Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі падпісаў указ аб наданьні ўкраінскага грамадзянства дзевяці замежным грамадзянам, якія абаранялі тэрытарыяльную цэласнасьць краіны на Данбасе, піша «Радыё Свабода».
Адзін зь іх — грамадзянін Беларусі Дзяніс Прохараў. Ён ваяваў спачатку ў добраахвотніцкім батальёне «Азоў», а потым у складзе Тактычнай групы «Беларусь».
Як паведамілі Свабодзе ў Тактычнай групе «Беларусь», апошні раз Дзяніс Прохараў быў на фронце ў 2015 годзе пад Мар’інкай у Данецкай вобласьці, а цяпер займаецца грамадзкай дзейнасьцю.
Ва ўказе прэзыдэнта адзначаецца, што атрыманьне Дзянісам Прохаравым украінскага грамадзянства адпавядае «дзяржаўным інтарэсам Украіны».
У чэрвені Ўладзімір Зяленскі падпісаў першы ўказ аб наданьні ўкраінскага грамадзянства замежным грамадзянам, якія абаранялі тэрытарыяльную цэласнасьць краіны на Данбасе. У ліку першых 14 такіх грамадзян былі два беларусы — Рудольф Егарэнка і Дзьмітры Белагорцаў (ваявалі ў батальёне «Данбас»).
Раней народная дэпутатка Ўкраіны Натальля Весялова зьвярнулася да прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага з просьбай даць украінскае грамадзянства беларусу Дзьмітрыю Палойку.
Каментары