Ціханоўская: Калі б паставілі ўмову: «Сяргей выходзіць, а астатнія сядзяць» — я б сказала «не»
Святлана Ціханоўская дала інтэрв'ю ўкраінскаму журналісту Дзмітрыю Гардону. Інтэрв'ю запісалі ў Літве, яно працягвалася больш за дзве з паловай гадзіны. Падчас інтэрв'ю Ціханоўская казала пра тое, як і чаму вырашыла балатавацца ў прэзідэнты Беларусі і чым збіраецца займацца пасля новых выбараў, чым скончацца пратэсты ў Беларусі і чаму іх нельга параўноўваць з украінскім Майданам, ці атрымае Аляксандр Лукашэнка гарантыі асабістай бяспекі, чаму сілавікі праяўляюць жорсткасць да мірных дэманстрантаў, а таксама аб адносінах са сваімі паплечніцамі Марыяй Калеснікавай і Веранікай Цапкала, пра тое, як пакінула Беларусь і ці збіраецца вярнуцца, а таксама чаму змяніла меркаванне пра Крым і Данбас. Сабралі для вас асноўныя цытаты, сказаныя палітыкам падчас інтэрв'ю.
Пра пратэсты
«Пратэсты ў Беларусі не стухлі. Памянялася карцінка, памянялася форма пратэстаў, але пратэсны рух, пратэсныя настроі нікуды не сышлі. Зразумела, цяпер, калі людзі выходзяць на вуліцу са сцягамі, з лозунгамі, яны не паспеюць сысці ад АМАПа… Калі дзесьці з'яўляюцца людзі, туды адразу ж накіроўваюцца «касманаўты». І людзі ўсё адно выходзяць, людзі змагаюцца, людзі самаарганізоўваюцца, каб выйсці, але ледзь-ледзь пазней, зноў велізарнай масай і даць зразумець, што мы ўсё яшчэ тут», — сказала Ціханоўская.
Яна адзначыла, што на гэты момант пратэсты ў Беларусі маюць партызанскую форму.
«Цяпер час такой партызаншчыны, калі ты не можаш дзейнічаць адкрыта, таму што гэта проста дарога ў турму. Зразумела, што ні людзі, ні мы гэтага не хочам. Але кропкавыя акцыі [працягваюцца]: павесіў стужачку, наклеіў налепку, уключыў песню, пасігналіў, калі едуць аўтобусы з дэлегатамі так званымі… Гэта іх так раздражняе… Напрыклад, калі павязалі стужачку на дрэве, а туды прыязджае цэлая пажарная машына, каб яе зняць. Або спілоўваюць дрэва, таму што не могуць зняць стужачку…»
Гардон запярэчыў, што ад партызанска-падпольнай барацьбы Аляксандр Лукашэнка не сыдзе.
«Зноў-такі, я пераношуся ва Украіну часоў Майданаў. Калі ў нас было адчуванне несправядлівасці, калі ўлада пачынала збіваць людзей — а тым больш дзяцей, — уставалі ўсе, захоплівалі будынкі дзяржаўнай улады. Калі б так здзекаваліся з украінцаў, як здзекаваліся з беларусаў, у нас бы стралялі з усіх дахаў і з усіх вокнаў. Ніхто не мірыўся б з гэтым. Вы разумееце, што Лукашэнка ад партызанскіх метадаў не падасць у адстаўку?» — спытаў журналіст.
«Але ён і не будзе ўмацоўвацца далей. Ён умацоўваецца ў сваіх вачах праз гэты незразумелы Усебеларускі народны сход… Але гэта смешна. Ужо не вернецца да беларусаў паняцце, што Лукашэнка — моцны», — сказала Ціханоўская.
На яе думку, вясной у Беларусі пратэсты адновяцца з новай сілай.
«Думаю, што так [адновяцца]. Трэба аказваць ціск з усіх бакоў. Унутры краіны даводзіць іх да шаленства дробнымі праявамі пратэсту. Трэба аказваць і знешні ціск, і якія-небудзь расследаванні на міжнародным узроўні праводзіць, каб даць ім зразумець, што ніхто не застанецца беспакараным».
Яна выказала меркаванне, што Лукашэнку ўдаецца ўтрымліваць уладу толькі дзякуючы гвалту.
