Гісторыя22

«Малая зямля» і «Адраджэнне». Дарагі Леанід Ільіч і яго несмяротныя творы

Людзі калектыўна і з жывой зацікаўленасцю нібыта чытаюць адну з кніг Брэжнева. Такія пастановачныя прапагандысцкія фота былі ў той час вельмі распаўсюджаныя, але ў рэальным жыцці падобны сюжэт быў неверагодны. Тым больш што тут «чытаюцца» нават не «ўспаміны» Брэжнева, якія, прынамсі, напісаныя былі дастаткова жыва і цікава, а зборнік ягоных занудных прамоў, падрыхтаваных да розных афіцыёзных мерапрыемстваў. Сапраўдным аўтарам гэтых прамоў таксама быў не сам Леанід Ільіч — іх ад першага да апошняга слова пісалі ягоныя рэферэнты.

У пачатку 1976 года Леанід Брэжнеў, які ўжо стаяў на чале КПСС больш за 11 гадоў, быў пераабраны на пасаду генеральнага сакратара.

Паводле яго лекара, акадэміка Яўгена Чазава, з 1973 года ў Брэжнева з’явіліся праблемы з цэнтральнай нервовай сістэмай, бяссонне. Але на пенсію Брэжнеў ісці не хацеў. Спрабуючы даць рады, ён пастаянна піў таблеткі і ўрэшце стаў залежны ад іх. Гэта спрыяла дэградацыі асобы, зніжала крытычнае ўспрыманне сябе. Савецкі лідар усё больш адрываўся ад рэчаіснасці.

Ягонае атачэнне было не заўсёды маладзейшым і не надта здаравейшым за «правадыра». І таксама не хацела ягонага сыходу. Бо змена старога і нямоглага лідара непазбежна прывяла б да грунтоўных перастановак і на ніжэйшых прыступках. Не ўсе захавалі б нагрэтыя месцы. Куды прасцей было пакінуць на найвышэйшай пасадзе здзяцінелага старога, а з-за яго спіны кіраваць самім. Фармальнага лідара, каб ён паслухмяна іграў сваю ролю, залагоджвалі ліслівасцю і падарункамі.

У апошнія гады жыцця Брэжневу ўвесь час уручалі дзяржаўныя ўзнагароды. Адных толькі зорак Героя Савецкага Саюза ён меў чатыры штукі (больш не меў ніхто, а столькі сама — толькі знакаміты маршал Жукаў). Не кажучы пра іншыя медалі, ордэны і проста ганаровыя значкі. У дзяржаўных установах і на вуліцах развешвалі партрэты Брэжнева, выстаўлялі стэнды і транспаранты з цытатамі з ягоных прамоў і твораў. Вялікія і малыя начальнікі, журналісты, навукоўцы — усе стараліся ўставіць у выступленні і творы цытаты з «дарагога Леаніда Ільіча».

Новая зорка на літаратурным небасхіле

Але нават у падхалімстве патрэбна разнастайнасць. Камусьці з паплечнікаў Брэжнева прыйшла ідэя зрабіць Леаніда Ільіча яшчэ і культавым пісьменнікам. Тым больш сам ён не пярэчыў, сказаўшы аднойчы Яўгену Чазаву: «Таварышы пераканалі мяне апублікаваць успаміны пра перажытае, аб працы, вайне, партыі. Гэта патрэбна народу, патрэбна нашай моладзі, якая выхоўваецца на прыкладзе бацькоў».

Напісаць за генсака ўспаміны было даручана групе найлепшых маскоўскіх журналістаў, поўны склад якой невядомы дагэтуль. Вядома, што асноўнымі аўтарамі былі супрацоўнікі газет «Известия», «Правда» і «Комсомольская правда» Анатоль Аграноўскі, Аляксандр Мурзін і Аркадзь Сахнін.

Гэты здымак зроблены падчас дэманстрацыі да 62-й гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі 7 лістапада 1979 года ў Светлагорску. Кадр сімвалізуе ўвесь абсурд брэжнеўскага застою. Фота: Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў.

