Пра выдзяленне пакету вайсковай дапамогі Украіне памерам у $500 млн паведаміў на пасяджэнні кантактнай групы ў фармаце «Рамштайн» 9 студзеня міністр абароны ЗША Лойд Осцін.
«У прыватнасці, гаворка ідзе пра ракеты СПА, боепрыпасы «паветра-зямля», абсталяванне для абслугоўвання ўкраінскіх самалётаў F-16», — гаворыцца ў паведамленні Пентагона.
У ім адзначаецца, што для СПА будуць перададзеныя ракеты AIM-7, RIM-7, і AIM-9M. Таксама Вашынгтон перадасць Кіеву браняваныя інжынерныя машыны-мостаўкладчыкі, бяспечныя сродкі сувязі, стралковую зброю і боепрыпасы да яго, а таксама розныя запчасткі і дадатковае абсталяванне.
Дапамогу перададуць Украіне ў рамках механізму PDA. Ён прадугледжвае перадачу зброі, якая ўжо захоўваецца на амерыканскіх складах, а не вытворчасць новага ўзбраення.
Раней агенцтва Associated Press паведаміла, што адыходзячая адміністрацыя Джо Байдэн збіраецца 9 студзеня абвясціць аб сваім апошнім пакеце вайсковай дапамогі Украіне. Крыніцы AP адзначалі, што пакет будзе «значным», але наўрад ці ўключыць у сябе ўсе чатыры млрд даляраў, якія засталіся ад сумы, ухваленай Кангрэсам ЗША для дапамогі Украіне.
Усяго адміністрацыя Джо Байдэна з моманту поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну выдзеліла на дапамогу Кіеву больш за 63,5 млрд даляраў.
Каментары