У 1942 годзе ў Магілёве здарылася буйная тэхнагенная аварыя. Гісторык падрыхтаваў пра яе кнігу
10 красавіка 1942 года на Магілёў абрынулася буйная паводка. Гісторык Аляксей Бацюкоў лічыць яе самай буйной тэхнагеннай катастрофай на тэрыторыі Беларусі і плануе выпуск фотаальбома-даследавання пра тыя падзеі. «Будзьма» пагутарыла з аўтарам пра кнігу, пра тое, чаму здарылася паводка і які след яна пакінула ў афіцыйных дакументах і ўспамінах магілёўцаў.
— Чаму менавіта пра гэту частку гісторыі Магілёва Вы рыхтуеце кнігу?
— Давід Алег Лісоўскі, магілёвец, які цяпер жыве ў Германіі, сабраў грандыёзную калекцыю фотаздымкаў гэтай падзеі, а я знайшоў матэрыялы пра яе ў Магілёўскім абласным дзяржаўным архіве. Вырашылі скласці гэта ўсё разам. 10—15 год таму былі вядомыя толькі два фота магілёўскай паводкі. Яны захоўваліся ў Магілёўскім абласным краязнаўчым музеі. Потым аказалася, што такія выявы даволі часта сустракаюцца на нямецкіх аўкцыёнах, бо гэта падзея была грандыёзнай для людзей, якія тады былі ў Магілёве, і яны яе фіксавалі.
Ледзь не кожны нямецкі салдат меў пры сабе фотаапарат. Многія з іх, прадчуваючы катастрофу, рабілі здымкі чыгуначнага насыпу, які вось-вось абрынецца. Давід Алег Лісоўскі выкупляе фотаздымкі Магілёва часоў Першай і Другой сусветных войнаў на нямецкіх аўкцыёнах. Канкрэтна пра паводку ў яго ўжо амаль 90 выяў. У кнігу ўвойдуць таксама ўжо згаданыя фота з магілёўскага музея і здымак з прыватнай калекцыі (сямейнага фотаальбома).
— Чаму нямецкія салдаты і ў Першую, і ў Другую сусветную вайну, едучы ваяваць, бралі з сабой фотаапараты?
— Паездку на вайну яны ўспрымалі як вялікую-вялікую прыгоду. Для іх гэта была такая авантура, падчас якой яны хацелі сфатаграфаваць сябе і сваё навакольнае асяроддзе на памяць. Гэта ў іх была цалкам асэнсаваная, турыстычная мэта — пабачыць новыя мясціны і зафіксаваць.
— Што, уласна, адбылося ў Магілёве 10 красавіка 1942 г., адкуль паводка?
— Калі Чырвоная армія адступала, яна падрывала інфраструктуру, якой маглі карыстацца потым нямецкія вайскоўцы. У тым ліку знішчылі чыгуначны мост праз раку Дубравенку і хацелі падарваць чыгуначны насып (у той час у кірунку на Асіповічы і Мінск функцыянавала дзве чыгуначныя лініі: па мосце і па насыпе, які зрабілі пасярод ракі, пусціўшы ваду праз яго ў трубу).
Мост разбурылі, а насып разбурыць не змаглі нават пры дапамозе трох выбухаў. Ён проста прасеў і спыніў раку, якая праз яго цякла. Гэта адбылося ў ліпені 1941 года. Ужо да канца года магілёўскія гарадскія чыноўнікі сталі біць трывогу, што збіраецца вада, і калі будзе паводка, то яна можа знесці і насып, і дамы далей уздоўж плыні Дубравенкі. А чыгуначны насып знаходзіўся ў тым жа месцы, што і сёння, недалёка ад гасцініцы «Магілёў».