Вынікаў працы доўга чакаць не давялося. У 1978 годзе адна за адной выйшлі тры часткі брэжнеўскіх «мемуараў». Першая, «Малая зямля», была прысвечана ўдзелу Брэжнева ў вайне на поўдні СССР, пад Новарасійскам. У другой, «Адраджэнне», гаворка ішла пра пасляваеннае аднаўленне гаспадаркі на поўдні Украіны, калі Брэжнеў кіраваў Запарожскім абкамам партыі. Нарэшце, у трэцяй, «Цаліне», была апісана распачатая ўжо пры Мікіту Хрушчове кампанія асваення цалінных стэпаў у Казахстане. Брэжнеў быў тады 1-м сакратаром ЦК мясцовай кампартыі.

Усе тры часткі «ўспамінаў» былі невялікія — па 100—150 старонак. Перад тым, як выйсці кнігамі, яны публікаваліся ў літаратурных часопісах і ў газетах. З мастацкага боку гэта была даволі якасная публіцыстыка.

На раскрутку і папулярызацыю быў кінуты магутны прапагандысцкі апарат савецкай краіны. Кнігі выдаваліся вялікімі накладамі, іх уключылі ў школьную праграму. Па ўсёй краіне ішлі ідэалагічныя канферэнцыі, кіраваныя начальнікамі ўсіх узроўняў, дзе абмяркоўвалі глыбіню твораў і іх карыснасць для ўсіх без выключэння грамадзян. Ну і, вядома, кнігі адразу ж перакладаліся. Беларускамоўныя пераклады з’яўляліся амаль адначасова з арыгіналамі.

У красавіку 1979-га за гэтую трылогію Брэжневу была прысуджана найпрэстыжнейшая ў СССР Ленінская прэмія.

Ад трагедыі да камедыі

Культ Брэжнева знешне нагадваў колішні культ Сталіна, але па сутнасці значна адрозніваўся. Бо культ Сталіна ўспрымаўся і падтрымліваўся большасцю. Апорамі яго былі два элементы: вера ў тое, што пад кіраўніцтвам Сталіна савецкі народ выконвае вялікую гістарычную місію, — і страх, не заўсёды ўсвядомлены. Але ў часы культу Брэжнева ўсё гэта страціла ранейшае значэнне.

Да 70-х ідэя будаўніцтва камунізму стала ў СССР чыста рытуальным элементам. Пра гэта шмат гаварылі і пісалі, але веру ў тое, што камунізм маячыць недзе на гарызонце, захоўвалі хіба толькі самыя наіўныя ідэалісты.

Зусім не такі быў і градус страху. Пасля смерці Сталіна савецкая дзяржава адышла — і, як аказалася, назаўсёды — ад практыкі шырокамаштабных рэпрэсій. Савецкі Саюз заставаўся таталітарнай дзяржавай, якая імкнулася трымаць пад кантролем усе галіны жыцця. І адкрытыя ворагі сістэмы жорстка падаўляліся. Але абурацца на кухні можна было без наступстваў. Калі нехта надта распускаў язык, яго маглі выклікаць на размову, але не саджалі і тым больш не расстрэльвалі. Галоўнае — каб чалавек трымаўся правіл гульні і выконваў усе рытуалы. Гэта рабіла савецкага чалавека вельмі крывадушным — ён мог думаць адно, гаварыць другое, а рабіць трэцяе.

Значэнне мела і тое, што Сталіна пераважная большасць ніколі не бачыла. Тэлебачання не было, а газеты і кінахроніка стваралі ідэалізаваны вобраз. Брэжнева ж савецкія людзі рэгулярна бачылі на тэлеэкранах. У пачатку таго самага 1978-га, калі пачалася кар’ера Брэжнева-пісьменніка, крамлёўскі функцыянер Анатоль Чарняеў пазначыў у дзённіку: «Леанід Ільіч, па-мойму, у поўным маразме. За месяц з лішкам яго паказалі ў натуры адзін раз… Выгляд — поўнага распаду».

Брэжнеў выступае на XVIII з’ездзе камсамола. Красавік 1978 года.

Праз некалькі месяцаў: «Брэжнева на ўрачыстасцях з нагоды 60-годдзя камсамола ўжо адкрыта называюць «вялікім правадыром партыі і народа». А ён сядзіць — на экране тэлевізара — жаласна і тупа ўсміхаецца, не вельмі, відаць, разумеючы, што да чаго. Пляскае ў далоні, калі яго ўзносяць і славасловяць, аглядаючыся пры гэтым на сваіх калег у прэзідыуме. Маўляў, калі яны пляскаюць — так і трэба. Усім відавочна, што ён не цяміць, што гаворыць па паперцы».

Такога Брэжнева бачыў і народ.

