Выбары-2020

«Мы нарэшце сталі дарослымі». Як вядомыя беларусы ацэньваюць год пасля выбараў 

Вядомыя беларусы падзяліліся згадкамі і меркаваннямі пра год, які прайшоў з часу прэзідэнцкіх выбараў. Сабралі выказванні (спойлер — усе аптымістычныя).

«Шчаслівы, што мне хапіла сіл назваць чорнае чорным»

Журналіст Дзмітрый Семчанка да жніўня 2020 года працаваў на тэлеканале АНТ, быў у прэзідэнцкім пуле. Аднак пасля падзей 9-12 жніўня сышоў з тэлеканала. Па словах Дзмітрыя, з таго часу ў яго сотні разоў запытвалі, ці не шкадуе ён, што сышоў.

«Але самы лепшы адказ дае падсвядомасць».

Пасля ўніверсітэта Дзмітрый размеркаваўся на завод інжынерам.

«Акрамя мізэрнай зарплаты не магу ўспомніць нешта дрэннае. Ды і на гэтую дэталь дазваляў не звяртаць увагу невялікі бізнэс».

Семчанка трапіў праз кастынг на Магілёўскае тэлебачанне, праз колькі гадоў — на АНТ. «Ужо праз некалькі мне прапаноўвалі працаваць на расійскім НТВ і ўкраінскім «Інтэры». Але ж я заўжды быў патрыётам. Змагаўся за незалежнасць, беларускасць, нашу гісторыю, біў інтэграцыйныя карты праз экран, які цяпер акупавалі прыхільнікі «рускага свету»…

Дык вось, мне гадамі сніўся адзін сон. Быццам не атрымалася на ТБ, і я вярнуўся на завод. Іду па цэхах і страх пажырае… Вось так я хварэў на тэлебачанне, так баяўся страціць…»

Як прызнаецца Семчанка,

пасля жніўня 2020 года яму ўжо некалькі разоў сніўся зусім іншы сон: ён вымушаны вярнуцца на АНТ, ідзе па знаёмых калідорах і думае, як усё патлумачыць людзям.

Тыя, хто са мной рэальна працавалі, ведаюць, што я не мог вымавіць з экрана хлусню. Таму хоць 100 разоў назавіце фэйкам катаванні і згвалтаванні дубінкамі, але я ведаю людзей, з якімі ўсё гэта зрабілі. Каго душылі пакетам, каго білі токам, хто тройчы губляў прытомнасць, пакуль яму скакалі па галаве на Акрэсціна. Хоць сто разоў паўтарыце «80%», гэта выкліча ў мяне толькі горкую ўсмешку».

«У жніўні 2020 кожны зрабіў свой выбар, — працягвае Семчанка. — І гэта не палітычны выбар. Няма больш у Беларусі ніякай палітыкі. Гэта выбар застацца чалавекам ці не.

Я не анёл. І мне таксама ёсць за што папрасіць прабачэнне ў свайго народа. Але я шчаслівы, што тады мне хапіла сіл назваць чорнае чорным.

Не шкадую я? Я ганаруся тым, што магу лічыць сябе беларусам. Я ганаруся, што прайшоў гэты пакуль невялікі шлях да свабоды нашага народа разам са сваімі братамі і сёстрамі, для якіх воля, сумленне і гонар ацанілі даражэй за грошы, кар'еру, здароўе і нават жыццё».

«Змена свядомасці, глыбінная, карэнная, адбылася. Рэвалюцыя дасягнула мэты»

Уладзімір Някляеў. Фота Сяргей Гудзілін

Паэт Уладзімір Някляеў называе беларускую Жнівеньскую рэвалюцыю найпрыгажэйшай у свеце.

«Рэвалюцыя — гэта не абавязкова змена ўлады. Але абавязкова — змена свядомасці. І яна, змена свядомасці, глыбінная, карэнная, адбылася. Рэвалюцыя дасягнула мэты»,

— лічыць Някляеў. А вось контррэвалюцыя, на яго думку, дасягнула адваротных мэтаў.

«Хіба забойствы, турмы, катаванні, здзекі з людзей, што ўдыхнулі паветра свабоды, змянілі іх свядомасць? Хіба яны зноў аслеплі і зноў не бачаць, у якім свеце жывуць? Не. Яны ўжо ніколі не будуць сляпымі.

