«У Адміністрацыі людзі хварэюць!» У Ютубе з'явіўся новы скандальны аўдыязапіс
Новы аўдыязапіс тэлефоннай размовы асоб, чые галасы падобныя да галасоў людзей з найбліжэйшага атачэння Аляксандра Лукашэнкі, з'явіўся ў Ютубе.
Цяпер гэта галасы, падобныя да прэс-сакратаркі Лукашэнкі Наталлі Эйсмант і яго асабістага памочніка Мікалая Латышонка.
Размова, мяркуючы па ўсім, адбываецца 22 лістапада. З яе вынікае, што яны звычайна тэлефануюць праз месенджары, але гэта зноў нядзеля, мабільны інтэрнэт адключаны, бо ў сталіцы зноў пратэсты, а таму «Наталля Мікалаеўна» змагла дазваніцца «Мікалаю Леанідавічу» толькі праз звычайны тэлефон.
Яна званіла, каб папярэдзіць пра тое, што не зможа з'явіцца на працу, і расказала аб прычынах гэтага.
Размова зноў утрымлівае нямала сенсацыйных момантаў. Яна, напрыклад, тлумачыць спецыфічную рассадку топ-чыноўнікаў на нарадзе 17 лістапада. Тады, нагадаем, Наталля Эйсмант сядзела бліжэй да Аляксандра Лукашэнкі, чым старшыня КДБ. А па правую руку ад яе сядзеў кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Ігар Сяргеенка, які выглядаў вельмі бледным, гэта было заўважна на афіцыйных відэа з нарады.
«У Адміністрацыі месяцамі людзі хварэюць!» — гучыць, сярод іншага, у размове адносна сітуацыі з кавідам на самых вярхах улады.
Размова мае шанец разысціся на мемы, як і папярэдняя.
«А может это не это?» — пытаецца Мікалай Леанідавіч. І «пейте там побольше жидкости…» — раіць ён суразмоўцы на развітанне.
Запіс выглядае аўтэнтычным, прыкмет мантажу незаўважна. Але тэхнічных сродкаў, каб праверыць яго сапраўднасць, мы не маем.
Каментары