Бачачы на экранах такога Леаніда Ільіча і слухаючы ягоную неразборлівую гаворку без адрыву ад паперкі, савецкі народ не надта верыў, што кнігі, якія ўзносяцца да нябёс прапагандай і ўшаноўваюцца прэстыжнымі дзяржаўнымі прэміямі, напісаныя сапраўды ім. І не памыляўся.

«Не толькі шафёры таксі, але і цэкоўскія шафёры смяюцца з усяго гэтага… Адчуванне такое, нібыта жывеш у атмасферы густога старэчага маразму… і поўнай пагарды да думкі народнай».

Відаць, і светлагорскія мужыкі з загалоўнай фоткі пасля заканчэння ўрачыстасцей запасліся моцнымі напоямі і пайшлі адзначыць да кагосьці на кухню. А ўзяўшы па чарцы, весялілі сябе і сяброў свежымі анекдотамі і пра маразматыка Брэжнева, і ягоныя несмяротныя творы, выявы якіх гадзіну таму горда неслі каля трыбуны.

Да смерці Брэжнева заставалася тры гады, да пачатку гарбачоўскай перабудовы — пяць з паловай, да распаду СССР — дванаццаць…

 

 ***

Вядомыя беларусы — пра творы Брэжнева

1-ы сакратар ЦК КПБ Пятро Машэраў:

«Кніга «Малая зямля» аднолькава каштоўная і дарагая для людзей і старэйшага пакалення, і моладзі… Нашым юнакам і дзяўчатам яна дае магчымасць сэрцам далучыцца да неўміручага подзвігу, зверыць свае справы, учынкі і імкненні па шкале маральна-ідэйных каштоўнасцей сацыялізму самай высокай, самай чыстай пробы…»

Народны пісьменнік БССР Кандрат Крапіва:

«Успаміны напісаны без стылістычных упрыгожанняў, без устаноўкі на эфект, проста і мудра. Пішучы іх, Леанід Ільіч, як заўсёды, думаў пра народ, клапаціўся аб тым, каб яго слова дайшло да розуму і сэрца савецкага чалавека. Так яно і адбылося…

Твор «Цаліна» пачынаецца словамі народнай мудрасці: «Будзе хлеб — будзе і песня». На працягу ўсяго жыцця Леанід Ільіч аддае ўсе сілы на тое, каб у народа былі хлеб і песня. Але жыццярадасная песня, як вядома, можа гучаць толькі пад ясным мірным небам, ва ўмовах мірнай працы. Вось за гэта — за дабрабыт і шчасце народа, за мір ва ўсім свеце і дружбу народаў — нястомна і змагаецца Леанід Ільіч».

Тыповы прыклад савецкай двухаблічнасці — два выказванні народнага пісьменніка БССР Івана Шамякіна. Адно прагучала ў публічным выступленні, другое запісана ў дзённіку:

Выступленне на рэспубліканскім сходзе ідэалагічнага актыву, скліканым для абмеркавання кніг Брэжнева, 3 мая 1978 года:

«Малая зямля» — гэта твор, які пераканаўча паказвае, як можна і як трэба пісаць аб вайне сёння. Успаміны Леаніда Ільіча напісаны на адным подыху, яны глыбока эмацыянальныя, хвалююць высокай публіцыстыкай, пафасам самаадданасці і гераізму ўсяго савецкага народа, выключнай мужнасці абаронцаў Малой зямлі…

Кніга «Малая зямля» — незвычайныя мемуары. Гэта — дакумент велізарнага палітычнага значэння. Савецкія людзі і нашы сябры за рубяжом знаходзяць у ім думкі і выказванні, якія з’яўляюцца асноватворнымі для канкрэтнай работы. Нікога не пакінуць раўнадушным выдатныя словы Леаніда Ільіча з заключнай часткі расказу: «Быць вайны не павінна ніколі».

Дзённік, запіс за 10 сакавіка 1981 года:

Рыхтуецца навуковая канферэнцыя на тэму: «Значэнне гістарычнага вопыту КПСС, роздуму і парад, што выкладзены ў кнізе Л. І. Брэжнева «Успаміны», для патрыятычнага і інтэрнацыянальнага выхавання працоўных». Во размах!

АТК (Аляксандр Трыфанавіч Кузьмін, сакратар ЦК КПБ па ідэалогіі. — Рэд.) прыслаў мне пісьмо Леаніду Ільічу, каб я паправіў. Але ж даўно выпрацаваўся стэрэатып, ад якога не дазволена адыходзіць. Я паправіў стыль, не больш. Ён учора на актыве гаворыць: «Зрабі ты гэта, каб было па-чалавечы».

