Грамадства

«Калі б адкруціць час, я б пачала выказвацца раней». Аляксандра Герасіменя пра мужа, скандал з Базанавым і віншаванні Лукашэнкі

Сусветна вядомая плыўчыха Аляксандра Герасіменя пасля выбараў адкрыта асудзіла гвалт з боку сілавікоў. Яна, як і многія беларускія спартсмены, пасля гэтага была вымушаная з'ехаць. На «залатую рыбку», якой нядаўна ўручалі дзяржаўныя ўзнагароды, завялі крымінальную справу і сталі патрабаваць вярнуць участак у Драздах. Кіраўніца Фонду спартыўнай салідарнасці расказала «Нашай Ніве», чым скончылася гісторыя з домам, што яна думае пра Домрачаву і цяперашнюю сітуацыю. 

Фота: уласны архіў

«Наша Ніва»: Аляксандра, раней, калі вы былі спартсменкай, Лукашэнка вас віншаваў з перамогамі. А што было да 2020 года? Ці заўважалі вы як людзей саджаюць? Што выбары былі і да гэтага несправядлівыя? 

АГ: Я разумела і да таго, што адбываецца. Ведала, што выбары ў нас — гэта ўмоўная назва. Але адзін у полі не ваяр. Што можна зрабіць? Можна выказаць сваю нязгоду і апынуцца за кратамі. Гэта па-першае.

Па-другое, спартоўцы знаходзяцца ў пэўным вакууме. Нават калі ты нешта ведаеш і разумееш, лягчэй абстрагавацца ад гэтага ўсяго, каб не далучацца да гэтых працэсаў і засяродзіцца на выніку, які ты хочаш паказаць. Чым менш спартовец рэагуе на вонкавыя раздражняльнікі, тым больш у яго шанцаў дасягнуць мэты. 

Я сама часта перад спаборніцтвамі практычна не заходзіла ў інтэрнэт, не чытала навіны, каб не бударажыць свой стабільны псіхалагічны стан і быць нацэленай на вынік. І было такое разуменне, як у большасці беларусаў, што мой голас нічога не вырашае і што змяніцца нічога не можа. Жнівень мінулага года змяніў маё меркаванне. 

Калі мы жадаем нешта змяніць, то трэба пачынаць з сябе, не чакаць, калі прыйдзе чароўны момант ці час. Менавіта таму мы пачалі выказвацца супраць гвалту. І я зразумела, што сваю пазіцыю я не памяняю.

Фота: скрыншот відэа.

«НН»: Але вы разумелі, што пасля гэтага вас могуць рэпрэсаваць? Ці не было страшна паставіць усё на карту? Не шкадуеце цяпер?

АГ: Разумення, што дойдзе да таго, што мне трэба будзе зʼехаць, не было. Думала, што будзе пэўны ціск. Той гвалт, які адбываўся з людзьмі, быў шокам. Меркавалі, што паганяюць людзей, запалохаюць. Але тое, што гэта будзе настолькі жорстка, ніхто не мог уявіць. Калі я толькі пачала выказваць сваю пазіцыю, я, вядома, не ўяўляла, што так будзе.

У той момант, як я прыняла рашэнне ўзначаліць Беларускі фонд спартовай салідарнасці, зразумела, што для гэтага мне трэба зʼехаць. І я ніколькі не шкадавала аб сваім рашэнні. 

Калі б можна было адкруціць час, я б пачала выказвацца раней. У прыватнасці, рэагаваць раней на закрыццё маіх школ. Уяўляю, які быў разгублены стан у бацькоў, якія спадзяваліся, што іх дзеці будуць займацца. Магчыма, калі б я пачала выказвацца раней, школы б закрылі раней і дзеці маглі б знайсці іншую секцыю.

Аляксандра з алімпійскім медалём. Фота: delfi.ee.

«Пасля таго, як мае знаёмыя спартсмены падпісалі праўладны ліст, было непрыемнае пачуццё датычнасці»

«НН»: Разам з вамі выказалася шмат спартсменаў. Але далёка не ўсе, хто мог. Напрыклад, пасля таго, як збілі брата Дар'і Домрачавай, усе чакалі ад яе эмоцый. Тая ж Скардзіна выказалася наконт збіцця Мікіты хоць бы ў сябе ў сацыяльных сетках. Ці была для вас нечаканай рэакцыя Домарчавай на сітуацыю?

