З'явілася новая тэорыя смерці дыназаўраў: яны проста атруціліся
Нас заўсёды вучылі, што дыназаўры вымерлі праз серыю падзенняў гіганцкіх астэроідаў. Навукоўца ж Гордан Гэлап прапанаваў новую ідэю: ён лічыць, што старажытныя цмокі маглі атруціцца таксічнымі раслінамі. Пра навуковую працу Гэлапа піша Phys.org.
У старажытных жывёл, лічыць навукоўца, не было здольнасці асацыяваць смак пэўных прадуктаў з небяспекай. Гэта прывяло да таго, што колькасць іх папуляцыі рэзка скарацілася.
Першыя кветкавыя расліны (пакрытанасенныя) з'явіліся якраз перад тым, як дыназаўры пачалі выміраць. Гэлап сцвярджае, што расліны паступова развівалі абарону і станавіліся атрутнымі. Дыназаўры ж працягвалі есці іх, хаця гэта і негатыўна адбівалася на здароўі.
Звычайна жывёлы, адзін раз пакаштаваўшы нешта неядомае або нясмачнае, больш ніколі не будуць гэта есці. Дыназаўры ж, відаць, такой асаблівасці не мелі. Гэта пацвярджае і тое, што кракадзілы — «сучасныя дыназаўры» — таксама яе не маюць.
«Распаўсюджаны погляд на знікненне дыназаўраў, заснаваны на падзенні астэроідаў, прадугледжвае, што знікненне дыназаўраў мелася быць раптоўным, а наступствы павінны былі быць шырока распаўсюджанымі. Аднак доказы кажуць пра іншае: дыназаўры пачалі знікаць задоўга да падзення астэроідаў і працягвалі паступова знікаць на працягу мільёнаў гадоў пасля гэтага», — гаворыцца ў навуковай працы.
Каментары