Зрабіў па-чалавечы — не падобна на ўсе іншыя пісьмы, асабліва па форме. Але адчуваю: не пройдзе, пабаяцца. А ў першым варыянце было, напрыклад, такое: «Сердца всех жителей республики преисполнены чувством глубокой благодарности за Ваши теплые, проникновенные слова о «неброской, но за сердце берущей красоте белорусских пейзажей»».

Не разумею, чаго тут больш: «верноподданнического» глупства альбо здзеку са старога чалавека, які расчуліўся ад успамінаў пра ўласную маладосць, калі ўсё «брало за сердце»?

***

Анекдоты пра творы Брэжнева

У сувязі з юбілеем Пушкіна быў абвешчаны конкурс на праект помніка. Трэцюю прэмію атрымаў помнік Пушкіну, які чытае кнігу Брэжнева. Другую — Брэжневу, які чытае Пушкіна. Першую — помнік Брэжневу, які чытае кнігу Брэжнева.

 ***

Сядзіць у кабінеце Брэжнеў і трымае ў руках значок «Лаўрэат Ленінскай прэміі». Уваходзіць Суслаў.

— Слухай, Міхаіл Андрэевіч, ты «Малую зямлю» чытаў?

— Чытаў, Леанід Ільіч! Цудоўны твор! Ён вельмі патрэбен нашаму грамадству.

— Ты мяне не падманваеш?

— Хіба я вас калі-небудзь падманваў?

— Не памятаю. Тады пакліч Чарненку.

Уваходзіць Чарненка.

— Канстанцін Усцінавіч! Ты маю «Малую зямлю» чытаў?

— Чытаў! Выдатны твор! Я трэці раз перачытваю.

Леанід Ільіч, гуляючы значком лаўрэата, задуменна гаворыць:

— Усім падабаецца мой твор. Можа, і мне прачытаць?..

 ***

Эпіграф да мемуарнай кнігі Брэжнева: «Что-то с памятью моей стало: всё, что было не со мной, помню».

 ***

У кнігарні: «У вас ёсць «Малая зямля», «Цаліна» і «Адраджэнне»?» — «Фантастыка — у суседняй зале».

 ***

1978 год, прыём у партыю. «На Малой зямлі ваявалі?»

— «Не, на Курскай дузе адседжваўся».

 ***

Кнігу Брэжнева «Адраджэнне» друкуюць у газеце італьянскіх камуністаў «Уніта». У перакладзе на італьянскую мову кніга называецца «Рэнесанс», а імя аўтара — Леанарда.

 ***

Папулярны народны вершык пра Брэжнева: «Он и маршал, и Герой, и писатель молодой».

Каментары2

У Беларускай праваслаўнай царкве абнавілі цэннік? Вось якія будуць рэкамендаваныя тарыфы7

У Беларускай праваслаўнай царкве абнавілі цэннік? Вось якія будуць рэкамендаваныя тарыфы

Усе навіны →
Усе навіны

Папярэджанне пра пагаршэнне ўмоваў надвор'я на дарогах краіны1

Чэргі з легкавікоў на польскай мяжы зніклі

Расійская армія ажыццяўляе самае хуткае прасоўванне ва Украіне з 2022 года1

Улады хваляцца, што ў Беларусь па бязвізе прыехаў мільён еўрапейцаў. Няўжо праўда?5

Гендырэктара TikTok выклікалі ў Еўрапарламент пасля выбараў у Румыніі8

Рэстаўрацыі ў Беларусі засталося на тры дні. Галоўнаму прадпрыемству краіны фактычна падпісалі смяротны прысуд6

Як Лукашэнка кульгаў, выходзячы з самалёта ў Пакістане ВІДЭА13

Тэлевядучая Святлана Бароўская расказала пра новага мужа — загадкавага расійскага бізнэсмена14

У Беластоку выклікалі «на паядынак» і збілі да страты прытомнасці 16-гадовага беларуса5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Беларускай праваслаўнай царкве абнавілі цэннік? Вось якія будуць рэкамендаваныя тарыфы7

У Беларускай праваслаўнай царкве абнавілі цэннік? Вось якія будуць рэкамендаваныя тарыфы

Галоўнае
Усе навіны →