Абвясцілі збор сродкаў на стварэнне серыі дакументальных фільмаў пра Алеся Адамовіча
Ініцыятыўная група «Прыпынак Адамовіча» запусціла збор сродкаў на стварэнне серыі дакументальных фільмаў пра Алеся Адамовіча да 100-годдзя пісьменніка.
Першы фільм плануецца прысвяціць антыядзернай пазіцыі пісьменніка. Апроч таго, у планах ініцыятывы таксама іншыя тэмы, якія падымаў Алесь Адамовіч: антываенная, тэма рэпрэсій і тэма прымірэння ды пакаяння народаў.
Ініцыятыўная група ўжо сабрала і працягвае збіраць архіўныя фота і відэа з тых часоў. Напрыклад, удалося звязацца з японскімі арганізацыямі і японскай актрысай Камакі Курыхара, каб запісаць іх каментары і ўспаміны пра візіт Алеся Адамовіча ў Японію.
Таксама ўжо ёсць дамоўленасці з іншымі людзьмі для запісу іх успамінаў, але некаторыя з іх знаходзяцца ў сталым узросце і маюць праблемы са здароўем, таму ёсць рызыка не паспець.
Сабраныя сродкі пойдуць на набыццё абсталявання для відэазапісу, кошт якога складае каля 4000 еўра, на выдаткі, звязаныя з праездам і пражываннем здымачнай групы, бо здымкі будуць праходзіць у Японіі, Германіі, Польшчы і іншых краінах. Акрамя таго, неабходна аплаціць аўтарскія правы за выкарыстанне асобных матэрыялаў і ганарары спецыялістам.
Ініцыятыўная група «Прыпынак Адамовіча» была створана ў студзені 2018 года ў Беларусі. Да 2020 года яна змагла рэалізаваць некалькі праектаў па захаванні памяці Алеся Адамовіча. Аднак пасля 2020 года дзейнасць ініцыятывы была вымушана прыпынена. Цяпер група вяртаецца, каб ізноў нагадаць пра Алеся Адамовіча і актуальнасць яго ідэй.
Зрабіць свой унёсак можна на краўдфандынгавай платформе Zrzutka.pl.
Алексіевіч: Як пісьменнік я пачалася з «Былога і думаў» Герцэна, а найбольшы ўплыў на мяне зрабілі Чэхаў і Дастаеўскі
Кніга «Я з вогненнай вёскі…» выйшла па-нямецку
Пасля аварыі на ЧАЭС кіраўнікоў БССР хацелі судзіць, а абараняў іх Лукашэнка
Алексіевіч: Новы Гітлер з новымі тэхналогіямі страшнейшы за тое, што мы ведаем з гісторыі
Каментары