АГ: Я не магу адказваць за іншых спартоўцаў. Не ведаю, якія ў іх былі ўнутраныя стымулы, якія не далі ім магчымасці адрэагаваць так, як хацелася. Нехта робіць прыярытэт на ўнутраную выгаду. Нехта разумее, што калі прамаўчыць, то потым будзе ўсё жыццё шкадаваць. Кожны прымае рашэнне згодна са сваім сумленнем.

«НН»: Ці былі ў вас расчараванні ў калегах, якія падпісалі праўладны ліст? Былі ў спісе тыя імёны, якіх вы не чакалі?

АГ: З многімі я была знаёмая і мне здавалася, што мы былі добрымі прыяцелямі. Безумоўна, пасля таго, як яны напісалі ліст, у мяне было непрыемнае пачуццё датычнасці. Як быццам я таксама мела дачыненне да гэтага, бо мы з некаторымі былі ў прыяцельскіх адносінах. Але самае блізкае кола маіх сяброў засталося са мной.

«НН»: Ёсць фраза, якую часта ўжываюць беларускія чыноўнікі розных велічынь. Маўляў, спорт павінен быць па-за палітыкай. На ваш погляд, гэта слушная заўвага?

АГ: Спорт не можа быць па-за палітыкай, бо кожны спартовец, прадстаўляючы сваю краіну, з'яўляецца дыпламатам. Ён за кошт сваіх выступаў распавядае пра Беларусь. І сваім узроўнем расказвае пра развіццё спорту ў Беларусі ў цэлым. 

Чаму пра Беларусь ведаюць? У прыватнасці, бо былі спартоўцы, якія дасягнулі вышынь на міжнародных узроўнях. Такім чынам, гэта дае магчымасць наладжваць дыпламатычныя сувязі, арганізоўваць буйныя спартовыя турніры. А гэта прыцягвае нейкія новыя інвестыцыі ў краіну. 

Фота: уласны архіў

Таму спорт ён не па-за палітыкай. Але гэта, калі не ўнікаць у само паняцце «палітыка». Да гэтага часу да мяне паступаюць пытанні з разраду: «Куды ты лезеш у палітыку?». Пра якую палітыку мы гаворым? Я выказваю свой пункт гледжання, сваю пазіцыю. Мабыць, у кожнага сваё паняцце палітыкі. І цяпер выражэнне грамадзянскай пазіцыі ўспрымаецца як палітыка. На жаль, пакуль людзі не размяжоўваюць палітыку і грамадзянскую пазіцыю.

«Амерыканскім спартоўцам кожны раз гавораць, якія яны класныя, чаго яны могуць дасягнуць. У нас усё робіцца праз страх»

«НН»: У адным з інтэрвʼю вы сказалі, што спартыўная сістэма ў Беларусі згніла. На вашу думку, калі гэта пачалося і як адбывалася?

АГ: Гэта адбылося не толькі ў спорце, а ва ўсіх галінах. Людзі, якія кіруюць той ці іншай галіной, не прафесіяналы сваёй справы. Яны не маюць уяўлення, як развіваць тую ці іншую сферу. Большасць нашых кіраўнікоў не могуць размаўляць нават на англійскай мове. Яны выязджаюць з дэлегацыяй і патрабуюць ад кагосьці, каб яны ішлі размаўлялі. А ты навошта тут? Менавіта твая задача весці перамовы.

У нас адзін раз міністр запытаўся, навошта нам адкрытая вада, і прапанаваў ехаць трэніравацца на Мінскае мора. Гэта для разумення ўзроўню ведаў чалавека, які кіруе ўсёй спартовай галіной. Вельмі сорамна бывае за такіх прадстаўнікоў.

