Меркаванні4949

Калінкіна звярнулася да Лукашэнкі: Сыдзі прыгожа. І не чапай чужых дзяцей

Святлана Калінкіна

Аляксандру Лукашэнку ў апошні час не дае спакою «жаночае пытанне»: ён ужо не раз вяртаўся да гэтай тэмы, пераконваючы ўсіх, што нікому не ўдасца сутыкнуць яго з жанчынамі-беларускамі. Вазьму на сябе смеласць даць з гэтай нагоды жаночы адказ.

Днямі ў выключна жаночай кампаніі мы абмяркоўвалі сітуацыю, у якой апынуўся Лукашэнка. Абмяркоўвалі не паліталагічна, а жыццёва, калі хочаце — па-бабску. І прыйшлі да высновы, што ёсць у Аляксандра Рыгоравіча вялікая бяда. Не праблема, а менавіта сапраўдная бяда — няма каля яго кахаючай і мудрай жанчыны. Такой, якая б не рэзідэнцыі любіла, не сябе ў рэзідэнцыях, а немаладога чалавека з не самым лепшым характарам, з не самым волатаўскім здароўем. Якая б берагла яго і клапацілася б аб ім не таму, што ён прэзідэнт, а таму, што ён ёсць.

Бо калі б была такая жанчына, яна даўно б сказала: «Саша, хопіць!» Сказала б: «Не дуры, суцішыся, супакойся. Проста падумай. Падумай пра сябе, пра нас, пра дзяцей, пра ўнукаў. Падумай пра тое, дзеля чаго ты рваўся ўсе гэтыя гады. Падумай, якім цябе запомняць, што ты пасля сябе пакінеш».

Сказала б: «Ты зрабіў усё, што мог. Дастаткова. Будзем жыць на пенсіі, вырошчваць капусту, бульбу, кавуны… Будзем ездзіць па свеце. Хочаш — чытай лекцыі, хочаш — пішы мемуары, хочаш — кансультуй і раздавай парады, хочаш — проста займайся ўнукамі і праўнукамі. Радуйся ім, радуйся кожнаму дню. Хопіць ужо ваяваць. Наваяваўся. Хай цяпер маладыя паспрабуюць. А ты жыві, ты проста жыві!»

Сказала б: «Саша, не бойся! Не бойся, што дроў наламаў, што шмат жыццяў папсаваў. Гэта ўлада, так бывае. Але калі сам пойдзеш — ціха, мірна, спакойна — беларусы не зласлівыя, яны даруюць. Дзякаваць табе будуць, маліцца за цябе будуць, таму што не давёў краіну да крыві, не паставіў адных пацаноў супраць іншых пацаноў, сыноў супраць бацькоў і маці, бацькоў супраць дзяцей. Беларусы даруюць табе ўсё, але крыві не даруюць ніколі».

Сказала б: «Сыдзі прыгожа. Сыдзі годна. Сыдзі як першы прэзідэнт. Сыдзі сам. Сыдзі так, каб ты стаў прыкладам, каб цябе паважалі, а не плявалі ў спіну».

А яшчэ сказала б: «Саша, не чапай дзяцей. Нават калі ты кагосьці лічыш сваім ворагам, не чапай яго дзяцей. Таму што ў цябе самога дзеці. Ты пойдзеш, а ім трэба будзе жыць. І ты не зможаш абараняць іх вечна».

Сказала б: «Саша, што ты нарабіў? Толькі падумай, што ты зараз нарабіў?! Навошта пасадзіў Эдзіка Бабарыку? Хлапчука, які мог прафукваць капіталы таты на Канарах і на Маёрках, але замест гэтага па капейцы, з усяго свету, збіраў грошы на лячэнне дзяцей, выданне кніг, закупку сродкаў абароны для медыкаў, на інтэрнаты, на школы і на шмат-шмат усяго добрага. За што ты пасадзіў яго? Ты ж нават саромеешся сказаць, за што яго пасадзіў. І твае людзі саромеюцца, таму ўзялі падпіску пра неразгалошванне ў адвакатаў. Ім сорамна, ім вельмі сорамна.

