«Яна зрабіла мне мінет, ён быў самым жудасным у маім жыцці». Беларусы расказалі пра свае самыя дзіўныя спатканні
Першыя спатканні бываюць такімі, што, колькі жыць будзеш, не забудзеш. Беларусы, у якіх такія былі, расказалі «Нашай Ніве», як яны праходзілі і што ў іх стала недарэчным.
«Курыў на балконе з яе бацькам»
Арцём з Магілёва пазнаёміўся з дзяўчынай, калі граў пратэсныя песні на вуліцы. Яна села побач на лавачку і пачала плакаць.
«Я падышоў, стаў супакойваць. Пасля яна сядзела ўвесь час, пакуль мы гралі. Падалося, што яна мяне чакае. Пасля прапанаваў ёй пагуляць.
Гэта ўжо была ноч, зайшлі ў бар, узялі піва. Самае дарагое піва ў маім жыцці. Падаецца, аддаў тады 6 рублёў за бутэльку.
Яна стала расказваць пра сваіх былых хлопцаў і чамусьці паказваць партрэты іх, якія яна малявала. Для мяне гэта быў нейкі крындж», — расказвае ён.
Падчас спаткання, па словах Арцёма, дзяўчына ўвесь час намякала на сэкс.
«Пайшлі да яе, яна нахілялася да канапы, як у нейкім фільме для дарослых. У выніку мы проста паспалі разам, нічога не было. Потым было яшчэ некалькі сустрэч на тыдні.
На трэцюю сустрэчу ў нас ужо былі інтымныя адносіны. Але з-за таго, што не знайшлося прэзерватываў, класічнага сэксу не атрымалася. Яна зрабіла мне мінет, ён быў самым жудасным у маім жыцці, вельмі траўматычны досвед.
І тут а 5-й раніцы дадому прыходзіць яе бацька. Я нацягваю шорты, а яна ідзе гатаваць мне пельмені. Яе бацька пайшоў паліць на балкон. Я выйшаў да яго, і мы пачалі курыць разам. Пасля мы з ёй больш не бачыліся, выпадкова сустрэліся праз два гады. Гэта проста быў дзіўны, але цёплы тыдзень у маім жыцці», — дзеліцца хлопец.
«Папрасіў грошай»
Карына пазнаёмілася з хлопцам, які прыехаў у Ваўкавыск на размеркаванне, у сацсетках.
«Ён мне напісаў, прапанаваў убачыцца», — расказвае яна.
«Раней казала яму, што не люблю цыгарэты, пах. Становіцца дрэнна ад гэтага. У выніку ён мяне адвёў у лаўку з цыгарэтамі». Там у хлопца не хапіла грошай, каб заплаціць за цыгарэты. І ён папрасіў у дзяўчыны.
«Трэба было разлічыцца наяўнымі, а ў мяне ўсё было на картцы. Прыйшлося ісці ў банкамат, здымаць.
Пасля ён прапанаваў пагуляць на тэлефоне ў гульню, якая мяне дастала.
Збегла ў выніку з гэтай сустрэчы. Ён мне нешта яшчэ пісаў, але праз некаторы час перастаў», — кажа Карына.
«Казаў, што жанчынам трэба грошы»
Марына пазнаёмілася з хлопцам, які потым у яе закахаўся, на курсах.
«Было відаць, што яму вельмі не хапае жаночай ўвагі. Мне здавалася, што ён нават дзеля гэтага толькі і ходзіць на заняткі. Увесь час прасіў мяне яму з чымсьці дапамагчы, падказаць, як рабіць. Сам ён быў лянівы. У нейкі момант стаў раздражняць, пачала проста казаць, што тлумачыць не буду.
Адзін раз я на перапынку на курсах прысела на стол, піла каву. Ён сядзеў на крэсле насупраць. Увечары мне напісаў паведамленне (дарэчы, у яго не было сацсетак, дасылаў звычайныя смс), прапанаваў сустрэцца. Я такая пытаю: «навошта?». Ëн піша: ты сядзела перад мною на стале, а гэта знак, што я табе падабаюся.
Гэта была самая дзіўная логіка, з якой я сустракалася ў мужчын. Я яму патлумачыла, што я проста сядзела, піла каву і ніякага падтэксту тут не было», — расказвае Марына.
Хлопец не губляў надзеі. І праз некаторы час запрасіў дзяўчыну на спатканне.
«Прапанаваў пайсці ў царкву, — успамінае яна. — Я вырашыла не пытацца, што мы там будзем рабіць. А то ён бы яшчэ адказаў, што маліцца. Проста запыталася, чаму такі выбар.
Расказаў, што ў цэрквах бавілі час і знаёміліся людзі ў XIX стагоддзі. Я не пайшла, калі што».
Хутка хлопец перастаў хадзіць на курсы. Аднойчы Марына выпадкова сустрэлася з ім у горадзе.
«У мяне тады быў вольны час, і ён вырашыў, што можа са мной прагуляцца. Ішлі каля ракі на Нямізе, стаў мне казаць, якія жанчыны дрэнныя, усім трэба толькі грошы, што я вось уся такая-растакая. Я паслухала хвілінак пяць і пайшла. Пасля так склалася, што ён стаў вучыцца са мной у адным будынку. Неяк я ішла з сяброўкамі да метро, гэта метраў 800 было ад месца, дзе я вучылася.
Дык ён мяне заўважыў і стаў бегчы за мной да самага метро. Калі падышоў, вельмі задыхаўся і ўсё не мог нічога сказаць.
У выніку нешта мне сказаў, але не памятаю, што канкрэтна. Мае сяброўкі доўга смяяліся, сказалі, што так яшчэ за мной ніхто не бегаў, ім было шкада хлопца. А самае цікавае, што ён жа мог проста напісаць паведамленне. Больш я яго не бачыла», — расказвае яна.
«Казаў, што фемінізм, — гэта вельмі дрэнна»
Кацярына з Мінска пазнаёмілася з хлопцам у тындары. Ён паказаўся ёй даволі мілым, пакуль яна не прыйшла на спатканне.
«Доўга з ім перапісваліся. Нарэшце ён запрасіў сустрэцца.
Пагулялі па горадзе, потым селі на лавачку. І ён рэзка мне сказаў, каб я расказала, што такое фемінізм, стаў сцвярджаць, што я феміністка.
Глядзела на яго вялікімі круглымі вачыма, таму што ніякіх перадумоў для такой тэмы не было. Адказала, што яму трэба звярнуцца да нейкай літаратуры, бо асабіста я мала што пра гэта ведаю.
Але ён пачаў мне даказваць, што я феміністка. Распавядаў, што гэта вельмі дрэнна, жанчына не павінна быць на нейкіх высокіх пасадах. І пытаўся, што я думаю пра гэта.
Нічога не знайшла, што яму адказаць, акрамя як «ты дурань». Пасля гэтага мы ніколі не бачыліся», — падсумоўвае дзяўчына.
Каментары