«Столькі не было ніколі». У паліклініках робіцца нешта неймавернае, такі наплыў кавідных пацыентаў
У суседніх Латвіі і Літве кавід б'е рэкорды — там за дзень фіксуюць па 9 і 10 тысяч новых выпадкаў. Беларуская ж афіцыйная статыстыка хоць і расце з сярэдзіны студзеня, але не перакрочвае парогу 2000 кейсаў. Якая насамрэч сітуацыя на месцах?
«Усе мазкі, якія мы бралі, паказалі кавід»
Значны рост заўважаюць дактары ў паліклініках. Як нам расказалі ў адной з іх у Мінску, днямі быў пік новых выпадкаў — больш за 160 за дзень. Гэта толькі ў іх установе. Такіх лічбаў не было ніколі.
«Працэнтаў 70 тэстаў аказваюцца станоўчымі. Апошні раз на візітах наогул усе мазкі, якія мы бралі, паказалі кавід», — дзеліцца тэрапеўт.
У яго паліклініцы шмат дактароў хварэе, таму астатнім медыкам даводзіцца заставацца на прыёме дапазна, часам вызваляюцца толькі а 10-й вечара. Калі раней у дапамогу дасылалі студэнтаў з медуніверсітэта ці бээрсээмаўцаў (ім даручалі, напрыклад, разносіць рэцэпты), то цяпер гэтага няма.
Што праўда, дадае тэрапеўт, цяпер людзі хварэюць лягчэй. Гэта тлумачаць асаблівасцю «амікрона» (Мінскі гарадскі цэнтр гігіены і эпідэміялогіі паведамляў, што 80% выпадкаў кавіду ў сталіцы — менавіта гэты штам).
«Доктар нядаўна хварэла — толькі насмарк быў. Калі б не зрабіла тэст, то і не ведала б, што гэта «карона», — згадвае суразмоўца.
Райцэнтр: абвастрэнне назіраюць участковыя тэрапеўты, але не бальніцы
Фельчар станцыі хуткай дапамогі ў адным з райцэнтраў Віцебскай вобласці заўважае, што ў іх кавідных выклікаў мала.
«Так, часта выклікаюць, калі тэмпература, але, як правіла, ні «амікронам», ні «дэльтай» там не пахне. Мы папярэдне ставім дыягназ «вострая рэспіраторная інфекцыя», калі няма падазрэння на пнеўманію.
Тым часам калега з паліклінікі кажа, што ўжо два тыдні як у дзень «плюсуе» больш за дзесяць пацыентаў — пачынае павялічвацца захворвальнасць», — кажа медык.
У раённай бальніцы месцаў дастаткова, нават аддзяленне педыятрыі, якое ў папярэднія хвалі аддавалі пад кавід, вярнулі да звычайнай працы. Пры гэтым цяжкіх пацыентаў нямала.
«Амікрон, можа, і лягчэй пераносіцца, але ёсць і іншыя штамы. Пульманалагічная рэанімацыя працуе ў штатным рэжыме, і там рэдка ёсць вольныя месцы», — адзначае фельчар.
Бальніцы ў вялікіх гарадах зноў рыхтуюцца аддаць пад кавід дадатковыя аддзяленні
У буйных гарадах жа рост колькасці пацыентаў адчуваюць ужо і бальніцы. Недзе пагаршэнне сітуацыі назіраецца з сярэдзіны студзеня, недзе яно пачалося тыдзень таму.
«Некалькі месяцаў таму яшчэ было па месцаў 10 вольных у кожным аддзяленні, а цяпер на калідор зноў кладуць», — дзеліцца медык, якая працуе ў прыёмным пакоі сталічнай бальніцы. Пад кавід там аддадзена шэсць аддзяленняў.
Яна дадае, што рэанімацыі ў іх заўсёды запоўненыя. Размовы пра тое, каб перавесці ў лік кавідных дадактовыя аддзяленні, вядуцца ў некалькіх бальніцах Мінска.
У адной з Віцебскіх бальніц, расказваюць дактары, таксама рыхтуюцца аддаць пад кавід дадатковае аддзяленне (яго толькі ў снежні зрабілі чыстым і цяпер зноў вяртаюць пад каранавірусных пацыентаў).
«Ёсць тэндэнцыя да павышэння колькасці хворых. Рост пачаўся пасля навагодніх святаў, недзе плюс 20 працэнтаў. Але сітуацыя не крытычная, месцаў пакуль хапае. «Амікрон» працякае лягчэй, яго сімптомы падобныя да вострых ротавірусных інфекцый, але і заразнасць яго вышэйшая, чым у іншых штамаў», — кажа віцебскі медык.
Іншы доктар з віцебскай бальніцы ацэньвае загрузку медыкаў як звычайную. Цякучкі кадраў няма, дактары бяруць кавідных пацыентаў, бо ёсць даплаты.
«Сёння аўралу з кавідам няма, але ён прагназуецца», — апісвае размоўца сітуацыю ў бальніцах.
Каментары