А калі не сорамна, то яны нелюдзі».

Сказала б: «Навошта ты пасадзіў Бабарыку? Навошта ты пасадзіў Ціханоўскага? Навошта гэтыя сотні затрыманых, навошта гэта паляванне на людзей на вуліцах вялікіх і малых гарадоў, якую ты зладзіў. Навошта табе гэтая ганьба? Ты ж сам кажаш, што беларусы не заслужылі жыць пад бізуном. Але цяпер менавіта ты стаіш з бізуном і змушаеш краіну назад цябе палюбіць. Але не будзе так! Так не бывае! І калі ты не спынішся, то ператворышся ў пачвару».

Сказала б: «Саша, ты бачыў, што сёння кажуць людзі? На гэтых шматлікіх стрымах з пікетаў па зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у прэзідэнты, ты бачыў, што табе кажуць людзі? Ты бачыў, што людзі плачуць — плачуць! — і просяць, каб ты сышоў сам, каб ты сышоў мірна, каб ты не даводзіў краіну да краю і адчаю, да канфліктаў і рэвалюцыі!»

Сказала б: «Саша, падумай, што ты цяпер робіш! Проста падумай, што ты цяпер робіш?»

Калі б побач з Аляксандрам Лукашэнкам была кахаючая і мудрая жанчына, яна б цяпер прасіла, умольвала, угаворвала яго спыніцца і адумацца. Пакуль не позна. Пакуль яшчэ можна. Але, мабыць, такой жанчыны няма. Ці яна ёсць, але нічога для Аляксандра Рыгоравіча не значыць. А хто значыць?.. Дзеці? Унукі? Сяброўкі? Паплечнікі?..

…У Віктара Бабарыкі ў адным з інтэрв'ю спыталі, якое пытанне ён бы задаў Лукашэнку. Бабарыка адказаў імгненна: «Я б спытаў, каго ён любіць? Таму што пра чалавека шмат што можна даведацца па тых, каго ён любіць».

Аляксандр Рыгоравіч, падумайце аб тых, каго любіце. Ёсць жа хтосьці, хто для вас важнейшы за ўладу. Ці не? Ці зусім-зусім нікога няма?..

Святлана Калінкіна

Каментары49

«Нават яго прыхільнікі зразумелі, што жыць як раней ужо не атрымаецца». Беларусы расказалі пра атмасферу ў краіне напярэдадні выбараў8

«Нават яго прыхільнікі зразумелі, што жыць як раней ужо не атрымаецца». Беларусы расказалі пра атмасферу ў краіне напярэдадні выбараў

Усе навіны →
Усе навіны

ГУБАЗіК паправіў пракуратуру18

«Відаць, я добра шыфравалася, што за мной прыйшлі толькі ў 2023 годзе». Мінчанка расказала пра арышт і ўцёкі2

Кур'ер пераканаў 87-гадовую мінчанку не перадаваць грошы на «лячэнне сваячкі»1

У Маскве нацыяналізавалі нерухомасць алігарха з беларускімі каранямі Аляксея Хоціна

Прапагандысты выпадкова паведамілі, колькі плацяць за стварэнне крынджовых стыкераў да Дня народнага адзінства5

Апублікавала рылз пра Караткевіча і выйшла замуж праз восем месяцаў. Гісторыя кахання двух беларусаў3

У ЗША спынілі крымінальны пераслед Трампа па справе штурму Капітолія2

Беларускую спявачку Руслану Панчышыну прызналі ў Іспаніі адкрыццём года2

Генпракуратура расказала пра вялікую справу па дваровых чатах2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Нават яго прыхільнікі зразумелі, што жыць як раней ужо не атрымаецца». Беларусы расказалі пра атмасферу ў краіне напярэдадні выбараў8

«Нават яго прыхільнікі зразумелі, што жыць як раней ужо не атрымаецца». Беларусы расказалі пра атмасферу ў краіне напярэдадні выбараў

Галоўнае
Усе навіны →