Электрагітара Rickenbacker, якая належала аднаму з заснавальнікаў легендарнай брытанскай групы The Beatles Джону Ленану, прададзеная на аўкцыёне Julien's Auctions за 910 тысяч даляраў.
Як адзначаецца ў паведамленні амерыканскага аўкцыённага дома, Ленан упершыню граў на гэтай гітары на калядных канцэртах 1964 года, а ў 1968 годзе падарыў яе іншаму ўдзельніку групы, бубначу Рынга Стару.
Усяго на таргах было прадстаўлена каля 800 прадметаў, якія належаць сям'і Рынга Стара і яго жонкі Барбары Бах.
У прыватнасці, ударная ўстаноўка Ludwig Oyster, на якой граў Стар, пайшла з малатка за 2,2 млн даляраў.
У траўні гэтага года на аўкцыёне ў ЗША была прададзеная гітара, на якой граў іншы ўдзельнік The Beatles, Джордж Харысан. Пакупнік заплаціў за інструмент крыху менш за паўмільёна даляраў.
Каментары