І штучныя tv-крышталікі, каб яны бачылі свет не такім, якім ён ёсць, ім не ўставіць. Мёртвае не прыжываецца ў жывым. Чаго дасягнулі тыя, хто біў, катаваў, кідаў за краты жанчын з кветкамі? Пусцілі кроў? Нагналі страху? Замацавалі скрозь і ўсюды вобраз крымінальнай улады, якая гандлюе людзьмі?.. І гэта тое, чаго мусяць дасягаць краіны, народы ў ХХІ стагоддзі?»

Някляеў адзначае, што беларусам вякамі даводзілі, што беларускага народа няма, а нацыя не сфарміравалася.

«Беларусы не сталі спрачацца. Сказалі: «Хай сабе. Адышоў дык адышоў, не паспелі дык не паспелі». І падагналі на станцыю Стварэння Нацый свой лакаматыў. З бел-чырвона-белым сцягам, гербам «Пагоня» і надпісам «Жыве Беларусь!».

На думку паэта, нашы суайчыннікі майстравалі яго не адзін дзень.

«Ён стаяў на запасных пуцях у глыбіні нашай гісторыі. Некалькі разоў спрабаваў зрушыцца, але яго спынялі. Цяпер не спыніць».

«Няхай ад нашай рэвалюцыі, ад нашага Жніўня шмат што аднялі, — падсумоўвае Някляеў. — Але не адняць — бо гэта немагчыма — ад Жнівеньскай рэвалюцыі яе прыгажосць! І менавіта па ёй, па прыгажосці, распазнаюць цяпер і будуць распазнаваць у свеце Беларусь. Ад сёння і павек вякоў!»

«9 жніўня 2020 сталася днём незвароту»

«Веру, што аднойчы ў нас з'явіцца прыгожая традыцыя, якая будзе нагадваць кожнаму пакаленню беларусаў, што свабода — гэта каштоўны дар, за які трэба змагацца і які трэба абараняць. Які будзе нагадваць, што свабода — гэта не халява», — марыць былы палітвязень і даследчык Рэфармацыі Зміцер Хведарук.

«Мне асабіста хацелася, каб было нешта падобнае, як робяць варшавяне на гадавіну пачатку Варшаўскага паўстання 1944-га. Каб мы ўсе спыняліся і згадвалі, якім коштам мы заплацілі за абыякавасць, млявасць і маўчанне. 9 жніўня 2020 сталася днём незвароту, як бы каму ні хацелася!»

«Права на голас, права на мову, права на колер вачэй, права ўзяць слова»

Паэтэса Віка Трэнас метафарычна асэнсавала падзеі мінулага года:

«Будзь ты бясстрашны мільён разоў, неверагодна магутны, ці, наадварот, боязі ланцугамі да мура прыкуты.

Няважна, што ты абіраеш — крык або моўкнасць. Час твой настаў, і права тваё на самотнасць.

Права на голас, права на мову, права на колер вачэй, права ўзяць слова.

Права кідаць камяні, права збіраць каменне. Права на ўласную кроў і ўласныя гены.

Права ваўком абярнуцца або пацуком, слёзы гаючыя ліць ці ў горле ўтрымліваць ком.

Выжыць у жэрале пекла, выплыць з глыбіняў распаленай лавы, боль і нянавісць свае ў любоў пераплавіць.

Больш неістотная дзён і начэй даўжыня.

Права ўпасці на дно і адштурхнуцца ад дна».

«Мы сталі нарэшце дарослымі. Мы — народ. Мы — беларусы»

Галоўны рэдактар сайта «Хартыя 97» Наталля Радзіна лічыць, што падзеі апошняга года былі так спрэсаваныя, што за ўсе гады кіравання Лукашэнкі беларусы не ўсвядомілі столькі, колькі за апошнія 12 месяцаў.

«Мы зразумелі, што ненавідзім гэты гідкі, бесчалавечны, хлуслівы рэжым, і нас — большасць.

Мы зразумелі, што для канчатковай перамогі патрэбныя мужныя лідары і рашучыя дзеянні.

Мы ўсвядомілі сілу салідарнасці. Нам дапамагалі, і мы дапамагалі, нічога не чакаючы ў адказ. І ў гэтым наша сіла — ва ўзаемадапамозе.

