Экс-кіраўнік МУС, а сёння старшыня Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў (БТПР) Ігар Шуневіч даў вялікае інтэрв'ю «Звяздзе», у якім распавёў пра планы наконт дзейнасці ведамства, а таксама заявіў, што хоча стварыць жаночы паляўнічы клуб для папулярызацыі таварыства. Далучаць плануецца і школьнікаў.
«Калі жанчыны захопяцца паляваннем ці рыбалкай, то і мужчын адпускаць будуць лягчэй, ды і колькасць членаў таварыства вырасце. Дзяцей больш ахвотна прывядуць сюды. У рабоце з падлеткамі мы ідзём па шляху не толькі і не столькі палявання і рыбалкі, колькі экалагічнай адукацыі. Хочам уклініцца ў навучальны працэс. Прапануем Міністэрству адукацыі, каб прадстаўнікі таварыства прысутнічалі ў кожнай школе, асабліва вясковай, у якасці настаўнікаў дысцыпліны аб правільным і гарманічным знаходжанні ў прыродзе. Гаворка пра навыкі бяспечных паводзін, аказання першай дапамогі, арыентавання, гарманічнага суіснавання з прыродай. Паляванне і рыбалка прыйдуць потым, і не для ўсіх. Але гэтыя навыкі патрэбныя ўсім. Стральба — адзін з элементаў такога працэсу, не самы галоўны, але самы цікавы для тых жа падлеткаў».
На думку экс-міністра заняткі стральбой дысцыплінуюць.
«Хто самы законапаслухмяны ў краіне? Паляўнічыя.
Бо правапарушэнні цягнуць адкліканне ліцэнзіі і канфіскацыю зброі. Чалавек, які валодае добрай зброяй, вельмі асцерагаецца парушыць закон у любой форме, бо тады пазбавіцца дарагіх для яго прадметаў і заняткаў. Стралковая падрыхтоўка ўключае правілы бяспекі, навучанне адказнасці, канцэнтрацыі, фізічную падрыхтоўку, работу мозга і шмат што», — мяркуе былы міністр.
На пытанне, чым жанчына ў гэтым плане адрозніваецца ад мужчыны і чаму, Ігар Шуневіч адказаў, што жанчыны больш адказныя і ў іх іншая фізіялогія.
«Яны здольныя лепш стрымліваць эмоцыі, лепш сябе кантралююць. У вас лепш атрымліваецца правільна дыхаць. Вы дыхаеце як жабкі — спакойна, павольна, усімі грудзямі», — рэзюмаваў старшыня БТПР.
Каментары