Калі я прыязджала на міжнародныя турніры і бачыла каманду ЗША, яны рэальна ганарацца, што яны выступаюць за сваю краіну. І не таму, што ім у галаву ўбіваюць, што Амерыка лепшая за ўсіх, яны шчыра вераць. Амерыканскім спартоўцам кожны раз гавораць, якія яны класныя, чаго яны могуць дасягнуць.

У нас усё робіцца праз страх. Кажуць, што спорт па-за палітыкай, а чаму ён па-за, ніхто не скажа. Адпаведна, уся падрыхтоўка будуецца на тым, што спартоўцы вінны дзяржаве. Каму і чаму яны вінны, таксама ніхто не разбіраецца. Пра тое, што грошы на спартоўцаў выдзяляюцца праз падаткаплацельшчыкаў, пра гэта ніхто не кажа. Разуменне такое, што спартоўцы вінны дзяржаве, таму што для іх дзяржава будуе басейны.

Медаль, які прадала Герасіменя

«НН»: Але спорт у Беларусі — гэта звычайна адна з найважнейшых тэмаў. Па спаборніцтвах часта праводзяць нарады з удзелам Лукашэнкі. Узровень пільнасці выглядае найвышэйшым. Прыхільнікі Лукашэнкі кажуць, што ён разбіраецца ў спорце і шмат для яго зрабіў. 

АГ: Я не буду адмаўляць, што ён вялікую ўвагу надаваў спорту. Я лічу, што спорт для яго як цацка. Нездарма ён быў прэзідэнтам Нацыянальнага алімпійскага камітэта.

У Лукашэнкі была магчымасць усе заслугі спартоўцаў перавесці на сябе. Адзіны чалавек, які ўмеў рабіць усё: бегаць, скакаць, страляць, і вучыў іншых. Вядома, у сувязі з гэтым у спартоўцаў было ўсё неабходнае для развіцця і трэніровак.

Але ёсць перакосы. Напрыклад, тыя лядовыя арэны, якія пабудавалі на мільёны даляраў. Яны абсалютна нерэнтабельныя. Можна ж было пабудаваць маленькія, каб дзеці маглі займацца. Але, на жаль, з-за гэтага пафасу выйшла інакш. З-за яго ўнутраных амбіцый.

«Вельмі спадзяюся, што УЕФА адгукнецца, пачне расследаванне супраць Базанава»

«НН»: Калі здарылася гісторыя з Ціманоўскай на Алімпіядзе, што вы адчулі? Ці былі ў вас падобныя сітуацыі, калі трэнеры і спартыўнае кіраўніцтва на вас ціснулі, як і на Крысціну?

АГ: Не, такіх сітуацый не было. Я нікому не дазваляла так з сабой абыходзіцца. Магчыма, мой статус меў значэнне і ўплываў. Я б адназначна адразу выказала сваё абурэнне, калі б такое было раней.

«НН»: Цяпер разгарэўся чарговы скандал з кіраўніком федэрацыі футбола ў Беларусі Уладзімірам Базанавым. Як вы ставіцеся да таго, што адбылося?

АГ: Цікава даведацца, як ён наогул змог трапіць у Еўрасаюз, не маючы дазволу на ўезд. Хацелася б, каб меры былі больш строгія. Каб былі ўжытыя санкцыі канкрэтна да яго. Але, напэўна, урад Чэхіі не меў на тое падставы. Хоць штраф, я думаю, даць маглі. 

Вельмі спадзяюся, што УЕФА адгукнецца, пачне расследаванне супраць Базанава. І ўжо спартыўныя санкцыі будуць да яго ўжытыя. Цікава, што праз паўтары гадзіны пасля арышту Базанава УЕФА актыўна адрэагавала і заступілася за яго. Хоць на нашу справаздачу пакуль рэакцыі няма. Мы лічым, што Базанаў датычны да рэпрэсій ў дачыненні да футбалістаў у Беларусі.

Фота: уласны архіў

«НН»: Фонд спартыўнай салідарнасці дамогся, каб шэраг спаборніцтваў у Беларусі так і не прайшоў. Пасля кейса з Ціманоўскай, здаецца, у Беларусі ўжо ніякія спартыўныя матчы не будуць праходзіць. На чым вы сканцэнтруецеся цяпер?