Магу сказаць адно: мы абавязаныя перамагчы. У нас няма іншых варыянтаў. Давайце дзейнічаць. Разважаць пра тое, што не спраўдзілася можна гадамі. У некаторых на гэта ідзе ўсё жыццё — замест таго, каб ўключыцца і пачынаць нешта рабіць.

Мы сталі нарэшце дарослымі. Мы — народ. Мы — беларусы».

«Ці спалі мы нармальна з той раніцы? Ці елі ў смак?»

Ганна Севярынец. Фота Настасся Роўда

«Заўтра трыста шэсцьдзясят пятага дзявятага жніўня, — напісала вечарам 8 жніўня пісьменніца і педагог Ганна Севярынец. — Як па мне, гэта ўсё ніяк не скончыцца той дзень.

Так падумаўшы: ці спалі мы нармальна з той раніцы? Ці елі ў смак? Нікога з нас не вучылі жыць у такія часы.

Мне ўчора прыснілася, што я выглянула ў акно — а там марш. Агромны! Але вельмі ціхі і цёмны, без сцягоў. У поўнай цішы, у цемры сотні тысяч людзей ідуць, і толькі дыханне чутна. І я хачу крычаць камусьці, маўляў, марш ідзе, марш ідзе, а ў сне ж крычыш як рыба, толькі рот раскрываеш, і я прыгнула з хаты, выбегла на вуліцу — і прачнулася».

«Колькі ўсяго ў гэтым кароткім «змагаліся», будзем ведаць толькі мы з вамі»

Пісьменнікі-суаўтары Андрэй Жвалеўскі і Яўгенія Пастарнак

«Магчыма, год, які мы перажылі, нават не ўвойдзе ў падручнікі гісторыі. Але цалкам дакладна ўводзе дзень — 9 жніўня 2020 года», — піша пісьменніца Яўгенія Пастарнак. На яе думку, у падручніку будзе напісана, што гэта пачатак новага часу для Беларусі, таму што ў гэты дзень Аляксандр Лукашэнка разгромна прайграў выбары.

«Потым будзе напісана, што беларусы «змагаліся за свабоду і перамаглі». І колькі ўсяго ў гэтым кароткім «змагаліся» будзем ведаць толькі мы з вамі.

І кожнае 9 жніўня мы будзем збірацца разам, збіраць вакол сябе дзяцей і ўнукаў і пачынаць: «Той дзень я памятаю як зараз…

Чарга на ўчастку пачала збірацца аб адзінаццатай раніцы…»

Каментары

Памёр дзед Колі Лукашэнкі — былы вязень ГУЛАГа, асуджаны за дапамогу «бандэраўцам»9

Памёр дзед Колі Лукашэнкі — былы вязень ГУЛАГа, асуджаны за дапамогу «бандэраўцам»

Усе навіны →
Усе навіны

Студэнты-аматары запусцілі ў космас гіпергукавую ракету ўласнай вытворчасці2

Куды небяспечна ехаць беларусам, якіх на радзіме пераследуюць за палітыку КАРТЫ15

Аб'явілі збор на падтрымку Васіля Верамейчыка10

«Па-ўсякаму бывае. Так дзяржава вырашыла, так зрабіла». Літоўскія чыноўнікі пракаментавалі справу Верамейчыка15

Выратаваныя беларускія альпіністкі расказалі, як выжылі ў гарах Турцыі1

У Брэсце чыноўнікі паспрабавалі перабіць рэкорд БРСМ па колькасці дзяржсцягоў на квадратны метр ВІДЭА4

Маск і Рамасвамі расказалі, як будуць скарачаць выдаткі. Вось чаму гэта можа моцна паўплываць і на Беларусь18

У Расіі 49-гадовы рэжысёр зрабіў прапанову 17-гадовай актрысе. Сацсеткі абурыліся іх рамантычным ФОТА17

Мужчына збіў наведнікаў на пошце ў Дрыбінскім раёне. Адна жанчына памерла ВІДЭА2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Памёр дзед Колі Лукашэнкі — былы вязень ГУЛАГа, асуджаны за дапамогу «бандэраўцам»9

Памёр дзед Колі Лукашэнкі — былы вязень ГУЛАГа, асуджаны за дапамогу «бандэраўцам»

Галоўнае
Усе навіны →