Грамадства

97-гадовы прафесар Іван Данілаў: «Я ваяваў за Беларусь і веру, што Пуціну не ўдасца ўцягнуць нас у зладжаную ім бойню…»

Доктара медыцынскіх навук, прафесара Івана Данілава ў грамадстве пачалі ўспрымаць як гісторыка, папулярызатара нашай мінуўшчыны. Гэта ж не жарты: за апошнія паўтара дзясятка гадоў ён напісаў ажно 12 кніг! Пераважна пра падзеі Другой сусветнай вайны. Прычым далёка не заўсёды яго погляды на вайну супадаюць з афіцыйнымі, выкладзенымі ў акадэмічных даследаваннях. За што Данілава аўтары тых даследаванняў часам называлі «нязручным ветэранам». Каб даведацца, у чым яго«нязручнасць», «Народная Воля» завітала да былога партызана і франтавіка ў госці.

— Іванё Пятровіч, гледзячы на вас, ведаючы пра ваша актыўнае жыццё, пра тое, што днямі вы закончылі пісаць новую кнігу, я ніяк не магу даць веры, што вам ужо пад сотню гадоў…

— Так, праз два месяцы мне споўніцца дзевяноста восем. Раскажу вам адну гісторыю, звязаную з маім узростам. Гадоў дваццаць таму я цэлы год пражыў у ЗША — там адна з маіх дачок замужам за амерыканцам. Унука даглядаў, хадзілі з ім на прагулкі. Гуляючы, пазнаёміўся з амерыканскім лекарам, які быў родам з Беластока. Разгаварыліся. Калі ён даведаўся, што і я лекар, гематолаг па спецыяльнасці, то прапанаваў папрацаваць у іхняй клініцы на стаўку (у мяне грын-карта была з дазволам на працу). І тут раптам высветлілася, што мне пад восемдзесят… У такім узросце я мог працаваць толькі кансультантам. Прызнацца, я і на гэта быў згодны, радасны вярнуўся з унукам дахаты. А дачка зладзіла мне скандал: табе што, есці няма чаго?! Яна ў мяне з характарам. Пасядзеў я яшчэ трохі з унукам і вярнуўся ў Беларусь.

— Цягнула на радзіму?

— А хто я такі ў той Амерыцы? Ніхто. Чужына ёсць чужына. Неяк захацелася мне чорнага хлеба з салам. Знаёмая з літоўскай дыяспары прывезла — дык той хлеб немагчыма было есці! Думаю, што ў ЗША я б нічога не напісаў, а тут у мяне ўсё ж выйшла 12 кніг пра вайну. Першая — «Запіскі заходняга беларуса» — была выдадзеная, калі мне споўнілася 83 гады.

— Як вы сёлета адзначылі Дзень Перамогі?

— Быў запрошаны на святкаванне ў сваю alma mater — Медыцынскі ўніверсітэт і нават выканаў там песню «Эх, дороги», якую вельмі люблю. У адрозненне ад многіх пафасных песень, у ёй расказваецца, як цяжка нам давалася перамога… Ну і атрымаў грашовую дапамогу ад Інстытута пералівання крыві, дзе я дзесяць гадоў быў дырэктарам. Помню, прызначалі мяне, як у войску. Папрацаваўшы пасля ўніверсітэта (тады інстытута) ў Поразаўскім раёне каля Белавежскай пушчы, я паступіў у аспірантуру і абараніў кандыдацкую дысертацыю. І вось маладога кандыдата навук выклікаюць у Міністэрства аховы здароўя. Прыходжу, а міністр Іван Інсараў (сам былы партызан, вельмі справядлівы і добра адукаваны) кажа: пойдзеш дырэктарам Інстытута пералівання крыві. Я засумняваўся: маўляў, замалады для такой пасады. Тут міністр як грукне кулаком па стале: «Вы паглядзіце на гэтага дзівака, яму сорак, а ён усё маладзіцца!» І адправіў мяне афармляцца ў аддзел кадраў.

— Вы прайшлі ўсю вайну — спачатку партызанілі, потым на фронт трапілі. Дзе было цяжэй?

