Пяць фактаў пра доктара Валерыя Малашку, які нечакана стаў міністрам аховы здароўя
Аляксандр Лукашэнка 27 студзеня прызначыў Валерыя Малашку міністрам аховы здароўя. Да гэтага Малашка крыху больш за месяц адпрацаваў міністрам працы і сацыяльнай абароны, а яшчэ раней быў намеснікам старшыні Магілёўскага аблвыканкама. Пасада міністра была вакантнай пасля таго як Васіля Жарко павысілі ў віцэ-прэм'еры.
Родам з Краснаполля, а не Гродна
Валерый Малашка нарадзіўся ў 1966 годзе ў Гродне. Але няхай гэты факт не ўводзіць у зман, каранямі ён паходзіць з Магілёўшчыны. Справа ў тым, што Гродзенскім медыцынскім інстытуце вучылася мама Валерыя Эмілія Аляксандраўна Малашка. Яна акурат і скончыла ВНУ ў год нараджэння сына. Пасля паехала працаваць у родныя мясціны ў Краснаполле, працавала там педыятрам. Менавіта ў Краснаполлі пачынаў хадзіць у школу спадар Малашка, пазней пераехалі ў Магілёў. Сям’я Малашкаў падчас нацысцкай акупацыі была ў эвакуацыі ў Іркуцку, вярталіся ўжо пасля вызвалення.
Мама Эмілія Аляксандраўна расказала «НН», што праблем з сынам у яе ў дзяцінстве не было.
«Лёгкі ён быў у выхаванні, уважлівы, дабрадушны», — кажа спадарыня Эмілія.
У новага міністра ёсць яшчэ сястра.
Чатыры пакаленні дактароў
Эмілія Аляксандраўна Малашка зрабіла сабе выдатную медыцынскую кар’еру. Спачатку яна была простым доктарам-пульманолагам у паліклініцы №3 Магілёва. Потым стала загадчыцай пульманалагічнага аддзялення абласной дзіцячай бальніцы Магілёва. Ад 1986 да 1998 была галоўным педыятрам вобласці. А апошнія гады перад пенсіяй узначальвала «Магілёўскую дзяржаўную спецшколу закрытага тыпу».
Сын пайшоў па шляхах маці. Ён скончыў Мінскі дзяржаўны медыцынскі інстытут па спецыяльнасці педыятрыя.
«Што паспрыяла паступленню? Медыцынскае асяроддзе, любоў да ўсяго жывога. У школе захапляўся біялогіяй. Дактароў ўспрымаў як добрых чараўнікоў. Прысвяцілі сваё жыццё ахове здароўя абедзве мае бабулі і мама, якая працавала лекарам-педыятрам», — казаў Валерый Малашка.
Ён зарэкамендаваў сябе як выдатны доктар. Ужо ў 29 гадоў стаў начмедам абласной дзіцячай бальніцы, у 33 — галоўным доктарам. Адным з першых увёў у Беларусі аддзяленне медрэабілітацыі для дзяцей да года.
Адметна, што дактарамі працуюць і адзіны сын Валерыя Малашкі Антон разам са сваёй жонкай.
«У нас у сям’і дзевяцёра дактароў», — з гонарам кажа Эмілія Аляксандраўна.
Што кажуць пра Малашку магілёўцы?
«Прафесіянал, будзем плённа з ім супрацоўнічаць», — вельмі лаканічна каментуе гісторык, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк.
У Магілёўскім аблвыканкаме пасаду намесніка старшыні Валерый Малашка займаў ад студзеня 2009 года. Ён там адказваў за пытанні сацыяльна-культурнай сферы, аховы здароўя, спорту, адукацыі.
Дырэктар Музею гісторыі Магілёва Аляксей Бацюкоў некалькі разоў сутыкаўся з чыноўнікам. «Самыя станоўчыя эмоцыі. Далікатны, выхаваны, чулы да праблем. Ніякіх канфліктных сітуацый не ўзнікала. З вялікай ахвотай адгукаўся на нейкія нашы пытанні. Хаця любімым у яго быў этнаграфічны музей, а не наш, — смяецца спадар Бацюкоў. — Я чуў, што ён быў выдатным доктарам».
