспадобы прыйшліся апошнія варыянты. А яшчэ смачным атрымаўся напой з яблычным сокам. Карацей, мая тройка пераможцаў відавочная.
Паспрабуйце і вы паэксперыментаваць! Адчуйце сябе бармэнам і вызначце свайго пераможцу, што стане палачкай-ратавалачкай падчас прыёмаў сяброў. Раскажыце нам пасля ў каментарах, які кактэйль спадабаўся вашай сям’і больш за ўсё.
Партнёрскі матэрыял разам з квасам «Хатні».
Дзякуем бару «На пляжы» за дапамогу ў арганізацыі фотаздымак.
Каментары