— На фронце. Наш партызанскі атрад дзейнічаў каля Дняпроўска-Бугскага канала, паміж Прыпяццю і каналам. Мы таксама кантралявалі чыгунку Гомель—Брэст. Я быў разведчыкам, добра ведаў падыходы да чыгункі, часам і сам хадзіў разам з падрыўнымі групамі. Звычайна мы, разведчыкі, выязджалі на конях па двое. Калі бачылі, што немцы ехалі калонай на браневіках, то адзін адразу скакаў у атрад, а другі назіраў. Калі ж цягнуліся на вазах з кулямётамі, значыць, выпраўляліся рабаваць сена. Мы па гэты бок Прыпяці, а па другі — Украінская паўстанцкая армія. Да Курскай бітвы ў 1943 годзе мы з УПА былі ў добрых адносінах. А вось польская Армія Краёва, якая таксама мела аддзелы на Палессі, нярэдка сутыкалася з украінцамі. Здараліся і баі, многа славянскай крыві пралілося. Трэба сказаць, што Армія Краёва ў Беларусі загубіла шмат бязвінных людзей — настаўнікаў, супрацоўнікаў цывільнай адміністрацыі. Паспрабавала рабіць зачысткі і ва Украіне, але там сустрэла рашучы адпор. Украінцы — гэта не беларусы памяркоўныя…

— Маеце рацыю. Але і памяркоўныя беларусы, калі ўжо трываць немагчыма, не хаваюцца ў бульбу. Вось і вы пасля партызанкі папрасіліся на фронт, адкуль маглі і не вярнуцца.

— Мог. Ужо на фронце, у раёне Маладзечна наскочыў на міну. Асколак прабіў лёгкае, сітуацыя была крытычнай. Мне пашанцавала — акурат у гэты час непадалёк стаяў санітарны цягнік. Мне спехам закрылі дзірку ў грудзях, прадэзінфікавалі рану і павезлі ў тылавы шпіталь. У выніку мяне даймаў плеўрыт, гемаглабін упаў да ніжняй мяжы, але затое я тады даведаўся, што маю першую групу крыві. «Будзем спадзявацца на тваю маладосць», — помніцца, сказаў мне лекар. І маладосць перамагла, я ачуняў.

— Вы ўзнагароджаны ордэнам Вялікай Айчыннай вайны, медалямі. Калі апошні раз іх надзявалі?

— Відаць, гадоў дзесяць таму, звычайна нашу калодачкі. Зноў жа, калі быў у ЗША, то вырашыў на 9 мая выйсці «пры парадзе», жонка дапамагла начапіць узнагароды. А дачка і тут перашкодзіла: «Бацька, ты здурэў, тут ніхто не носіць медалёў». Паздымала ўсе і некуды схавала. У Амерыцы з гэтым як? Ветэраны носяць адмысловыя кепкі: з чырвонай стужкай — цяжка паранены, з жоўтай — лёгка… І калі чалавек у такой кепцы заходзіць у краму, то абслугоўваючы персанал усё кідае і бяжыць да яго, а паліцэйскія на вуліцах казыраюць.

— А ў Беларусі якое стаўленне, калі вы з калодачкамі кудысьці заходзіце?

— Часам і месца ў аўтобусе не саступаюць. Я не крыўджуся, хутчэй, радуюся: не прызнаюць старым! Праўда, я дагэтуль абыходжуся без кіёчка. Калі не прыглядацца, то, можа, і не відно, што ветэран (усміхаецца).

— Калі паглядзець БТ, то ветэранаў у Беларусі на руках носяць.

— А колькі нас засталося? У сваім родным Драгічынскім раёне я адзіны застаўся. Нядаўна мне дырэктар Драгічынскага краязнаўчага музея цікавую гісторыю расказаў. У музей аднойчы прыйшоў былы камандзір партызанскай брыгады, прыйшоў п’яны, паглядзеў на партызанскую экспазіцыю і сказаў, што яго партрэт трэба адтуль зняць, бо ён — злачынец. Чаму? Аказваецца, у яго ў падпарадкаванні было 180 чалавек, і яшчэ столькім жа ён выдаў пасля вайны партызанскія даведкі. Той па-сваяцку папрасіў, той чарку наліў… І былы камбрыг спіўся. І ў мяне да гэтага магло дайсці. Як толькі прыязджаў у Драгічын, то сябры цягнулі мяне на выпіўку. Я ажно ездзіць туды перастаў, бо супраць волі зацягнуць. А потым прыязджаю: і гэтага ўжо няма, і таго няма…

— Вы абаранялі доктарскую дысертацыю ў Кіеве. Як перажываеце вайну ва Украіне?

