Сям’я Васкрасенскага едзе ў адпачынак — не па Беларусі і не ў Расію
Бронь у пяцізоркавым гатэлі на пяць начэй выпадкова трапіла ў сеціва.
Дакумент браніравання з сэрвісу Booking.com Юрый Васкрасенскі пераслаў у свой тэлеграм-канал, хутка выдаліў, але «Наша Ніва» паспела захаваць.
Нумар у гатэлі зарэгістраваны на жонку Юрыя Алесю. Гэта пяцізоркавы гатэль Queen's Court Hotel & Residence ў Будапешце, у самым сэрцы горада і пешай даступнасці ад турыстычнага цэнтра.
Цэны там «стартуюць» ад 120 даляраў за нумар на суткі, але на траіх жыхароў выйшла па 77 даляраў на кожнага за пражыванне ў «палепшаным люксе». Вось як выглядае сам гатэль:
Васкрасенскі адказаў «Нашай Ніве», што «не можа даваць каментароў выданням, прызнаным экстрэмісцкімі». Але сваім знаёмым ён расказваў, што пабачыць Будапешт было марай жонкі, яна там раней не была. У турыстычную паездку яна едзе на аўто з сынам і яго дзяўчынай, якія ўдваіх вучацца на медыкаў.
«Сыну ў жніўні спаўняецца 20 гадоў, ён нарадзіўся ў адзін дзень і адзін задыякальны год з Аляксандрам Лукашэнкам — 30 жніўня, і гэты візіт — адначасова бацькоўскі падарунак», — апісваў Васкрасенскі знаёмым.
Сам ён застаецца дома — «у тым ліку і з меркаванняў бяспекі». Выходныя праводзіць на лецішчы, палівае агарод і шмат ходзіць пешкі.
Пра цану гатэля знаёмым адказваў так: «можам сабе дазволіць».
«У «Букінгу» ў нас каля 100 браніраванняў і максімальная зніжка, у асноўным выбіраем 5-зоркавыя гатэлі, бо можам сабе гэта дазволіць. Я з 2001 года працаваў у аптовым гандлі, а з 2011 года — у сваім бізнэсе», — тлумачыў ім Васкрасенскі.
У 2020—2022 гадах ён выконваў функцыі псеўдаапазіцыянера, якому давалі слова дзяржаўныя СМІ.
Каментары
Не факт, что бронь на пять дней не перебьют на один день.