Спорт

Няўдалы бізнэсмен і трэнер зборнай. Чым займаюцца цяпер былыя беларускія зоркі зімовых Алімпіядаў

Пекінская алімпіяда ў разгары, і беларусы ўжо адзначыліся першым медалём — срэбра ўзяў біятланіст Антон Смольскі. А як жывуць ранейшыя беларускія медалісты зімовых Гульняў? Дзе цяпер тыя, за кім мы ў свой час сачылі і, напэўна, ганарыліся? Расказваем.

Святлана Парамыгіна

Фота pressball.by.

Біятланістка Святлана Парамыгіна прынесла Беларусі адзін з першых алімпійскіх медалёў у гісторыі краіны. Падчас Гульняў-1994 у Лілехамеры ўраджэнка Екацерынбурга прыйшла другой у спрынце на 7,5 кіламетра.

Парамыгіна скончыла кар'еру ў 2001 годзе, калі ёй было 36 гадоў. Экс-біятланістка пайшла ў спартовую журналістыку — працавала ў газеце «Прэсбол» і каментатарам на тэлебачанні. А ў 2010-х пайшла ў спартовыя чыноўніцы — узначаліла Беларускі саюз канькабежцаў.

Пра яе каментатарства ёсць неадназначныя водгукі, але ж Святлану лічаць цудоўнай спартовай журналісткай-расследавальніцай. Таксама некалькі год таму яна была рэдактаркай праекта cardio.today. 

Але апошнія гады пра яе нічога не чуваць. Цяпер Святлане Парамыгінай 56. Яна не выходзіць на сувязь з былымі калегамі і не адказвае на паведамленні ў мэсэнджарах. Дзе цяпер былая тытулаваная спартсменка і чым займаецца, невядома. 

Дзмітрый Дашчынскі

Фота teenage.by.

Можа здавацца, што хакей — галоўны для нашай краіны зімовы від спорту. Але ж на зімовых Алімпіядах большасць медалёў беларусам прыносяць іншыя віды, фрыстайл і біятлон.

Дзмітрый Дашчынскі — першая яркая зорка беларускага фрыстайла. Ён ўдзельнік пяці Алімпіяд, а з дзвюх з іх прыводзіў дахаты медалі (бронза ў Нагана-98 і срэбра ў Турыне-06).

На апошняй для сябе Алімпіядзе ў Сочы Дашчынскі заняў восьмае месца, пасля чаго вырашыў скончыць кар'еру. Але ж доўга без працы фрыстайліст не сядзеў і хутка стаў трэнерам беларускай зборнай па гэтым відзе спорту.

Фота: акаўнт Дзмітрыя Дашчынскага ў Instagram

Спачатку Дашчынскі займаўся рэзервам зборнай (юніёрамі і моладдзю), але пазней пачаў дапамагаць галоўнаму трэнеру.

Цяпер, падчас Гульняў у Пекіне, 44-гадовы Дашчынскі разам з іншым спецыялістам Міхаілам Курловічам адказвае за трэніровачны працэс алімпійцаў. 

Справа ў тым, што праз палітычны ціск беларускія фрыстайлісты засталіся без галоўнага трэнера нацыяналкі.

Зорнага Мікалая Казеку, што быў са зборнай з Алімпіяды-98 у Нагана (першы медаль Дашчынскага), адхілілі ад працы з камандай пасля таго, як той падпісаў адкрыты ліст спартоўцаў за сумленныя выбары.

Аляксей Грышын

Фота БЕЛТА.

Як і Дашчынскі, гэты фрыстайліст удзельнічаў у пяці Алімпіядах. Яго бронза ў Солт-Лэйк-Сіці ў 2002 аказалася адзіным беларускім медалём на тых гульнях. Праз восем год у Ванкуверы Грышын дацягнуўся да золата. Між іншым, першага ў гісторыі беларускага ўдзелу ў зімовых Алімпіядах.

Пасля Гульняў у Сочы ў 2014-м Грышын вырашыў сысці са спорту. Але не пайшоў у трэнерства, а выбраў для сябе зусім іншы шлях — бізнэс. 

Па словах Аляксея, кампанію «АлімпікГолд» ён адкрыў яшчэ ў 2010-м годзе пасля гульняў у Ванкуверы. Спачатку яна займалася сувенірнай прадукцыяй. Аднак не пайшло.

Потым ён змяніў сферу і стаў займацца будаўніцтвам. Але і тут сутыкнуўся з праблемамі. У кампаніі Грышына былі вялікія цяжкасці з узвядзеннем шматпавярховіка ў «Лебядзіным», у дадатак хапала іскаў ад кампаній, што ўкладваліся ў будаўніцтва дома. Агульныя патрабаванні крэдытораў перавышалі 20 мільёнаў рублёў у эквіваленце.