АГ: У нас адкрыўся праект «Акадэмія», дзе мы навучаем спартыўнаму менеджменту і маркетынгу. Гэта ўводны курс для магчымых будучых кіраўнікоў у спорце. І другі праект — спартыўны хакатон, дзе спецыялісты з IT, бізнэсу і спорту стварылі новыя высокатэхналагічныя праекты для спорту. Зразумела, мы працягваем дапамагаць спартсменам, якія выказаліся супраць таго, што адбываецца. 

Вядома, спартсмены не могуць выступаць на спаборніцтвах ад нашага фонду. Яны павінны прадстаўляць краіну. Але калі чалавек не хоча прадстаўляць Беларусь, мы гэтае пытанне таксама будзем вырашаць, каб у іх была магчымасць выступаць на спаборніцтвах пад сцягам Міжнароднага алімпійскага камітэта. Гэта значыць, пад нейтральным сцягам. 

Многія спартсмены хочуць працягнуць сваю кар'еру, але яны не хочуць прадстаўляць цяперашнюю Беларусь. Адпаведна, мы будзем працаваць над гэтым. У сітуацыі з Ціманоўскай Фонд дапамог яе адправіць у Польшчу. Гэта значыць, у бяспеку. Гэта першае, што ўдалося зрабіць. Цяпер Крысціна працягвае займацца, у яе з'явіўся трэнер.

«НН»: Акрамя фонду, чым яшчэ займаецеся? Ці плануеце адкрыць школу за мяжой?

АГ: Магчыма, як складзецца. Колькі мы яшчэ будзем не дома, невядома. У нейкі момант я зразумею, што жадаю працягваць займацца сваёй любімай справай, дзяліцца досведам. Калі ў Беларусі мае веды не патрэбныя, то я іх буду прымяняць у іншых краінах. Мне, вядома, хочацца вярнуцца дадому і займацца з ужо знаёмымі мне рабятамі, але, калі такой магчымасці не будзе, то я падумаю пра школу ў іншай краіне.

«Узнікла пытанне, ці патрэбны Цуркін у зборнай. Яно стаяла востра»

«НН»: Вы з'ехалі, а ваш муж плывец Яўген Цуркін застаўся ў зборнай. Як так атрымалася і як ставіліся да яго ў той час?

АГ: Узнікла пытанне, ці патрэбны Цуркін у зборнай. Яно стаяла востра. І мы ведаем, адкуль такое пытанне ішло.

Мабыць, палічылі, што патрэбны. Не ўжывалі нейкага ціску і рэпрэсій. Да таго моманту, пакуль ён сам не вырашыў выказацца. Літаральна адразу яму зрэзалі стыпендыю і прыбралі надбаўкі. Я ўпэўненая, што пасля Алімпійскіх гульняў знайшлі б нагоду, каб яго звольніць.

Аляксандра разам з мужам. Фота: сацыяльныя сеткі

«НН»: Дарэчы, а муж вас падтрымліваў ад пачатку? Ці былі нейкія розныя погляды на сітуацыю?

АГ: Адразу. У нас былі аднолькавыя меркаванні.

«НН»: Ваш муж прыехаў да вас праз паўгода. Наколькі гэта складана перажываць такое расставанне і такія падзеі адной? 

АГ: Я прывыкла з мужам жыць паасобку. Таму што пасля нараджэння дзіцяці я была заўсёды дома, а ён часта з’яжджаў на зборы або спаборніцтвы. Адпаведна, я яго бачыла толькі па выхадных.

Для мяне гэта быў не такі ўжо цяжкі год у плане расстання, як аказалася. Але гэтыя паўгода былі неспакойнымі. І ўбачыцца было немагчыма, бо муж рыхтаваўся да алімпіяды. Магчымасці выехаць не было. Што зрабіць. Жыццё яно такое. Значыць, гэта для чагосьці было патрэбна.