Дубравенка і стары чыгуначны мост. Лета 1941 года. З калекцыі Алега Давіда Лісоўскага
Дубравенка — невялікая рэчка, каля 15 км даўжыні, але даволі агрэсіўная падчас паводкі. Нават у наш час яна, бывае, бурліць, затоплівае гароды. Дубравенка хутка скідае воды, але гэта бывае даволі відовішчна. Магілёўцы баяліся паводкі, возера, што пачало збірацца перад насыпам. Спрабавалі прабурыць штольню ў масіве насыпа, каб спусціць ваду. Бурылі каля трох месяцаў, пад канец нават круглыя суткі, у тры змены.
Магілёўскім інжынерам дапамагала нямецкая арганізацыя «Тодта», якая дзейнічала пры арміі. Штольню пракладалі вельмі пісьменна, ставячы спецыяльныя апоры праз кожны метр. Ледзь дабраліся да цэнтра насыпу — і ўсё застапарылася. Выкарыстоўвалі металічны ліст, каб праганяць штольню. Вялікая маса мокрай зямлі проста заціснула інвентар працаўнікоў.
Дубравенка ніжэй за новы насып. Сакавік 1942 года. З калекцыі Алега Давіда Лісоўскага
Калі стала зразумела, што прабурыць штольню не атрымаецца, сталі думаць пра іншыя шляхі вырашэння праблемы. Але немцы ўвесь час выкарыстоўвалі чыгунку на насыпе і забаранілі там праводзіць якія-кольвек работы. Потым яны ўзнавілі мост побач з насыпам і сталі ўжо самі займацца спускам вады. Верагодна, немцы сталі падрываць насып. Ёсць яго здымак з аграмаднай варонкай. Верагодна, калі б яны яго не чапалі, то, можа, нічога і не адбылося б. Можа, яшчэ і два, і тры гады б гэтае возера збіралася і збіралася. Але яны настолькі моцна знішчылі насып, што ў нейкі момант рэчка паплыла.
— Ці моцныя былі знішчэнні?
— У Магілёўскім абласным дзяржаўным архіве я знайшоў спісы людзей, якія пісалі заявы, што яны пацярпелі ад паводкі. Па сярэдніх значэннях я падлічыў, колькі магла быць агульная колькасць пацярпелых і загінулых. Па адной групе дамоў падлічана дакладна, колькі там жыло людзей перад паводкай і пасля. Ведаючы, колькі дамоў было ў пойме Дубравенкі ў той час, я экстрапаляваў на ўсю групу падлічанае значэнне страт, і атрымалася, што загінула троху больш за сто чалавек.
Гэта даволі малая лічба, бо ў газеце, якую выдавалі акупацыйныя нямецкія ўлады, пісалі пра дзве-тры тысячы пацярпелых ад паводкі. Нямецкі даследчык Герлах падлічыў агульную колькасць ахвяр, якія загінулі на тэрыторыі Беларусі падчас нямецкай агрэсіі. Па Магілёве ён называе лічбу каля 500 ахвяр паводкі. Я лічу, гэта рэалістычная колькасць: троху больш за сто чалавек — гэта з тых, што жылі ў пойме Дубравенкі, і яшчэ тыя, хто апынуўся на шляху вады выпадкова. Вядома, напрыклад, што змыла лазню, у якой мыліся людзі. На кірмаш нехта прыйшоў. Завод там быў з ваеннапалоннымі.
З калекцыі Алега Давіда Лісоўскага
— Як магілёўцы ўзгадваюць тыя падзеі?
— Людзі чакалі паводкі, ледзь не кожны момант азіраліся, ці не ідзе вада. Але чамусьці сцераглі толькі ўначы. Настрой быў адначасова апакаліптычны і панічны. Думалі, што немцы спецыяльна ўзарвуць насып уначы, каб пазнішчаць людзей і каб сцерці сляды ліквідацыі гета. Дамы ў даліне Дубравенкі, якія затапіла, да вайны належалі габрэям. Потым іх сагналі ў гета, а дамы прадалі. Новых гаспадароў прымусілі застрахаваць маёмасць. Дакументы пра выплаты страховак пацярпелым ад паводкі — каштоўная крыніца па яе гісторыі.
