Лукашэнка распарадзіўся правесці сёлета два рэспубліканскія суботнікі
Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ № 1, якім 2025 год абвешчаны «Годам упарадкавання», паведамляе ягоная прэс-служба.
Указам анансаваныя «маштабныя меры, у тым ліку па навядзенні парадку на зямлі, упарадкаванні населеных пунктаў, вытворчых аб'ектаў, падтрыманні ў належным стане тэрыторый уздоўж аўтамабільных дарог і чыгунак».
Ураду даручана ў месячны тэрмін зацвердзіць рэспубліканскі план мерапрыемстваў «Года ўпарадкавання».
Вядома, што ў 2025 годзе адбудзецца «не менш за два рэспубліканскія суботнікі», хоць традыцыйна ў Беларусі праходзіць толькі адзін — вясной.
Указ прадугледжвае таксама «актывізацыю валанцёрскага руху і рэалізацыю грамадзянскіх ініцыятыў, накіраваных на ўпарадкаванне краіны».
Каментары