Для дачкі, вядома, расставанне было складанейшым. Яна зʼехала разам са мной. Для яе наш пераезд не быў складаным. Проста новыя знаёмствы, новыя месцы і ўражанні. Калі муж вярнуўся, у дачкі ў галаве яшчэ застаўся той тата, які быў шэсць месяцаў таму. І ў яе быў нейкі перыяд несастыкоўкі. Але потым яна ўспомніла тату, калі можна так сказаць, і ўсё наладзілася.

«НН»: Чым скончылася ваша гісторыя з домам у Драздах? Суды працягваюцца?

АГ: Я пакуль не прыцягваю ўвагу да гэтай тэмы. Мы яшчэ судзімся, спрабуем адваяваць дом, хоць гэта абсалютна бессэнсоўны занятак. Але без бою не здаёмся. Ёсць шанец проста расцягнуць увесь працэс. Асноўнае абвінавачанне ў тым, што нібыта ў мяне была самавольная пабудова. Хоць у мяне ёсць усе подпісы і ўсе патрэбныя дакументы. Патрабуюць вярнуць участак і знесці дом.

Дом Аляксандры Герасімені. Фота: Onliner.by

«Калі пачынаю сумаваць па доме, імкнуся з кім-небудзь пагутарыць»

«НН»: Сочыце за падзеямі ў Беларусі? Што з апошняга вас уразіла больш за ўсё?

АГ: Канечне, самае гучнае — гэта сітуацыя з мігрантамі. Мне вельмі сумна, што людзі аказаліся зброяй у руках улады. Вядома, шмат хто з іх разумеў, куды яны едуць. Але ў любым выпадку, ніхто не мог прадказаць, што такое будзе. Думаю, што адзінае, што можна зрабіць, гэта прымяніць яшчэ большыя санкцыі, напэўна. Гэта трэба зрабіць, каб людзі, якія яшчэ хочуць прыехаць, не змаглі гэтага зрабіць.

«НН»: Прайшоў год, але нічога не мяняецца, многія людзі ўжо пачалі губляць надзею на перамены. А вы? Як вы сябе падтрымліваеце? Як вы спраўляецеся з тугой па радзіме?

АГ: Не пагаджуся, што не мяняецца. Проста гэтыя змены не вельмі заўважныя. Можа быць, не так хутка, як мы хацелі б. Мэта ёсць, трэба да яе ісці. Калі пачынаю сумаваць па дому, імкнуся з кім-небудзь пагутарыць, паглядзець фільм, адцягнуцца ад таго, што адбываецца. Часам здаецца, што нешта ідзе не па плане, але насамрэч, гэта толькі здаецца. Калі нешта ідзе не так, я раблю паўзу, пераварваю тое, што адбылося, і іду далей.

Каментары

У Беларускай праваслаўнай царкве абнавілі цэннік? Вось якія будуць рэкамендаваныя тарыфы7

У Беларускай праваслаўнай царкве абнавілі цэннік? Вось якія будуць рэкамендаваныя тарыфы

Усе навіны →
Усе навіны

Папярэджанне пра пагаршэнне ўмоваў надвор'я на дарогах краіны1

Чэргі з легкавікоў на польскай мяжы зніклі

Расійская армія ажыццяўляе самае хуткае прасоўванне ва Украіне з 2022 года1

Улады хваляцца, што ў Беларусь па бязвізе прыехаў мільён еўрапейцаў. Няўжо праўда?5

Гендырэктара TikTok выклікалі ў Еўрапарламент пасля выбараў у Румыніі8

Рэстаўрацыі ў Беларусі засталося на тры дні. Галоўнаму прадпрыемству краіны фактычна падпісалі смяротны прысуд6

Як Лукашэнка кульгаў, выходзячы з самалёта ў Пакістане ВІДЭА13

Тэлевядучая Святлана Бароўская расказала пра новага мужа — загадкавага расійскага бізнэсмена14

У Беластоку выклікалі «на паядынак» і збілі да страты прытомнасці 16-гадовага беларуса5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Беларускай праваслаўнай царкве абнавілі цэннік? Вось якія будуць рэкамендаваныя тарыфы7

У Беларускай праваслаўнай царкве абнавілі цэннік? Вось якія будуць рэкамендаваныя тарыфы

Галоўнае
Усе навіны →