Свет55

БТ апраўдвае агрэсію супраць Украіны «косаўскім прэцэдэнтам». Тлумачым, чаму Косава — гэта не Данбас

Лукашэнкаўскія прапагандысты апраўдваюць расійскую агрэсію супраць Украіны і акупацыю яе тэрыторый так званым «косаўскім прэцэдэнтам». Тлумачым, чаму гэтая аналогія не працуе. 

«Спецаперацыя па абароне Данбаса цалкам адпавядае міжнароднаму праву», — трубяць з экранаў прапагандысты БТ, не тлумачачы, якое дачыненне да Данбаса маюць Херсон і Мелітопаль, называючы рэальную вайну абстрактнай «спецаперацыяй».

«Калі Косава аддзялялася ад Сербіі, Міжнародны суд ААН пад ціскам заходніх краін прыняў рашэнне, якое абвяшчае, што ў адпаведнасці са Статутам ААН, калі нейкая тэрыторыя аддзяляецца ад дзяржавы, пытацца дазволу на гэты конт у цэнтральных уладаў не трэба. Пытанне: чаму тады ў адрас Масквы ўводзяць санкцыі ці дзе санкцыі ў адрас Вашынгтона?» — працягвае прапагандыстка Марыя Пятрашка, слова ў слова паўтараючы заяву Пуціна. 

Тлумачым, што не так з гэтым аргументам. 

У складзе Міжнароднага суда ААН былі суддзі з самых розных краін. З 13 суддзяў на працэсе толькі 5 былі прадстаўнікамі заходніх краін. Больш за тое, суддзі на працэсе дзейнічалі не ад імя дзяржавы і не атрымлівалі ніякіх інструкцый ад уладаў. 

Пры ўсёй дыскусійнасці правільнасці абвяшчэння незалежнасці Косава, сітуацыя на Данбасе была ў корані іншай. І параўноўваць іх, альбо апраўдваць акупацыю Данбаса Расіяй «косаўскім прэцэдэнтам», не даводзіцца. 

Першым і самым галоўным адрозненнем косаўскай сітуацыі ад данбасскай з'яўляецца тое, што да абвяшчэння незалежнасці на тэрыторыі Косава існаваў шматгадовы крывавы міжэтнічны канфлікт, былі этнічныя чысткі і масавыя забойствы. І ўсе гэтыя праблемы вырашыліся з абвяшчэннем незалежнасці Косава. 

На Данбасе ўсё было роўна наадварот. Пакуль гэтую тэрыторыю кантраляваў украінскі ўрад, там не было ніякіх міжэтнічных або міжканфесійных канфліктаў. Усе праблемы Данбаса пачаліся акурат з моманту ўмяшання Расіі. З пачаткам расійскай «спецаперацыі» сітуацыя на Данбасе яшчэ больш пагоршала, як для этнічных расіян, так і для этнічных украінцаў. 

Вайна ў Косаве была класічным міжэтнічным канфліктам, а вось на Данбасе канфлікт быў хутчэй міждзяржаўны. Напрыклад, у складзе ўкраінскай арміі было шмат этнічных рускіх і рускамоўных грамадзян Украіны, ніякага прыгнёту па нацыянальнай прыкмеце там не было. Па ўсіх перапісах насельніцтва этнічную большасць Данбаса складалі ўкраінцы, а трыгерам для развіцця канфлікту вакол яго сталі палітыка-ідэалагічныя, а не этнічныя супярэчнасці.

Акрамя таго, косаўскія албанцы дзесяцігоддзямі былі маргіналізаванай меншасцю ў Сербіі. Нічога падобнага з жыхарамі Данбаса не было. Наадварот, данбаскі клан фактычна кіраваў Украінай да 2014 года.

Косаўскі канфлікт быў даўнім і няспынным, і прызнанне незалежнасці Косава значнай часткай міжнароднай супольнасці адбылося пасля дзесяцігоддзяў шматразовых беспаспяховых спробаў урэгуляваць яго дыпламатычным шляхам. 

Парадак кіравання Косава з 1999 года па 2008-ы вызначаўся рэзалюцыяй Рады Бяспекі ААН № 1244. Паводле рэзалюцыі, з края былі выведзеныя югаслаўскія вайскоўцы і паліцыя, кіраванне краем было перададзена Місіі ААН па справах часовай адміністрацыі ў Косаве. Таму з моманту страты ўлады над Косавам урадам Югаславіі і да абвяшчэння незалежнасці, гэтая тэрыторыя кіравалася адміністрацыяй, якая мела афіцыйнае прызнанне як з боку югаслаўскіх (сербскіх) уладаў, так і з боку Рады Бяспекі ААН.

