Вялікабрытанія ўвядзе шырокамаштабныя санкцыі супраць «ценявога флоту» Расіі
Кіраўнік брытанскага МЗС Дэвід Лэмі падкрэсліў, што гаворка ідзе пра самы вялікі пакет мераў супраць суднаў, якія выкарыстоўваюцца для абыходу санкцый у дачыненні да расейскай нафты. У санкцыйным спісе — 30 суднаў.
Дэвід Лэмі, заяўляючы пра ўвядзенне санкцый, таксама заклікаў саюзнікаў па «Вялікай сямёрцы» аказаць Украіне падтрымку — у прыватнасці, у сферы вайсковых паставак — у той меры, у якой гэта неабходна.
Вялікабрытанія і іншыя заходнія краіны імкнуцца максімальна ўзмацніць пазіцыі Украіны напярэдадні зімы. Перад адкрыццём нарады міністраў замежных спраў краін G7 у Італіі Лэмі выказаў упэўненасць у тым, што Кіеў атрымае «сродкі, вайсковую тэхніку і рыштунак, каб перажыць 2025 год».
Вялікабрытанія канстатуе, што Уладзімір Пуцін не праявіў «ніякіх прыкмет жадання весці перамовы» аб спыненні вайны з Украінай, адзначыў брытанскі міністр.
Выступаючы перад журналістамі, Лэмі заявіў, што меры, анансаваныя Лонданам, уяўляюць сабой самы вялікі пакет санкцый супраць расійскага ценявога флоту — караблёў, якія, як падкрэслівае Вялікабрытанія, выкарыстоўваюцца для абыходу ўведзеных краінамі Захаду абмежаванняў у дачыненні да расейскай нафты.
МЗС Вялікабрытаніі растлумачыў, што судны, унесеныя ў санкцыйны спіс, у мінулым годзе перавезлі нафту і нафтапрадукты на мільярды фунтаў стэрлінгаў і што дзякуючы новым мерам колькасць нафтавых танкераў, якія знаходзяцца пад санкцыямі Вялікабрытаніі, складзе 73.
У санкцыйны спіс увайшлі танкеры «Белгарад», «Брацк», «Краснаярск», «Кемерава», «Каломна», «Анатолій Калодкін», «Георгій Маслаў», «Віктар Бакаеў», «Антарктыка» і іншыя.
Вялікабрытанія таксама заявіла, што пад санкцыі трапілі дзве расійскія страхавыя кампаніі, «АльфаСтрахование» і ВСК, якія абслугоўваюць гэты флот.
Расія з сакавіка паставіла Паўночнай Карэі мільён барэляў нафты — гэта ў 10 разоў больш, чым афіцыйна летась
Швецыя анансавала эмбарга на пастаўкі расійскага звадкаванага прыроднага газу і санкцыі супраць нафтавых танкераў
Найбуйнейшы НПЗ Індыі адмовіўся прымаць расійскія танкеры
Расія пераводзіць свой нафтавы флот пад сцяг Габона
Каментары