Загадвала фінансамі пры Дзевятоўскім, любіць гламур. Што за дзяўчына стала новым тварам ГУБАЗіКа?
На ютуб-канале ГУБАЗіКа з'явіліся «відэанавіны» з асобнай вядучай. Брэндфэйсам стала 30-гадовая выпускніца юрфака Таццяна Трацяк. Што гэта за асоба?
Таццяна Трацяк нарадзілася ў 1992 годзе. У яе рэдкае імя па бацьку — Феліксаўна. У сацсетках Фелікса Трацяка напісана, што ён працуе ці, прынамсі, працаваў раней у агенцтве нерухомасці «Твая Сталіца».
Таццяна паступала ў БДУ на спецыяльнасць «Паліталогія», але потым перадумала і перавялася на «Правазнаўства». Скончыла юрфак. Там жа пачынала першыя спробы ў журналістыцы.
«Актыўных студэнтаў ВНУ ўсяляк заахвочвае ў тым ліку і матэрыяльна. Аднак хацелася б верыць, што грамадскае жыццё зацікавіць цябе перадусім сваёй сутнасцю, а не матэрыяльным складнікам», — філасофствавала студэнтка ў адной са сваіх публікацый.
Пазней яна стала кіраўніком студэнцкай куратарскай службы на юрфаку — інстытута ментарства старэйшых над малодшымі. Гэта натуральна для любога калектыву, але ў Беларусі такія арганізацыі падмяняюць рэальную студэнцкую актыўнасць бутафорскай. Варта адзначыць, што юрфак заўсёды быў крыніцай кадраў у тым ліку для спецслужбаў і сілавых структур.
Апроч пасады кіраўніка куратарскай службы Трацяк нічым не вылучалася.
У 2016-м, пасля заканчэння ВНУ, дзяўчына аказалася на рабоце ў Рэспубліканскім цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі па лёгкай атлетыцы. Юрысконсультам.
Тады ж выйшла замуж за лёгкаатлета, які быў добра знаёмы з экс-кіраўніком Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі Вадзімам Дзевятоўскім (праўда, з яе слоў у сацсетках, першы шлюб доўга не пратрымаўся). І неўзабаве пачалося цікавае.
У 2018-м учарашняя студэнтка займела дырэктарскую пячатку ў ГА «Беларуская федэрацыя лёгкай атлетыкі», стаўшы выканаўчым дырэктарам. А таксама стала старшынёй апякунскай рады там жа.
«Вадзімам Дзевятоўскім была прапанаваная кандыдатура вядучага юрысконсульта ГА «БФЛА» Трацяк Таццяны Феліксаўны, на якую будуць ускладзены абавязкі па арганізацыі пасяджэнняў апякунскай рады і вядзенні справаводства. Пярэчанняў не было. Усе члены рады прагаласавалі «за», — такую стэнаграму «выбараў» Трацяк памятае інтэрнэт.
Вадзім Дзевятоўскі, які быў кіраўніком федэрацыі, сціпла адвёў сабе пасаду намесніка Трацяк у апякунскай радзе.
Навошта Дзевятоўскаму спатрэбілася ставіць юрыстку без практыкі на пасаду кіраўніка фінансамі, а самому адыходзіць у цень — пытанне без адказу.
Увогуле, у Беларусі рашэннем Лукашэнкі існуе сістэма: пры выплаце падаткаў прадпрыемствы могуць легальна нейкую частку падаткаў накіроўваць не ў бюджэт, а наўпрост у спартыўную федэрацыю. Зроблена гэта нібыта для падтрымкі спорту.
І хаця эфектыўнасць рашэння з пазіцыі спартовых вынікаў сумнеўная, у фінансавым сэнсе некаторыя федэрацыі напоўненыя грашыма спонсараў. Размяркоўваюць іх па-рознаму.
Магчыма, у федэрацыю Трацяк прывёў яе першы муж, які захапляецца бегам і даўно знаёмы з Дзевятоўскім.
Дзевятоўскі таксама зрабіў Трацяк сваёй памочніцай, калі быў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў.
Атлета, земляка Качанавай, выкінулі з пасады пасля таго, як ён разам з братам і яшчэ дзясяткамі тысяч рэпрэсаваных прайшоў праз Акрэсціна і імпульсіўна выказаўся пра Аляксандра Лукашэнку.
Прыкладна на гэтым жа моманце спынілася і гісторыя Трацяк у Федэрацыі лёгкай атлетыкі і ў Палаце прадстаўнікоў.
Восенню 2020-га дзяўчына пайшла працаваць у цемрашальскую «Мінскую праўду».
«Мне па душы пісаць аб актуальным і сацыяльным: так атрымліваецца лепш даведвацца пра жыццё свайго рэгіёна, разумець праблематыку знутры. Працую ў рэдакцыі не так даўно, таму з праектам мары не вызначылася. Дыпламаваны юрыст часам нагадвае пра сябе — хочацца напісаць матэрыял на прававую тэматыку, аб зменах у заканадаўстве», — прадстаўлялася яна ў лістападзе 2020-га на старонках лукашэнкаўскай агіткі.
Але мары не спраўдзіліся — замест напісання тэкстаў аб праблемах Таццяна перайшла да замоўленых «псіхалагічных партрэтаў» лідараў пратэсту ў «Мінскай праўдзе», а потым часам з'яўлялася на АНТ.
У выніку Трацяк апынулася на канале ГУБАЗіКа.
У сваім закрытым інстаграме яна дэманструе «багаты» стыль жыцця. Кіно любіць глядзець у «Фальконе», вячэраць — у «Лебядзіным», загараць — у Дубаі, праводзіць уікэнд — у Маскве, а катаюць яе ў машыне, чый інтэр'ер падобны да «Тэслы», прычым з букетам у беларускіх, а не лукашысцкіх колерах.
Забаўна, што сярод тых, хто ставіць Трацяк лайкі — міністр сельскай гаспадаркі Ігар Брыло.
ГУБАЗіК — структура, якая стваралася для барацьбы з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй, пасля 2020-га ператварылася ў фактычна палітычную паліцыю, праз якую прайшлі тысячы палітычных праціўнікаў дыктатарскага рэжыму Аляксандра Лукашэнкі і проста людзей, якія мелі неасцярожнасць выступіць ці выказацца. Структура таксама адзначылася барацьбой з беларускай культурай і сімваламі, а пасля нападу Расіі на Украіну — таксама і з антываенным рухам.
У сваіх ютуб-аглядах Трацяк расказвае пра затрыманых па «экстрэмісцкіх» справах за тыдзень.
Выходзяць яны, зразумела, па-руску. У ГУБАЗіКу пануе сумесь ідэалогій рускага шавінізму і лукашызму.
«Надзеі правапарушальнікаў на ранні пад'ём па будзільніку, а не ад стуку ў дзверы растаюць хутчэй, чым снежаньскі снег, бо ў ГУБАЗіКа цяпер гарачы перыяд», — вось стыль яе выпускаў.
Вядучая какетліва надзімае ненатуральныя вусны. Праз некалькі секунд у кадры з'яўляецца чалавек, якога трымаюць на каленях і здымаюць зверху ўніз, пасля яго ж паказваюць з завязаным на галаве беларускім сцягам.
Каментары