— Кепска перажываю. Абсалютна нічым не апраўданая жорсткасць з боку Расіі. Бамбардзіроўкі жылых кварталаў, абстрэлы… Пуцін у 2014 годзе дамогся, можа быць, перамогі тактычнай, захапіўшы Крым, але сёлета ён зрабіў вялікую стратэгічную памылку. І яго ва Украіне адназначна чакае паражэнне. Неяк я чуў яго выступленне па тэлебачанні, дзе ён даводзіў, што беларусы і рускія — адзін народ. Глупства поўнае. Масква — гэта рэлікт Залатой Арды, і таму дзейнічае па-ардынску. Татара-манголы апаганьвалі хрысціянскія храмы, і расіяне б’юць па іх з гармат. І тое, што Руская праваслаўная царква не асудзіла крамлёўскую агрэсію ва Украіне, гэта вялікі грэх. Ён ляжыць асабіста на спадары Гундзяеве (мне нават не хочацца называць яго патрыярхам Кірылам), паколькі ён не толькі не асудзіў, а стаў, наадварот, благаслаўляць «Расгвардыю» на вайну. Цяпер многія ўкраінцы пакідаюць Маскоўскі патрыярхат, Гундзяеў сваімі паводзінамі і пропаведзямі адвярнуў ад сябе тую частку ўкраінскага насельніцтва, якая хадзіла ў цэрквы Маскоўскага патрыярхату. Нават некаторыя святары перайшлі ў аўтакефальную Праваслаўную царкву Украіны. Святары ж таксама людзі, яны бачаць, якія пакуты цярпіць украінскі народ.

— На вашу думку, як доўга працягнецца гэтая вайна, якую беларусы прымаюць блізка да сэрца, перажываюць за сваіх паўднёвых суседзяў?

— Думаю, што прыблізна цягам года. І закончыцца, хутчэй за ўсё, распадам Расіі. Пуцін дарэмна вырашыў сабраць імперыю. Гэта ўжо немагчыма. Бо без Украіны няма Расійскай імперыі, а ўкраінцы ніколі не захочуць быць у складзе Расіі. Ніколі. Першую памылку Пуцін зрабіў, калі прыняў пад сваё крыло злодзея Януковіча і захапіў Крым. За ваенную базу ў Севастопалі, за порт Масква плаціла Украіне мізэр! Быў бы Пуцін разумнейшы, то тады ж, у 2014-м, дапамог бы Украіне, даў бы газ таннейшы, як Беларусі. І хай бы расійскія караблі ў Севастопалі стаялі поруч з украінскімі. Нашто табе той Крым? Але ўсё вырашылі пуцінскія асабістыя амбіцыі. Ён ужо бачыць сябе ў гісторыі стваральнікам новай імперыі. Але, паўтаруся, гэта не атрымаецца. І, па-мойму, Аляксандр Лукашэнка гэта разумее, таму не дае ўцягнуць Беларусь у вялікую вайну.

— Але з нашай тэрыторыі ва Украіну яшчэ нядаўна ляцелі расійскія ракеты.

— Расійскія, а не беларускія! Усё ж Лукашэнка не дазволіў уцягнуць Беларусь у гэтую авантуру. Беларуская армія не перайшла мяжу. Пакуль. Мне не хочацца ў чорных фарбах паказваць сітуацыю ў Беларусі, дзякуй богу, на нас не падаюць бомбы.

— На ўкраінска-беларускай мяжы ў Валынскай вобласці выкапаныя траншэі, узводзіцца лінія абароны. Значыць, украінцы дапускаюць напад з Брэстчыны.

— Я лічу, што тая лінія абароны не спатрэбіцца. Таму што беларускі народ супраць вайны. Ды і армія — гэта не АМАП, думаю, гэта ўсе разумеюць. Мяркую, манеўрамі для беларускага войска ўсё і закончыцца. Пуціну не ўдасца ўцягнуць нас у зладжаную ім бойню…

— Вашы словы ды Богу ў вушы. Але як далей жыць з такім агрэсіўным суседам — і ўкраінцам, і нам?

— Суседзяў не выбіраюць, неяк трэба будзе ўжывацца. Мой цёзка па прозвішчы, сакратар украінскай Рады бяспекі Аляксей Данілаў аднойчы сказаў, што Украіне трэба пераходзіць на лацінскі алфавіт. Я перакананы, што і беларусам варта перайсці на лацінку. Трэба ўсімі спосабамі распаўсюджваць гэтую ідэю, кірыліца нас дадаткова прывязвае да Расіі.

— У Беларусі працягваюцца палітычныя рэпрэсіі, закранулі яны і медыкаў. Нядаўна стала вядома, што прыпыненая дзейнасць некаторых прыватных медыцынскіх цэнтраў. Ведаеце пра гэта?

— Ведаю і асуджаю гэтыя рэпрэсіі, бо лекары павінны былі аказваць дапамогу ўсім, незалежна ад палітычных перакананняў. Прыватныя лякарні ўсё ж павінны быць. Вось летась я пайшоў у звычайную паліклініку — у стаматалогію. Там мне сказалі, што неабходна выдаліць усе зубы, пакінуць толькі кутнія, каб было на што пратэзы чапляць. У думках я паслаў іх к чорту і пайшоў у «ЛАДЭ», і там мне як ветэрану паставілі новыя зубы. Бясплатна! Вось вам розніца паміж дзяржаўнай і прыватнай медыцынай.

