Усяго патроху

Калекцыянер знайшоў у Беластоку абгорткі для цукерак, надрукаваныя ў Гродне больш за сто гадоў таму

Матэвуш Рыдзеўскі — калекцыянер з Беластока. У старым доме ён выявіў мноства абгортак для цукерак, надрукаваных на гродзенскай фабрыцы братоў Лапіных. Знаходцы больш за сто гадоў, і для Матэвуша яна стала сапраўднай удачай. Цяпер мужчына марыць пабываць у Гродне і перадаць частку калекцыі ў мясцовы музей, піша Most.

Матэвуш Рыдзеўскі дэманструе сваю калекцыю. Фота: Most

Этыкеткі былі выяўленыя ў 2023 годзе ў столі старога дома, які ішоў пад знос. Мужчыну давялося тры разы вяртацца ў закінутую пабудову, каб забраць усё.

«Як яны там апынуліся, я не ведаю. Можа быць, выкарыстоўваліся для ўцяплення. Думаю, што ў доме жыў габрэй, таму што я знайшоў і рэчы, звязаныя з іудаізмам. Іх перадаў у музей, а абгорткі пакінуў сабе», — расказвае Матэвуш.

Этыкетак аказалася так шмат, што Матэвуш здолеў адабраць каля трохсот розных асобнікаў, многія з якіх добра захаваліся, хоць былі надрукаваныя яшчэ да рэвалюцыі.

«Я даўно займаюся пошукамі даўніны і калекцыянаваннем, але гэтая знаходка аказалася для мяне сапраўдным скарбам. Калі я выявіў гэтыя абгорткі, адразу звярнуў увагу на рускую мову. Калісьці я здаваў экзамен па рускай, так што здолеў прачытаць, што гэта абгорткі для цукерак, якім больш за 100 гадоў. Яшчэ пры цары яны былі надрукаваныя, і самае цікавае, што ў суседнім Гродне».

Матэвуш Рыдзеўскі дэманструе сваю калекцыю. Фота: Most

«Гэтыя паперкі — сапраўднае мастацтва»

Фабрыка Лапіных у Гродне была вядомая якаснымі этыкеткамі, якія выпускаліся для прадукцыі Расійскай Імперыі, а ў міжваенныя гады — для Польшчы. Сярод яе заказчыкаў былі бровары, тытунёвыя прадпрыемствы. Таксама фабрыка выпускала ігральныя карты.

«Пра фабрыку Лапіных я ніколі не чуў, — прызнаецца Матэвуш. — Але, збіраючы знаходкі, зразумеў, што да вайны гродзенская фабрыка працавала на многія прадпрыемствы. На абгортках можна знайсці назвы з Варшавы, Любліна, Масквы і Санкт-Пецярбурга. Цікава, што вытворцы падпісвалі прадукцыю сваім іменем. І ў некаторых цукерак былі незвычайныя назвы».

Калекцыя абгортак Матэвуша Рыдзеўскага. Фота: Most

Тут ёсць, напрыклад, абгорткі для карамелі «Какаду», «Зачараванне», «Плач і смех». А ёсць і звыклыя нам назвы, напрыклад «Ракавыя шыйкі».

Калекцыянер асабліва захапляецца дызайнам старых абгортак.

«Гэтыя паперкі — сапраўднае мастацтва. У дарэвалюцыйны час зрабіць такія яркія абгорткі было складана. Гэта не тое што цяпер — пару клікаў на кампутары, і гатова. Тады трэба было сур'ёзна гэтым займацца. Хачу верыць, што такія этыкеткі вельмі прыцягвалі дзяцей. Гэтыя паперкі можна разглядаць з вялікай цікавасцю».

40 злотых за этыкетку

Як абгорткі апынуліся ў Беластоку, можна толькі здагадвацца. Матэвуш не выключае, што ў доме каля ста гадоў таму маглі прадаваць цукеркі ці займацца кантрабандай прадукцыі. А магчыма, калі ў 1921 годзе Гродна ўвайшло ў склад Польшчы, абгорткі на рускай мове аказаліся не патрэбныя.

«Сёння такія абгорткі — гэта нішавая тэма. Я ведаю толькі аднаго чалавека ў Польшчы, які збірае такі матэрыял. Я яго называю «кароль этыкетак», ён у свой час купіў вялікую колькасць абгортак на таргах. Калі я яму расказаў пра сваю знаходку, ён быў вельмі здзіўлены. Мы сустрэліся, і я дапамог яму папоўніць калекцыю этыкетак.

Гэтыя паперкі не вельмі дарагія. Напрыклад, самая дарагая можа каштаваць 40 злотых. Але іх каштоўнасць у іншым, асабліва для тых, хто займаецца гэтай тэмай».

Калекцыя абгортак Матэвуша Рыдзеўскага. Фота: Most

Сам Матэвуш з дзяцінства збірае старадаўнія бутэлькі з-пад алкаголю. У яго калекцыі больш за сотню асобнікаў. Гэтае хобі ён пераняў ад бацькоў. Калекцыю бутэлек Матэвуша можна пабачыць у Музеі яўрэяў Беластока.

Падарунак для Гродна

Частку знойдзеных абгортак Матэвуш перадаў у музеі Любліна і Варшавы. Марыць мужчына пабываць і ў Гродне, каб перадаць частку знаходак у мясцовы музей.

«Я даўно хацеў пабываць у Гродне. Вельмі вабіць мяне гэты горад, там ёсць што паглядзець. Калі б я паехаў у Беларусь, то прывёз бы гарадскому музею падарунак — вялікую колькасць этыкетак, якія друкавалі ў Гродне больш за сто гадоў таму.

Я чуў пра карты Лапіных, якія знайшлі і аднавілі. Іх выпускалі на гэтым самым прадпрыемстве. Можа, калі-небудзь нешта падобнае адбудзецца і з цукеркамі, і мае знаходкі таксама спатрэбяцца».

Каментары

Усе навіны

Як атрымліваюць павышэнні на АНТ? Расказваем на прыкладзе кар'еры прапагандыста Занковіча2

Два найбуйнейшыя фотабанкі паведамілі пра зліццё, каб канкураваць са штучным інтэлектам

Марк Цукерберг заявіў пра адмову ад фактчэкераў і «вяртанне да каранёў»6

Украінскія вайскоўцы зноў нанеслі ўдар па камандным пункце расійскай арміі на Куршчыне

Каля берагоў Малайзіі разбілася расійская ладдзя з беларусам на борце

Мінск днямі цалкам перавядуць на артэзіянскую ваду1

Беларус, які зладзіў дэбош у Тайландзе, папрасіў прабачэння ў паліцыі1

Калекцыянер знайшоў у Беластоку абгорткі для цукерак, надрукаваныя ў Гродне больш за сто гадоў таму

Спікер літоўскага парламента заклікаў не пагаршаць умовы для беларусаў у Літве8

больш чытаных навін
больш лайканых навін
Усяго патроху8

У студзеньскай Беларусі заўважылі жывога хрушча ВІДЭА