«Галоўнае, як сказаў кіраўнік дзяржавы, — «раздзявацца і рабіць». Хто такі Мікіта Палякевіч — новы твар АНТ
У лукашэнкаўскіх СМІ рэдка, але з'яўляюцца новыя асобы. Хтосьці ідзе туды адпрацоўваць размеркаванне пасля ўніверсітэта, іншым падабаецца жыццё ў лукашэнкаўскім асяроддзі. Тэлевядучы АНТ Мікіта Палякевіч якраз з апошніх.
Хлопцу 21 год. Сёлета Палякевіч скончыў факультэт журналістыкі БДУ па спецыяльнасці «Журналістыка міжнародная».
Цяпер ён вядзе «Нашы навіны» на АНТ. І гэта яго свядомы выбар. На журфаку Мікіта Палякевіч вучыўся на платным аддзяленні, ён не мае размеркавання, якое з’яўляецца абавязковым для бюджэтнікаў.
Працаваць на АНТ Мікіта Палякевіч марыў яшчэ з першага курса ўніверсітэта. Менавіта тады, у 2018-м, ён трапіў на канал на практыку. Хутка хлопец стаў карэспандэнтам, а пасля яго павысілі да тэлевядучага.
«Стаць вядучым — гэта тое, да чаго я ішоў доўгі час.
Ведаеце, на сумоўях пытаюцца: «Кім вы бачыце сябе праз пяць гадоў?» Дык вось, я бачу сябе як мінімум вядучым аўтарскай праграмы і «Славянскага базару ў Віцебску», — дзяліўся планамі Палякевіч у інтрэв’ю дзяржаўнаму СМІ.
Таксама хлопец разважаў пра сваю працу. У яго выклікае здзіўленне, чаму сёння ў слова «прапаганда» ўкладаюць негатыўны сэнс.
«Прапагандаваць — значыць трансляваць курс дзяржавы, яе вектары і прыярытэты развіцця, а таксама ідэалы і каштоўнасці. Я не падбухторваю з экрана да развязвання вайны і не расказваю падлеткам, што наркотыкі — гэта добра.
Я транслюю дзяржаўны парадак дня, а не фармую яго. Гэта і місія, і сэнс гэтай прафесіі», — казаў ён.
Яшчэ ў студэнцтве Палякевіч актыўна браў удзел у працы Маладзёвага парламента, летам 2020-га ён стаў намеснікам старшыні парламента Ягора Макарэвіча.
Падчас працы ў парламенце Мікіта Палякевіч засвяціў побач з Наталляй Качанавай. Сёлета яна ўручыла яму падзяку «па выніках працы».
«Галоўнае, як сказаў кіраўнік дзяржавы, — «раздзявацца і рабіць». У краіне створаны ўсе ўмовы для развіцця моладзі. Скажу банальна, але поспех у жыцці залежыць толькі ад цябе самога. Устань з канапы і пачні дзейнічаць», — раіў моладзі Палякевіч.
Пра што расказвае гледачам тэлевядучы Мікіта Палякевіч?
З экранаў прапагандыст часта распаўсюджвае фэйкі пра Украіну, апраўдвае імперыялістычную вайну і расчляненне суверэннай дзяржавы.
«Супраць мірнага насельніцтва выкарыстоўваюць натаўскае ўзбраенне, — паведамляў Палякевіч гледачам. — Шэраг правакацый і ў іншых абласцях. Аднак спробы сарваць рэферэндум пакуль не мелі поспеху. Толькі зрэдку выбарчыя ўчасткі эвакуююць у бамбасховішча. Сярэдняя яўка па рэспубліках Данбаса, Херсонскай і Запарожскай абласцях перавысіла 20 адсоткаў».
«Спробы задушыць Савецкі Саюз і краіны постсавецкай прасторы — гэта дакладная і вывераная стратэгія НАТА, якая рэалізавалася цягам 70 гадоў. Усе цяперашнія дзеянні альянсу варта разглядаць выключна пагрозліва», — дыктарскім голасам запэўнівае хлопец.
АНТ фармальна лічыцца дзяржаўным тэлеканалам, але дзейнічае як прыватны лукашэнкаўскі рэсурс. Інфармацыя падаецца аднабока, ці то на ўнутрыбеларускія тэмы, ці то на тэмы міжнароднага жыцця і той жа вайны ва Украіне. Хоць дзяржаўны СМІ па азначэнні павінен быў бы адлюстроўваць розныя пазіцыі, якія існуюць у грамадстве.
Ганарыцца Мікіта Палякевіч сваёй камандзіроўкай разам з «беларускімі міратворцамі» ў Казахстан у студзені 2022-га. Падчас пратэстаў у Алматы ён вёў рэпартаж з месца падзей.
Не саромеецца Палякевіч выкарыстоўваць і відавочныя прапагандысцкія наратывы: расказвае пра «няпросты час» у 2020-м, калі «жменька псеўдапатрыётаў паспрабавала ўскалыхнуць беларусаў».
«Сучасны патрыятызм — гэта не толькі і не столькі прамовы за трыбунай, хоць аб сур'ёзных рэчах сёння гаварылі шмат, гэта яшчэ і адчуванне нейкага адзінства. Калі адзін за ўсіх, і ўсе — за краіну. Няпросты час быў, але Беларусь выстаяла, працягвае трымаць удар — інфармацыйны і санкцыйны, у тым ліку і дзякуючы тым людзям, якія сабраліся на Форум патрыятычных сіл.
У адным, мабыць, сыходзяцца патрыёты — шляхоў можа быць мноства, але яны не павінны завесці краіну ў тупік ці ў бездань. А рызыка, і мы гэта памятаем, 2 гады назад была, калі жменька псеўдапатрыётаў паспрабавала ўскалыхнуць беларусаў. Не выйшла!» — рапартаваў ён.
Каментары
А як прафесійнаму прапагандысту яму варта ведаць, што зараз як раз у Гаазе пачалі судзіць рэдактара "Радыё тысячы пагоркаў", якое прапагандавала генацыд прадстаўнікоў аднаго з плямёнаў Руанды зусім нядаўна. То бок - прапагандысты адказваюць і за тое, што трансююць злачынныя наратывы, нароўні з тымі, хто чыніць самі злачынствы.
https://d2b0v286pbg9yh.cloudfront.net/301370