— Гісторык Леў Гумілёў выкарыстоўваў медыцынскі тэрмін «гамеастаз народа», гэта калі ў народным жыцці — спакой і раўнавага. Паспрабуйце як лекар паставіць дыягназ расійскаму народу, які падтрымлівае вайну. Што з ім не так?

— У медыцыне гамеастаз — гэта тэмпература 36,6, артэрыяльны ціск 120 на 80, эрытрацытаў у жанчын — 120, у мужчын — 140—160. А гетэрастаз — гэта невялікае, але пастаяннае павышэнне ціску. Ідзе ціск на сценкі сасудаў, развіваецца ранні атэрасклероз, а там інфаркт ці інсульт. Для Расіі падыходзіць хутчэй гетэрастаз, надлом ужо пачаўся. Кожная імперыя паступова гінула, загіне і расійская. Тым больш ніхто лячыць яе не збіраецца. Гэта аднойчы ў маёй прысутнасці заспрачаліся два хірургі, які інстытут трэба найперш адкрываць: кардыялогіі ці нейрахірургіі? Звярнуліся да мяне як да рэферы. І я кажу: кардыялогія пераможа. А чаму? Бо вялікі начальнік, які перанёс інфаркт, зробіць усё, каб дапамагчы інстытуту кардыялогіі. А начальнік, які перанёс інсульт, ужо, на жаль, спісаны, ад яго нічога не залежыць.

— Каб пазбегнуць інфарктаў і інсультаў і дажыць да вашых гадоў, які лад жыцця павінен весці чалавек у сталым веку?

— Нейкага ўніверсальнага рэцэпта тут быць не можа. Што да мяне, то я двойчы на дзень абыходжу свой квартал — маршрут прыкладна 1700 метраў. Спаць кладуся прыкладна ў гадзін адзінаццаць, гадзінку яшчэ чытаю ў ложку. Раніцай выпіваю пару глыткоў (не шклянку!) хатняга віна, мацаванага гарэлкай ці каньяком. Снедаю вараным яйкам з салатай, моркву люблю — звычайна ў тушаным выглядзе. Не адмаўляюся і ад булкі з маслам, ад зефіру, ад натуральнай кавы з малаком. Потым іду на прагулку. На абед гатую боршч са свінінай, бывае, з’ем скрылёчак салёнага сала. Пасля абеду кладуся гадзінку паспаць, потым зноў іду прагуляцца. Вячэраю бульбай, тварагом са смятанай, п’ю кефір. Сацыяльнага работніка мне прапаноўвалі, але я адмовіўся. Пакуль з усім спраўляюся сам.

— Не шкадуеце, што не засталіся ў дачкі ў ЗША?

— Не шкадую. Калі аднойчы ў Максіма Танка спыталі, дзе яму найлепш пісалася, ён адказаў, што ў польскай турме. Вось і мне тут пішацца найлепш. Калі я вярнуўся з Амерыкі, брат мяне папракнуў: «Чаго ты ўвогуле туды папёрся? Ты за якую краіну ваяваў?» І я з ім пагадзіўся. Ваяваў я за Беларусь і веру ў яе шчаслівую будучыню. Дзе нарадзіўся, там прыгадзіўся — гэта прыказка якраз пра мяне.

Каментары

«Вы ж самі разумееце». Горкі маналог беларускага настаўніка

«Вы ж самі разумееце». Горкі маналог беларускага настаўніка

Усе навіны →
Усе навіны

У Бабруйску 24-гадовага электраманцёра забіла токам. Ён дзеля бравады схапіўся за правады над цягніком1

Беларус правёў тэст у кавярні на веданне беларускай мовы. Яго правалілі24

Вядомая літоўская фігурыстка стала мамай у 52 гады3

У Стаўбцоўскім раёне маршрутка з'ехала ў кювет. Ёсць пацярпелыя

МЗС Беларусі заявіла, што хоча ўдзельнічаць у мірных перамовах па Украіне і атрымаць гарантыі бяспекі40

Прэзідэнт Славакіі Пелегрыні: Украіне прыйдзецца страціць некаторыя тэрыторыі дзеля міру6

У Валожынскім раёне перакулілася маршрутка. Восем пацярпелых

Экіпаж танкера «Валганафта-239», які пацярпеў крушэнне ў Керчанскім праліве, яшчэ не выратавалі

Беларуска расказала пра сваю працу ў анлайн– і звычайным казіно4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Вы ж самі разумееце». Горкі маналог беларускага настаўніка

«Вы ж самі разумееце». Горкі маналог беларускага настаўніка

Галоўнае
Усе навіны →