«Ён гуляе на страху людзей. Ён даў магчымасць біць беларусаў, не маючы на тое ніякіх падстаў. Вось яго падтрымка. Але яна вельмі моцна хістаецца», — сказала Ціханоўская.
Пра страхі
Гардон спытаў, ці не страшна Ціханоўскай публічна, у тым ліку з высокіх міжнародных трыбун, крытыкаваць рэжым Аляксандра Лукашэнкі, ведаючы, што яе муж «фактычна з'яўляецца закладнікам у руках кіраўніцтва Беларусі».
«Страшна. Але яшчэ страшней не казаць тое, што я кажу. Таму што ў краіне цяпер тысячы зняволеных. Разумееце, на цяперашні момант я не магу кіравацца толькі думкамі пра Сяргея. Ён вельмі важны для маіх дзяцей, ён вельмі важны для мяне, ён — самы блізкі чалавек. Але такіх Сяргееў шмат. Я не магу думаць пра аднаго чалавека — я адразу думаю пра ўсіх», — сказала Ціханоўская.
Яна адзначыла, што вымушаная гаварыць, каб данесці інфармацыю, што ў Беларусі гвалцяць, збіваюць і зневажаюць людзей.
Гардон сказаў, што лічыць Ціханоўскую моцнай жанчынай, «таму што толькі моцная жанчына можа сказаць, што «такіх Сяргееў шмат па ўсёй краіне».
«Ну а як? Што, людзі думаюць, што я на цяперашні момант толькі пра Сяргея думаю? Ні ў якім разе. І калі б, напрыклад, паставілі ўмову: «Сяргей выходзіць, а астатнія сядзяць» — [я б сказала] «не». Ён бы і сам не пагадзіўся. І я б на такое не пагадзілася… Мяне так выхоўвалі. І гэта не той выпадак. Нягледзячы на велізарнае каханне да мужа, я не магу аддзяліць Сяргея ад усіх астатніх. Яны таксама невінаватыя, як і Сяргей. Сяргей — роўна ўсе астатнія палітвязні. Альбо ўсе, альбо ніхто», — сказала Ціханоўская.
Яна распавяла, што цяпер яе муж знаходзіцца ў СІЗА горада Жодзіна.
«Ён сядзіць у адзіночнай камеры ўжо некалькі месяцаў. У якіх умовах? У турэмных. У нас вельмі несалодка ў турмах. Я вельмі спадзяюся, што ён не падвяргаецца там ніякаму ўздзеянню», — сказала Святлана Ціханоўская.
Яна адзначыла, што падобныя сігналы былі, калі ён знаходзіўся ў СІЗА ў Мінску.
«Ён быў некалькі разоў у карцары за нейкія вельмі дзіўныя сітуацыі… Павуціну не прыбраў ці яшчэ нешта. То-бок псіхалагічна ціснулі на яго… Цяпер, я спадзяюся, гэтага няма. Магчыма, ён мяне аберагае. Магчыма, не кажа. Але я спадзяюся, што гэтага няма», — адзначыла яна.
Ціханоўская ўдакладніла, што не ведае, ці збівалі яго пасля затрымання і арышту.
Яна паведаміла, што апошні раз размаўляла з мужам па тэлефоне ў кастрычніку 2020 года — пасля сустрэчы ў СІЗА Аляксандра Лукашэнкі з арыштаванымі апазіцыянерамі.
«Ён мне патэлефанаваў, і я разумела, што ён не адзін. Я так разумею, што ён мог казаць толькі пра сям'ю, пра дзяцей — пра нешта такое. Але я яму сказала: «Сяргей, мы не здаёмся, мы змагаемся», я магла казаць усё, што хацела. Распавяла пра дзяцей — што ўспамінаюць тату, вядома, вельмі чакаюць яго», — распавяла Ціханоўская.
Яна сказала, што яе муж вельмі моцны чалавек, з перакананнямі, якім ён ніколі не здрадзіць.
Пра Крым і Данбас
«Данбас і Крым для мяне — гэта Украіна. Яшчэ нядаўна гаварылася фраза «дэ-юрэ», «дэ-факта»… Але мы цяпер разумеем, што па законе ў нас прэзідэнт прайграў, але фактычна ён трымае ўладу… Напэўна, сітуацыя стала больш зразумелай. І ўжо не трэба лавіраваць», — сказала Ціханоўская.
Каментары