Гісторыя121121

10 фактаў пра Хатынь, якія мусіць ведаць кожны

У лёсе Хатыні, што між Лагойскам і Плешчаніцамі, спаленай з людзьмі 22 сакавіка 1943, адбілася трагедыя некалькіх соцень беларускіх вёсак.

Нават само слова Хатынь зрабілася назоўным. 

Фота wikimedia.org.

1. Так помсцілі за алімпійскага чэмпіёна

21 сакавіка 1943 на аўтадарозе Лагойск — Плешчаніцы партызаны абстралялі нямецкую калону 118 паліцэйскага ахоўнага батальёна. Адным з забітых быў гаўптман Ганс Вёльке — чэмпіён берлінскай Алімпіяды 1936 года, якога асабіста ведаў Гітлер.

На наступны дзень, агледзеўшы месца партызанскай засады, немцы па слядах выйшлі да вёскі Хатынь.

У карнай акцыі ўдзельнічаў паліцэйскі батальён і падраздзяленне Оскара Дырлівангера.

Сапраўды, змучаныя маразамі партызаны, нягледзячы на забарону камандавання спыняцца ў населеных пунктах, начавалі ў суседняй Хатыні. Пабачыўшы, што немцы і паліцаі акружаюць вёску, яны сышлі ў лес. Фашысты стралялі па іх, але з вялікай адлегласці не трапілі. За партызанскую акцыю вырашана было пакараць жыхароў Хатыні.

2. 149 чалавек, з іх 75 — дзеці

загінулі ў Хатыні. Ад вёскі засталося папялішча — карнікі спалілі ўсе 26 хат з будынкамі. Людзей загналі ў калгаснае гумно і падпалілі. Па тых, хто спрабаваў вырвацца з агню, стралялі.

Хатынь была вёска каталіцкая. Таму і імёны ў людзей былі: Петрунэля, Рэгіна, Юзэфа…

3. Пяцёра дзяцей уратаваліся

Трое з іх — 13-гадовы Валодзя і 9-гадовая Соня Яскевічы, і 13-гадовы Саша Жалабковіч — здолелі схавацца ў вёсцы і не трапілі ў гумно, дзе згарэлі іх родныя. Пасля вайны яны раслі ў Плешчаніцкім дзіцячым доме.

Аляксандр Жалабковіч скончыў вайсковую вучэльню, служыў, выйшаў у адстаўку падпалкоўнікам. Ён памёр у 1994. Уладзімір Яскевіч працаваў на Мінскім аўтазаводзе, на пенсіі жыў у суседняй з Хатынню вёсцы Казыры. Яго не стала ў 2008. Сястра працавала на пошце, цяпер на пенсіі, жыве ў Мінску.

Яшчэ двое дзяцей выжылі ў ахопленым полымем гумне: 7-гадовы Віктар Жалабковіч і 12-гадовы Антось Бараноўскі. Малы Віця апынуўся пад целам маці і не згарэў, а Антось спрабаваў выскачыць з агню і быў паранены ў нагу. Карнікі палічылі яго мёртвым. Віктар стаў інжынерам-станкабудаўніком, не перажыў пандэміі кавіду. Антон трагічна загінуў у 1969 годзе ў Арэнбургу, куды паехаў працаваць: у інтэрнаце, дзе ён жыў, ноччу ўспыхнуў пажар.

Яшчэ дзве дзяўчыны, Юлія Клімовіч і Марыя Федаровіч, выпаўзлі з агню і дабраліся да лесу. Іх падабралі суседзі з вёскі Хварасцені. Але праз нядоўгі час фашысты спалілі з людзьмі і Хварасцені…

4. Язэп Камінскі

Адзіны дарослы хатынец, які здолеў уратавацца — Язэп Камінскі, 56-гадовы вясковы каваль. Афіцыйная версія кажа, што Камінскі апрытомнеў сярод абгарэлых целаў аднавяскоўцаў познім вечарам, калі карнікі з’ехалі. Ёсць і іншая версія, якую таксама агучваў Камінскі: напярэдадні партызаны загадалі яму зарэзаць авечку і, каб яе абсмаліць, ён пайшоў у лес па галлё. Якраз тады ў Хатынь увайшлі карнікі. Як бы там ні было, у агні Камінскі страціў сям'ю, яго 15-гадовы сын Адам сканаў ад апёкаў і ранення. Помнік Няскоранаму Чалавеку — цэнтр хатынскага мемарыялу — гэта выява Камінскага з сынам на руках.

Пасля вайны Камінскі жыў у вёсцы Казыры, другі раз жаніўся. Памёр у 86-гадовым веку.

5. Кат Хатыні 30 гадоў лічыўся ветэранам

Аперацыяй у Хатыні фактычна камандаваў Рыгор Васюра — начальнік штаба 118 паліцэйскага ахоўнага батальёна. Старшы лейтэнант Чырвонай арміі, ён трапіў у палон і перайшоў на нямецкую службу. (118 батальён фарміраваўся з ліку савецкіх ваеннапалонных, якія апынуліся ў Кіеўскім катле.)