Структуры, якія праводзілі «рэферэндумы» ў Данецкай і Луганскай абласцях, не былі легітымнымі з пункту гледжання ўкраінскай улады, яны не мелі мандата ААН. «ЛНР» і «ДНР» — цалкам марыянеткавыя структуры, у адрозненне ад тых уладаў, якія існавалі ў Косаве і прызнаваліся ААН і Сербіяй. 

Першыя рэзалюцыі Рады Бяспекі ААН з асуджэннем дзеянняў сербскіх сілаў у Косаве былі прынятыя ўжо ў 1998 і 1999 гадах, за дзесяць гадоў да прызнання яго незалежнасці. Там былі сапраўдныя этнічныя чысткі і гвалтоўныя перамяшчэнні больш за мільёна чалавек. Украіну ні ў чым падобным міжнародная супольнасць не вінаваціла і адпаведных рэзалюцый Рады Бяспекі ААН супраць яе не прымалася. 

На момант абвяшчэння незалежнасці Косава Саюзная Рэспубліка Югаславія (СРЮ), тэрытарыяльная цэласнасць якой пацвярджалася рэзалюцыяй №1244, перастала існаваць — яна была ператворана ў дзяржаўны саюз Сербіі і Чарнагорыі, якая распалася пасля аддзялення ад яго Чарнагорыі. 

Ва Украіне аналагічных працэсаў не было. Відавочна, што сітуацыя ў Косаве, з аднаго боку, і Данецкай і Луганскай абласцях Украіны, з другога, маюць шэраг істотных адрозненняў.

Косаўская праблема мае не ўніверсальны, а ўнікальны характар, яе трэба разглядаць у кантэксце распаду Югаславіі, этнічных чыстак і ваенных злачынстваў, якія там адбываліся. Кейс Косава не можа быць прэцэдэнтам для Данбаса.

Пуцін, а следам за ім і беларускія прапагандысты, спрабуючы апраўдаць сваю палітыку ў дачыненні да ўкраінскага Данбаса, абралі вельмі хісткія аргументы, спасылаючыся на прэцэдэнт, які яны самі шмат гадоў адмаўляюцца прызнаць. 

Каментары5

  • BLR
    25.08.2022
    Але ж Косава, гэта усе-такі Сэрбія
  • гердзень
    25.08.2022
    не магу падтрымаць, парэзалі Сэрбію, парэзалі Украіну... я толькі за цэласнасьць гэтых краін
  • Валянціна
    25.08.2022
    гердзень , дык югаславію ж парэзалі, ірады! Такая харошая страна была пры Ціта! Цьху.

«Нават яго прыхільнікі зразумелі, што жыць як раней ужо не атрымаецца». Беларусы расказалі пра атмасферу ў краіне напярэдадні выбараў8

«Нават яго прыхільнікі зразумелі, што жыць як раней ужо не атрымаецца». Беларусы расказалі пра атмасферу ў краіне напярэдадні выбараў

Усе навіны →
Усе навіны

Украінцы выбілі расіян ад Купянска5

ГУБАЗіК паправіў пракуратуру18

«Відаць, я добра шыфравалася, што за мной прыйшлі толькі ў 2023 годзе». Мінчанка расказала пра арышт і ўцёкі2

Кур'ер пераканаў 87-гадовую мінчанку не перадаваць грошы на «лячэнне сваячкі»1

У Маскве нацыяналізавалі нерухомасць алігарха з беларускімі каранямі Аляксея Хоціна

Прапагандысты выпадкова паведамілі, колькі плацяць за стварэнне крынджовых стыкераў да Дня народнага адзінства5

Апублікавала рылз пра Караткевіча і выйшла замуж праз восем месяцаў. Гісторыя кахання двух беларусаў3

У ЗША спынілі крымінальны пераслед Трампа па справе штурму Капітолія2

Беларускую спявачку Руслану Панчышыну прызналі ў Іспаніі адкрыццём года2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Нават яго прыхільнікі зразумелі, што жыць як раней ужо не атрымаецца». Беларусы расказалі пра атмасферу ў краіне напярэдадні выбараў8

«Нават яго прыхільнікі зразумелі, што жыць як раней ужо не атрымаецца». Беларусы расказалі пра атмасферу ў краіне напярэдадні выбараў

Галоўнае
Усе навіны →