Свет4242

Выйшла відэа, на якім спалоханы кіраўнік нацысцкага атрада «Русіч» дрыжыць у абдымках кадыраўцаў

У тэлеграм-канале камандзіра «Ахмата» Апці Алаўдзінава з'явілася відэа, на якім той здзекліва і валадарна адчытвае «за рускі нацыяналізм» кіраўніка нацысцкай вайсковай групоўкі «Русіч» Аляксея Мільчакова, які неаднаразова рэзка крытыкаваў Кадырава і ягоных салдат. На відэа Мільчакоў выглядае так, быццам вярнуўся са школы з двойкай за кантрольную, што выклікала раздражненне ў Z-ваенкараў.

Камандзір кадыраўскага «Ахмата» Апці Алаўдзінаў запісвае відэа з кіраўніком ДШРГ «Русіч» Аляксеем Мільчаковым, вядомым расійскім неанацыстам і ваенным злачынцам. Скрыншот відэа з тэлеграм-канала Алаўдзінава

На відэа камандзір кадыраўскага «Ахмата» Апці Алаўдзінаў сядзіць побач з сумна вядомым расійскім неанацыстам і кіраўніком дыверсійна-штурмавой разведвальнай групы «Русіч» Аляксеем Мільчаковым і ягоным намеснікам з пазыўным «Мядзведзь», які на працягу ўсяго відэа прыабдымае Мільчакова. 

Тэмай відэа, як кажа сам Алаўдзінаў, стаў феномен «рускага нацыяналізму» і былыя выказванні Мільчакова. Паводле слоў Алаўдзінава, відэа запісвалася ўжо пасля нейкай «размовы» з Мільчаковым, падчас якой «апошні пераканаў Алаўдзінава, што не ўзвышае рускую нацыю над іншымі».

На працягу ўсяго відэа Алаўдзінаў не называе Мільчакова па прозвішчы ці імені, ужываючы толькі ягоны пазыўны «Серб». Камандзір «Ахмата» таксама ў пачатку відэа дэманстратыўна адзначае, што быццам амаль нічога не чуў пра існаванне такой групы, як «Русіч».

«Ён [Мільчакоў] кажа, што ён рускі нацыяналіст. «Пачакай, — кажу я, — калі ты рускі нацыяналіст, які любіць сваю нацыю і хоча, каб яна станавілася лепшай, каб мы вярнуліся да нашых спрадвечных вытокаў — для мяне гэта добра. Прыгажун.

Але калі ты рускі нацыяналіст, які сцвярджае, што мы самыя крутыя, а ўсе астатнія — дрэнныя, тады мы з табой не сябры». Пасля нашай з ім [Мільчаковым] размовы мы сышліся на тым, што ў нас ёсць агульны вораг, агульныя мэты, агульныя задачы і агульная краіна.

Дамовіліся, што будзем рабіць усё, каб ніхто не змог распальваць ні міжнацыянальныя, ні міжканфесійныя канфлікты, а будзем рабіць усё на дабро. Калі ёсць агульныя задачы і мэты, не павінна ўзнікаць пытанне, хто да каго прыйшоў ці не прыйшоў», — кажа падчас відэа камандзір кадыраўскага «Ахмата» Апці Алаўдзінаў.

Пасля гэтага ён перадаў слова Мільчакову, які адразу заявіў, што «нікога не спужаўся». Пры гэтым было заўважна, што на працягу ўсяго відэа Мільчакоў выглядае моцна напружаным і нават спалоханым, старанна спрабуючы рабіць свой выгляд і голас упэўненым і не дрыготкім.

«Хай ніхто не думае, што тут нехта каго спужаўся ці пад некага прымусова лёг — такога тут няма і не будзе. Я заўсёды кажу шчыра: баюся не людзей, баюся страціць Расію і таго, што мы можам прайграць», — збянтэжана заявіў кіраўнік ДШРГ «Русіч» Аляксей Мільчакоў на фоне плаката з выявай Ахмата Кадырава — бацькі кіраўніка Чачні Рамзана Кадырава.

«Мы пераможам, бо мы інтэрнацыянальныя», — падсумаваў ягоны намеснік з пазыўным «Мядзведзь».

Камандзір кадыраўскага «Ахмата» Апці Алаўдзінаў (злева), кіраўнік ДШРГ «Русіч» Аляксей Мільчакоў (па цэнтры) і намеснік Мільчакова з пазыўным «Мядзведзь» (справа). Скрыншот відэа з тэлеграм-канала Алаўдзінава

Рэакцыі на відэа з Мільчаковым не прымусілі сябе доўга чакаць. Яго сталі актыўна абмяркоўваць Z-каналы і ваенкары, выказваючы расчараванне паводзінамі кіраўніка «Русіча», які ў шматлікіх інтэрв'ю неаднаразова рэзка крытыкаваў Рамзана Кадырава і ягоныя падраздзяленні, называўшы і «ненадзейнымі саюзнікамі, нявартымі рускіх ваяроў», і здраднікамі Расіі.

Напрыклад, таварыш Мільчакова і былы чалец ДШРГ «Русіч» ваенкар «ТопаZ» спытаў, «колькі каштуе гонар», і падкрэсліў, што відэа выдатна дэманструе прычыну яго сыходу з шэрагаў «Русіча».