Хатынь — не адзіная вёска, у знішчэнні якой удзельнічаў Васюра. Пад канец вайны ён перайшоў з паліцыі ў грэнадзёрскую дывізію СС, адступіў з ёй у Францыю. Пасля вяртання ў СССР Васюра здолеў схаваць інфармацыю пра ўдзел у карных акцыях: атрымаў турэмны тэрмін за палон, але ў 1955-м быў амніставаны. 30 гадоў ён жыў у Кіеўскай вобласці, лічыўся ветэранам вайны. Яго штогод віншавалі піянеры 9 Мая, ён выступаў у школах.

Можа, яму б удалося назаўсёды схаваць сапраўдную біяграфію, але ў 1985 годзе Васюра запатрабаваў ордэн Айчыннай вайны. Падчас афармлення дакументаў давялося ўзняць архівы… Усплылі і паказанні ўзводнага 118 батальёна Васіля Мялешкі, расстралянага ў 1975-м. Васюру арыштавалі і асудзілі да найвышэйшай меры пакарання.

6. «Карнікі»

Спаленне Хатыні стала асновай для каласальнай па мастацкай сіле аповесці Алеся Адамовіча «Карнікі» (1979). Пад змененымі імёнамі катаў лёгка пазнаюцца сапраўдныя ўдзельнікі — Васюра, Мялешка, камандзір батальёна Кёрнэр. На аснове твораў Адамовіча рэжысёр Элем Клімаў зняў фільм «Ідзі і глядзі».

7. Званы Хатыні

Да 1964 на месцы спаленай вёскі стаяў сціплы абеліск. Пасля там паставілі таксама досыць тыповую скульптуру «Журботная маці». Мемарыял быў адкрыты ў 1969 годзе.

Яго стварылі чатыры беларускія творцы: скульптар Сяргей Селіханаў і архітэктары Юрый Градаў, Валянцін Занковіч і Леанід Левін. Паводле іх успамінаў, ідэя змясціць на слупах, што сімвалізуюць коміны спаленых хат, званы нарадзілася проста ў Хатыні, калі сярод нямой цішыні заспяваў жаўрук. 

На доўгія гады Хатынскі мемарыял стаў сумнай візітоўкай Беларусі.

8. Хатынь і Катынь

Некаторыя даследчыкі лічаць, што выбар менавіта Хатыні ў якасці сімвалічнага месца для мемарыяла па ўсіх спаленых у Беларусі вёсках быў абумоўлены сугучнасцю назвы з Катынню — месца, дзе ў 1940 НКВД расстраляла польскіх ваеннапалонных. Упершыню пра гэта напісала газета Daily Telegraph у 1974, падчас візіту ў СССР прэзідэнта ЗША Рычарда Ніксана і наведвання ім Хатыні.

9. 433 вёскі

былі знішчаныя фашыстамі разам з жыхарамі ў Беларусі і адноўленыя пасля вайны. 186 так і не аднавіліся.

10. 36 мільёнаў чалавек

Наведалі Мемарыяльны комплекс «Хатынь» за 49 гадоў.

…Захаваліся старыя хатынскія могілкі. Зайдзіце на іх, калі будзеце ў мемарыяле. Там спачываюць людзі, якія прынялі такую пакутніцкую смерць.

Адзін з помнікаў на старых хатынскіх могілках.

Каментары121

Пратасевіч ездзіў да Бабарыкі ў калонію некалькі разоў

Пратасевіч ездзіў да Бабарыкі ў калонію некалькі разоў

Усе навіны →
Усе навіны

У Мінску вулічныя прадаўцы ўжо арыентуюцца на кітайскага пакупніка ФОТАФАКТ7

Як атрымліваюць павышэнні на АНТ? Расказваем на прыкладзе кар'еры прапагандыста Занковіча2

Два найбуйнейшыя фотабанкі паведамілі пра зліццё, каб канкураваць са штучным інтэлектам

Марк Цукерберг заявіў пра адмову ад фактчэкераў і «вяртанне да каранёў»6

Украінскія вайскоўцы зноў нанеслі ўдар па камандным пункце расійскай арміі на Куршчыне

Каля берагоў Малайзіі разбілася расійская ладдзя з беларусам на борце

Мінск днямі цалкам перавядуць на артэзіянскую ваду1

Беларус, які зладзіў дэбош у Тайландзе, папрасіў прабачэння ў паліцыі1

Калекцыянер знайшоў у Беластоку абгорткі для цукерак, надрукаваныя ў Гродне больш за сто гадоў таму

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пратасевіч ездзіў да Бабарыкі ў калонію некалькі разоў

Пратасевіч ездзіў да Бабарыкі ў калонію некалькі разоў

Галоўнае
Усе навіны →