Таму ў 2018 годзе суд пачаў конкурсную вытворчасць у дачыненні да «АлімпікГолд». Па стане на бягучы год кампанія была ў спісе тых, што знаходзяцца ў працэдуры банкруцтва. Чым далей будзе займацца 42-гадовы Грышын, пакуль невядома.

Цікава, што медыя пра фрыстайліста ўспомнілі ў 2018 годзе, калі той балаціраваўся ў дэпутаты Мінгарсавета. У той час журналісты датэлефанаваліся да Грышына, каб пачуць, чаму ён ідзе на такую важную пасаду. Але ў адказ пачулі дзіўнае: «Якая вам розніца, чаму я іду ў дэпутаты?»

У 2019 годзе Грышын зноў з'явіўся ў СМІ. Ён вырашыў прадаць свае алімпійскія медалі на аўкцыёне, каб выручыць грошы на аперацыю для блізкага чалавека.

Ала Цупер

Фота БЕЛТА.

Адна з самых вядомых беларускіх фрыстайлістак, чэмпіёнка Алімпіяды-2014 у Сочы. Упершыню на Гульні Цупер, на той час украінская спартсменка, прыехала яшчэ ў 1998 годзе. Пазней перайшла ў беларускую зборную, за якую выступіла яшчэ на пяці Алімпіядах.

Цупер збіралася і на Гульні ў Пекіне, але ж не дазволіла здароўе. У 2021 годзе яна перанесла аперацыю на ахілавым сухажыллі і не здолела аднавіцца дастаткова хутка.

Між іншым, фрыстайлістка дагэтуль паказвала добрыя вынікі. Напрыклад, у студзені 2021 года Цупер узяла срэбра аднаго з этапаў Кубка свету па фрыстайле.

Фота: акаўнт Алы Цупер у Instagram.

Чым яшчэ займаецца 42-гадовая спартсменка? Як кажа сама Цупер, у першую чаргу яна мама — у чэмпіёнкі двое дзяцей. Гэта адна з прычын, што матывавалі спартсменку ўдзельнічаць у стварэнні дзіцячага спартыўнага цэнтра «Трычатыры». Там іх вучаць перш за ўсё розным відам гімнастыкі — і, канечне, фрыстайлу.

Нельга не згадаць яшчэ адзін факт. Алла Цупер, як і іншыя члены зборнай па фрыстайле, падпісала ў 2020 годзе ліст да беларускага міністра спорту ў падтрымку трэнера Мікалая Казекі, адхіленага ад працы з камандай за сваю грамадзянскую пазіцыю.

Ганна Гуськова

Фота pressball.by.

Уладальніца золата ў Пхёнчхане-2018 Ганна Гуськова цяпер зноў на Гульнях. 

Букмекеры спадзяюцца на яе больш, чым на астатніх беларускіх фрыстайлістак: 29-гадовай Гуськовай прарочаць шостае месца, а каэфіцыент на яе золата — 13.

Фота: акаўнт Ганны Гуськовай у Instagram.

Наступны сезон пасля Пхёнчхана Ганна прапусціла — аднаўлялася ад траўмы калена. У лютым 2020 года, на апошнім перад пандэміяй этапе Кубка свету па фрыстайле, Гуськова ўзяла золата і адзначыла гэткім чынам сваё вяртанне ў спорт.

Адметна, што Гуськова не хавае сваю грамадзянскую пазіцыю. Летам 2020 года дзяўчына падпісала адкрыты ліст беларускіх спартоўцаў за сумленныя выбары.

А трохі пазней, калі пад ціск трапіў трэнер Мікалай Казека, паставіла подпіс і пад лістом у яго падтрымку.

Дар'я Домрачава

Гэтае і наступнае фота: акаўнт Дар'і Домрачавай у Instagram.

Той чалавек, без якога не ўявіць сабе гэты спіс. У яе багажы бронза Ванкувера-2010, тры золаты Сочы-2014, золата Пхёнчхана-2018 (у складзе жаночай эстафеты). Фанаты называлі яе «наша Даша», а Лукашэнка ўручыў тытул Герой Беларусі.

У 2018 годзе Домрачава абвясціла пра завяршэнне спартовай кар'еры. Да гэтага яна выйшла замуж за сусветна вядомага нарвежскага біятланіста Уле-Эйнара Б'ёрндалена і нарадзіла дачку Ксенію. Год чэмпіёнка адпачывала і займалася выхаваннем дзіцяці, а ў верасні 2019-га нарэшце пайшла на новую працу.

Домрачава пачала трэніраваць жаночую зборную Кітая па біятлоне, а яе муж узначаліў аналагічную мужчынскую каманду. 

Летам 2020 года ад Домрачавай, як ад Героя Беларусі, шмат хто чакаў нейкай рэакцыі на падзеі ў краіне. У жніўні таго года біятланістка апублікавала ў Instagram заклік «да ўсіх, ад каго гэта залежыць», з просьбай спыніць гвалт, але ж не ўдакладніла, да каго канкрэтна гэты заклік.

