Расказваем цікавыя факты пра новага кіраўніка Брэсцкай вобласці Юрыя Шулейку
Новым старшынёй Брэсцкага аблвыканкама стаў 52-гадовы Юрый Шулейка. Анатоль Ліс узначальваў рэгіён апошнія шэсць гадоў.
Пра Юрыю Шулейку вядома не так шмат. Ён ураджэнец мястэчка Казлоўшчына Дзятлаўскага раёна. Вучыўся ў Магілёўскім тэхналагічным універсітэце (1992). Потым стаў працаваць на Гродзенскім мясакамбінаце, дзе з невялікімі паўзамі адпрацаваў да 2005 года.
Потым яшчэ сем гадоў аддаў працы ў сферы мяса — у Лідзе і Гродне. У 2012 спачатку стаў намеснікам старшыні Гродзенскага райвыканкама, а ў 2013 — аблвыканкама. У 2017-м Лукашэнка прызначыў Шулейку памочнікам па Гомельскай вобласці, дзе чыноўнік даслужыў да сённяшняга дня.
«НН» патэлефанавала ў Дзятлаўскі раён, дзе адшукала маму новага старшыні Брэсцкага аблвыканкама Ядзвігу Уладзіміраўну Шулейку, якая расказала нам пра сына.
«Рос у звычайнай сям’і. Бацька Вітольд Баляслававіч працаваў выкладчыкам у мясцовым прафтэхвучылішчы (было добрае вучылішча, але ўжо расфарміравалі), выкладаў правілы дарожнага руху, вучыў карыстацца трактарам, а я была бухгалтарам», — пачынае спадарыня Ядзвіга.
«Юрка хадзіў у школу, звычайным вучнем быў. Я не хачу дужа хваліць, але ён выхаваны быў, бацькоў слухаўся.
Калі падраслі, то пачалі хадзіць на дыскатэку, дык калі бацька скажа, што а 12-й мусіш быць ужо дома, то і прыбягае ў час. Я пытаюся: «Сынок, чаго ты так успацеў?» — «Татка сказаў час, калі мушу прыйсці».
Спакойны, акуратны, ніхто мне на яго не скардзіўся. У нас і карова была, то і на пашу мог зганяць, і сустрэць кароваў, ну звычайны вясковы хлопец. У нас пасёлак невялікі, але сваё вучылішча было, школа, бальніца, перасоўная механізаваная калона (ПМК), рабілі мэблю яшчэ», — дзеліцца ўспамінамі мама чыноўніка.
«Калісьці школьнікам давалі саджаць цукровыя буракі, то Юрка ён заўсёды быў брыгадзірам, налічваў грошы, адзначаў, хто колькі праполіць барознаў. Нават у дзіцячыя гады вылучаўся дысцыплінаванасцю. Нават не ведаю, што ён любіў з прадметаў, можа, рускую мову, бо матэматыку і хімію ён дакладна не любіў. Вучыўся на 4 і 5, але медаля не было».
Бацькі Юрыя Шулейкі паходзяць з аднаго хутара Маськоўцы, яго ўжо не існуе, а ў Казлоўшчыне жывуць больш за 50 гадоў, пабудавалі дом. «Дзіцячая любоў. Калі былі малымі, то ўжо паглядалі адно на аднаго, так і ажаніліся. Хутка ўжо 60 гадоў сумеснага жыцця». Бацькам па 84 гады. «Муж хварэе, можа, і нічога, але ногі не слухаюцца, сасуды».
Ядзвіга Уладзіміраўна расказала кранальную гісторыю, як Юрый Шулейка паехаў паступаць на вайскоўца ў Расію.
«Спачатку яго бацька павёз на Волгу, паступаць у Вышэйшае вайсковае інтэнданцкае вучылішча, нават ужо не помню горад. Але Юра паглядзеў, што там такая жорсткая дысцыпліна, узяўся за дыпламат і кажа бацьку: «Я туды паступаць не буду». З імі ехаў адзін міністр з Мінска, вёз свайго сына. І Юрка плача, што не хоча вучыцца, а міністр кажа: «А мой хай падохне там, але пакіну». Мабыць, сын нягоднікам быў. Юра так і не паслухаў бацьку, не стаў паступаць, колькі не сварыліся. Крычаў, што мамку па паўгода бачыць не будзе — не хачу, не буду».
«Потым ужо яго бацька павёз у Магілёў. Тады ж забіралі з вучобы ў армію, хацелі ў Афган забраць. Але чалавек, які разбіраў дакументы, чамусьці Юрчыныя адклаў убок, так ён у Афганістан і не трапіў. У выніку служыў у Пячах ад пачатку да канца. Я прыехала ў часць да яго, дык так там добра і паўсюль партрэт сына, што на яго раўняцца трэба. Я ў афіцэра пытаюся, як ён сябе паводзіць? А ён мне кажа: «Мамаша, каб усе такія былі сыны, то нам бы ў арміі рабіць не было чаго».
«У Магілёве Юра закахаўся ў дзяўчынку з Гродна. У выніку яго спачатку адправілі на практыку на мясакамбінат у Гродна, а потым — і на працу туды. Дзяўчына хутка нарадзіла сына, адразу села ў дэкрэт. Яму было 21, а ёй — 19. 32 гады разам». Людміла Шулейка працуе намесніцай гендырэктара Гродзенскага мясакамбіната па ідэалогіі. У Гомель з мужам не паехала, бо трэба было, каб нехта даглядаў дом, ды і дзеці ў Гродне.
У Шулейкі сын і дачка. Дачка Дзіяна летась скончыла ўніверсітэт, працуе на мытні. А сын Максім — намеснік дырэктара ў страхавой кампаніі. Сястра старшыні аблвыканкама пайшла шляхамі бацькі, яна інжынер-педагог у ПТВ у Лідзе.
«Гэта пасада вельмі высокая, але і вельмі адказная, а здароўя ў яго вялікага няма. Усе пасады на нервах і нервах. Таблеткі ад ціску папівае, калі праўду сказаць.
Да нас нячаста прыязджае, калі ў Гродне было, то часцей. Цяпер яму хаця б дома пабыць, калі 600 кіламетраў ад Гомеля праедзе», — кажа мама.
Каментары