Светапогляд і хобі
Паколькі Малашка курыраваў пытанні культуры, то ён шмат і гаварыў, даваў інтэрв’ю на гэтыя тэмы.
«Аднойчы майму сыну ў школе далі заданне намаляваць генеалагічнае дрэва. Вядома, ён сказаў пра гэта ў апошні вечар, і рабілі мы дрэва да 5 гадзін раніцы. Паднялі па тэлефоне бабуль і дзядуляў на тэрыторыі ўсяго былога СССР і нават за яго межамі. У нас быў стымул, і мы дакапаліся аж да ХVІІ стагоддзя. Перш чым зразумець гісторыю краіны, трэба пазнаць гісторыю сваёй сям'і. Патрэбны такія літаратурныя творы, якія дапамагаюць гэта зрабіць. І каб у іх было усё: рамантыка, драма, патрыятызм», — казаў Малашка напярэдадні Дзён беларускага пісьменства ў Быхаве.
«Яшчэ студэнтам я актыўна наведваў і тэатры, і рокавыя канцэрты. Я таксама люблю эстраду і жывапіс, прычым не толькі рэалістычны. Мне падабаюцца мастацкія эксперыменты. Мне падабаецца, што мы пачынаем асцярожна ўводзіць у жыццё гэтую, так бы мовіць, рознасць. Свет сёння сапраўды вельмі розны. І няхай людзі разумеюць гэта і імкнуцца паважаць іншы светапогляд», — яшчэ адна цытата з Малашкі.
Аднойчы Малашка расказваў гісторыю, што ў 1996 годзе на адным нямецкім ток-шоу выйграў 35 тысяч марак (гэта каля 22 тысяч даляраў па тым часе). Аднак па ўмовах арганізатараў ён мусіў перавесці грошы дзецям-чарнобыльцам. «У азартныя гульні не гуляю прынцыпова, у казіно не хаджу — удача не паўтараецца».
Яшчэ Валерый Малашка аднойчы падстрэліў качку. «Гэта быў мой першы і апошні трафей, я не паляўнічы». Некалькі гадоў таму ён пагаліў вусы па парадзе жонкі.
«Я не глыбока веруючы чалавек. Разам з тым, уважліва стаўлюся да наведвання храма, чытання Бібліі, гісторыі рэлігіі. Я рэаніматолаг, і на маіх руках, на жаль, часам паміралі дзеці…»
Гісторыя з вершам «Клеветнікам Россіі»
Летам 2015 года ў Магілёве быў усталяваны помнік вялікаму расійскаму паэту Аляксандру Пушкіну з цытатай з яго верша «Паклёпнікам Расіі». Гучалі тыя радкі вельмі правакацыйна, таму магілёўскія ўлады вырашылі дэмантаваць шыльду.
Валерый Малашка тлумачыў гэтае рашэнне: «У сучаснай сітуацыі, з улікам існавання суверэнных дзяржаў: Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь, пры наяўнасці на іх грамадска-палітычным полі рознапланавых грамадскіх арганізацый, якія прадстаўляюць інтарэсы груп насельніцтва з рознымі ідэалагічнымі поглядамі, якія немагчыма не ўлічваць, дадзеныя радкі маглі атрымаць розную ідэалагічную інтэрпрэтацыю, не адэкватную афіцыйнай пазіцыі».
Цікава, што на той выступ Малашкі вельмі рэзка адрэагаваў публіцыст «Рэгнума» Сяргей Шыптэнка, які цяпер знаходзіцца ў СІЗА па справе распальвання міжнацыянальнай варажнечы.
«Местачковая свядомасць невука непрыкметна перарастае ў калгасны садызм і правінцыйны вандалізм. […] Можа быць, пара вярнуцца да выбарнасці ўлады? Можа быць, пара перастаць раскідвацца медалямі Пушкіна? Можа быць, час выдаткоўваць грошы расійскіх падаткаплацельшчыкаў не на падтрымку ваяўнічага абскурантызму ў суседняй, фармальна саюзнай рэспубліцы, а на абарону нашай агульнай культурнай спадчыны?» — пісаў Шыптэнка.
Каментары