Праз некалькі гадзін пасля публікацыі відэа Алаўдзінава Мільчакоў выпусціў у тэлеграм-канале ДШРГ «Русіч» відэазварот, у якім паспрабаваў апраўдацца за сустрэчу з камандзірам «Ахмата».

«Спадарства, я лічу, што магу самастойна вырашыць, з кім размаўляць, а з кім не. Я ніколі не адступаў ад сваіх пазіцый, ніколі не адмаўляў таго, кім з'яўляюся, таму гэта мая асабістая справа — каму, што і як перадаваць, з кім мець зносіны, а з кім не. Асабліва калі гаворка пра працягнутую руку сяброўства — навошта мне ад яе адмаўляцца? Узамен на што? На ваша пачуццё ўласнай годнасці? Ды ну яго да чорта. Калі кагосьці гэта раздражняе — мне ўсё роўна, шчыра кажучы, абсалютна ўсё роўна. Ёсць людзі, за якіх я нясу адказнасць, каб у іх усё было добра як у мірным, так і ў баявым жыцці. Слава Русі», — заявіў у сваё апраўданне неанацыст Аляксей Мільчакоў.

Характэрна, што яшчэ некалькі дзён таму на канале ДШРГ «Русіч», адмінам якога з'яўляецца Мільчакоў, з'явіўся допіс аб гадавіне пачатку крывавага штурму расійскімі войскамі горада Грозны падчас Першай чачэнскай вайны, з-за якога пад бомбамі і снарадамі загінулі больш за 27 тысяч мірных жыхароў. Гэтая публікацыя нацысцкага «Русіча» суправаджалася подпісам «памятаем і ганарымся», што магло стаць падставай для запісу відэа Алаўдзінавым.

Адзначым, што Аляксей Мільчакоў адкрыта называе сябе нацыстам, публічна прасоўвае ідэю «перавагі рускай нацыі» і хваліць палітыку Адольфа Гітлера. Гэты чалавек стаў вядомым яшчэ ў 2012 годзе, калі пад сцягам Трэцяга Рэйху адразаў сабакам галовы, фіксуючы ўвесь працэс на фота.

Мільчакоў актыўна ўдзельнічаў у вайне на Данбасе з 2014 года на баку прарасійскіх сепаратыстаў з так званых «ДНР/ЛНР», дзе катаваў і забіваў украінскіх ваеннапалонных і мірных жыхароў. Пасля поўнамаштабнага расійскага ўварвання ва Украіну ДШРГ «Русіч» пад кіраўніцтвам Мільчакова здзяйсняла і працягвае здзяйсняць ваенныя злачынствы. 

У верасні 2022 года Мільчакоў апублікаваў у сваім канале «інструкцыю па ўтылізацыі ваеннапалонных УСУ», у якой рэкамендавалася калектыўна забіваць украінскіх ваеннапалонных, а таксама змяшчаліся прамыя ўказанні па прымяненні катаванняў: адсякаць пальцы і вушы. У дакуменце таксама былі парады, як шантажаваць сваякоў забітых ваеннапалонных, прапаноўваючы ім выкупаць за грошы каардынаты месца пахавання забітых.

Апроч гэтага, Мільчакоў і ягоная ДШРГ «Русіч» у 2016 годзе былі заўважаны ў трэніроўцы беларускіх школьнікаў у расійскіх летніх лагерах.

Каментары42

  • Рапуха з гадзюкай
    06.01.2025
    Шкада, што не пазабівалі адзін аднаго
  • Ослик
    06.01.2025
    [Рэд. выдалена]
  • По кругу
    06.01.2025
    Это только та часть которую выложили. А там явно еще было и «афтэпати»))) для русских нациков.

Трамп пераймяноўвае Мексіканскі заліў, цвёрда намераны вярнуць Панамскі канал і «разумее пачуцці Расіі»26

Трамп пераймяноўвае Мексіканскі заліў, цвёрда намераны вярнуць Панамскі канал і «разумее пачуцці Расіі»

Усе навіны →
Усе навіны

Выйшла відэа, на якім спалоханы кіраўнік нацысцкага атрада «Русіч» дрыжыць у абдымках кадыраўцаў42

Прэс-сакратарка Ціханоўскай: Офіс не меў дачынення да прызначэння кіраўніцтва «Белсата»45

Прэм'ер Канады пакідае пасаду кіраўніка партыі. Пазней ён пакіне і крэсла прэм'ера6

Афрыка можа разламацца на дзве часткі хутчэй, чым чакалі навукоўцы14

Макрон заклікае Украіну да «рэалістычных дыскусій» па пытаннях тэрыторый30

У Саудаўскай Аравіі і Ірака жанчын-паслоў больш, чым у Беларусі13

У сутарэннях віленскай катэдры знайшлі схаваныя ў 1939-м кароны вялікіх князёў37

Кіраваць Аўстрыяй найхутчэй стане ўльтраправая і пракрамлёўская партыя, заснаваная нацыстамі45

Беларус падарыў брытанцы ружы — тая не ведае, як гэта разумець14

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Трамп пераймяноўвае Мексіканскі заліў, цвёрда намераны вярнуць Панамскі канал і «разумее пачуцці Расіі»26

Трамп пераймяноўвае Мексіканскі заліў, цвёрда намераны вярнуць Панамскі канал і «разумее пачуцці Расіі»

Галоўнае
Усе навіны →