Аляксандр Лукашэнка 6 жніўня правёў сустрэчу з экс-прэзідэнтам Кыргызстана Курманбекам Бакіевым, перадае БелТА.
Нагодай для размовы стаў 70-гадовы юбілей госця, які ён адзначыў некалькі дзён таму.
Лукашэнка ў Палацы Незалежнасці цёпла павіншаваў Курманбека Бакіева, зрабіў сімвалічныя падарункі — карціну «Паляванне качэўнікаў з беркутам». Стэпавы арол або беркут — асаблівы знак у светаразуменні качэўнікаў. Юбіляру Лукашэнка таксама падарыў корцік і букет беларускіх кветак.
«Гэта ж мая краіна… Коні, беркуты…», — адрэагаваў Курманбек Бакіеў, убачыўшы карціну.
«Твая краіна і твая стыхія. Птушка гэтая ганарлівая на цябе падобная», — заўважыў Лукашэнка.
Курманбек Бакіеў падзякаваў кіраўніку Беларусі за падарункі.
«Мы ўсе і прыйдзем да цябе на дзень нараджэння, — працягнуў сяброўскі дыялог Аляксандр Лукашэнка. — Ты можаш нам прыгатаваць кыргызскі плоў? Плоў з цябе, віно — з нас!» Курманбек Бакіеў адказаў, што з задавальненнем прыме гасцей і асабіста прыгатуе пачастунак.
«Сам буду рабіць», — падкрэсліў ён.
Каментары