Праз пару месяцаў, у кастрычніку, брата спартсменкі Мікіту Домрачава затрымалі і збілі беларускія сілавікі. Тады Дар'я зноў звярнулася ў сацсетках да тэмы гвалту, але ж зноў не сказала пра тое, хто ж канкрэтна ў Беларусі карыстаецца такім сродкам вырашэння праблем.

Напярэдадні Алімпіяды ў Пекіне Дар’я шмат выказвалася ў медыя аб працы ў Кітаі. Напэўна, лепей за ўсё яе ўражанні падсумоўваюць такія словы: «Алімпійскі медаль — мэта, якой вельмі цяжка дасягнуць, але мы будзем працягваць за яе змагацца». 

Тым не менш, пакуль кітайскі біятлон не радуе алімпійскімі вынікамі. На змяшанай эстафеце ў Пекіне зборная Паднябеснай заняла 15-е месца. У індывідуальнай гонцы найлепшы жаночы вынік — 35-е месца, самы высокі мужчынскі вынік — 39-е месца (найлепшы вынік біятланіста Яна Сін’Юаня ў кар’еры).

Надзея Скардзіна

Фота noc.by.

Надзея Скардзіна прынесла Беларусі два алімпійскія медалі — бронзу Сочы-2014 і золата Пхёнчхана-2018 (у складзе жаночай эстафеты).

Пасля чэмпіёнскай для сябе Алімпіяды ў Карэі Скардзіна, як і Домрачава, скончыла прафесійную кар'еру ў біятлоне.

У жніўні 2019 года Надзея выйшла замуж за швейцарскага біятланіста Марціна Егера. А ў лістападзе таго ж года нарадзіла сына Данііла.

Пасля гэтага сям'я пераехала на радзіму Егера, у швейцарскую вёску Феціс.

Фота: акаўнт Надзеі Скардзіна ў Instagram.

Спартсменка родам з Расіі, але ж называе сябе беларускай. У 2020 годзе Надзея Скардзіна стала тысячнай падпісанткай ліста спартоўцаў за сумленныя выбары.

Пасля выбараў-2020 Скардзіна выказвалася ў падтрымку беларускіх пратэстаў: «Для мяне відавочна, што нашы людзі не жадаюць гвалту. Яны выходзяць выключна на мірныя пратэсты — пра гэта кажуць мае знаёмыя і сябры. Людзі проста патрабуюць справядлівасці. Яны не робяць нічога дрэннага, яны проста выходзяць на вуліцу — а супраць іх АМАП і вайскоўцы».

Мяркуючы па сацсетках, Надзея таксама не забывае пра спорт. Яна час ад часу ўдзельнічае ў аматарскіх лыжных гонках.

Фота: акаўнт Надзеі Скардзіна ў Instagram.

Чытайце яшчэ: 

Падпісаў ліст за Лукашэнку і трапіў у складаную гісторыю кахання. Што вядома пра першага беларускага медаліста Пекіна 

Гонар за фрыстайл і біятлон ды гульні пад БЧБ. Як раней Беларусь выступала на зімовых Алімпіядах і чаго чакаць цяпер?

Каментары

У Беларускай праваслаўнай царкве абнавілі цэннік? Вось якія будуць рэкамендаваныя тарыфы7

У Беларускай праваслаўнай царкве абнавілі цэннік? Вось якія будуць рэкамендаваныя тарыфы

Усе навіны →
Усе навіны

Папярэджанне пра пагаршэнне ўмоваў надвор'я на дарогах краіны1

Чэргі з легкавікоў на польскай мяжы зніклі

Расійская армія ажыццяўляе самае хуткае прасоўванне ва Украіне з 2022 года1

Улады хваляцца, што ў Беларусь па бязвізе прыехаў мільён еўрапейцаў. Няўжо праўда?5

Гендырэктара TikTok выклікалі ў Еўрапарламент пасля выбараў у Румыніі8

Рэстаўрацыі ў Беларусі засталося на тры дні. Галоўнаму прадпрыемству краіны фактычна падпісалі смяротны прысуд6

Як Лукашэнка кульгаў, выходзячы з самалёта ў Пакістане ВІДЭА13

Тэлевядучая Святлана Бароўская расказала пра новага мужа — загадкавага расійскага бізнэсмена14

У Беластоку выклікалі «на паядынак» і збілі да страты прытомнасці 16-гадовага беларуса5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Беларускай праваслаўнай царкве абнавілі цэннік? Вось якія будуць рэкамендаваныя тарыфы7

У Беларускай праваслаўнай царкве абнавілі цэннік? Вось якія будуць рэкамендаваныя тарыфы

Галоўнае
Усе навіны →