Мы ведаем, што нямецкія ўлады абвяшчалі і праз радыё, і ў газетах, што трэба перасяліцца з поймы Дубравенкі, бо існуе рызыка паводкі. Аднак ніхто не перасяляўся. Можа быць, не прынялі гэтыя заклікі сур’ёзна, ці лічылі, што паспеюць уратавацца. І вось удзень 10 красавіка 1942 года адбылася гэтая катастрофа: грукат, трэск, паляцеў насып, вада знесла каля 115 дамоў. Яшчэ шмат дамоў затапіла. Возера было са льдом, да таго ж крыгі былі да метра таўшчынёй, такія кубы лёду. Яны разбівалі дамы, раструшчылі лазню. Мясцовы жыхар распавядаў, што пабачыў балкон з чыгуначных рэек на адным з дамоў, і гэты балкон, як ён казаў, «быў пакручаны як жыдоўскія пейсы» — такімі моцнымі былі ўдары гэтых крыг, што зміналі нават жалезныя канструкцыі. Літаральна праз дваццаць хвілін вада прайшла.
Дубравенка каля вуліцы Пляханава. 10 красавіка 1942 года. З калекцыі Алега Давіда Лісоўскага
Адна жанчына занатавала свае ўспаміны. Яна ўзгадвае, што была маленькай дзяўчынкай, прыбегла дахаты сказаць маці, што ідзе вада. Яны літаральна выйшлі з дому, зрабілі некалькі крокаў на гару — і іх жытло знесла вадой.
Вялікая частка людзей, якія цяпер жывуць уздоўж Дубравенкі — нашчадкі пацярпелых ад паводкі. Калі я вадзіў там экскурсіі, жыхары далучаліся і расказвалі свае сямейныя гісторыі.
Дубравенка перад упадзеннем у Дняпро. Пасля патопу. З калекцыі Алега Давіда Лісоўскага
Дубравенка ўпадае ў Дняпро. Пасля патопу. З калекцыі Алега Давіда Лісоўскага
— Раскажыце, калі ласка, уласна пра друк кніжкі.
— У кнізе будуць здымкі, спіс сем’яў, што пацярпелі ад паводкі, успаміны відавочцаў. Выданне стала магчымым дзякуючы цудоўным беларускім культурніцкім ініцыятывам, якія сваёй руплівай дзейнасцю паказваюць, што мастацтва — гэта моц. Выдавец Андрэй Янушкевіч спадзяецца, што кніга выйдзе да канца лістапада. Плануем зрабіць яе па даволі дэмакратычным, дасяжным кошце.
— Якая мэтавая аўдыторыя выдання?
— У першую чаргу, нашчадкі тых, хто пацярпеў ад паводкі. Потым — аматары гісторыі Магілёва. Да таго ж гэта проста вельмі значная гістарычная падзея, пра якую варта ведаць: самая буйная па маштабах наступстваў, ахвяраў, тэхнагенная катастрофа, што здарылася на тэрыторыі Беларусі (Чарнобыльская атамная станцыя знаходзіцца на тэрыторыі Украіны, хоць наступствы і адбіліся на нашай Радзіме). І зараз адбываюцца катастрофы, механіка якіх падобная, напрыклад, сёлетнія вясновыя паводкі ў Польшчы і Расіі.
«Ніякага апавяшчэння не было». Беларусы расказалі, як перажылі найбуйнейшую за паўстагоддзя паводку ў Іспаніі
Моцныя дажджы выклікалі патоп у пустыні Сахара
«Людзі рынуліся ў крамы па ваду, у выніку быў часовы яе дэфіцыт». Беларусы расказваюць пра тое, як польскія ўлады змагаюцца з паводкай
«Няма ніякай надзеі, што дождж спыніцца». Цэнтральная Еўропа пайшла пад ваду
Каментары