Грамадства

Як катавалі палітвязняў у Беларусі ў 2022 годзе

Катаванні і ўтрыманне ў ізалятарах у нечалавечых умовах са жніўня 2020 года сталі неад'емнымі часткамі палітычнага пераследу іншадумцаў. Суды прызначаюць вялікія турэмныя тэрміны не тым, хто катуе, а тым, каго катуюць і збіваюць. «Вясна» ўзгадвае самыя гучныя гісторыі катаванняў, пра якія стала вядома ў 2022 годзе.

«Людзі з цалкам сінімі нагамі». Як катуюць беларусаў?

Збіваюць затрыманых па палітычных матывах, як правіла, пры затрыманні ці ў будынку ГУБАЗіКа. Часта збітым прызначаюць адміністрацыйны арышт, каб за «суткі» сышлі гематомы. Бо перад паступленнем у СІЗА праводзіцца медычны агляд на пашкоджанні. Былі выпадкі, калі праз моцныя сляды збіцця, супрацоўнікі «Валадаркі» адмаўляліся прымаць зняволенага. Так, напрыклад, было з былым следчым Мікітам Старажэнкам. Як адзначае сукамернік, у ІЧУ яго ўтрымлівалі толькі трое сутак — пасля гэтага яго спрабавалі перавесці ў СІЗА-1, але яго там першы раз не прынялі праз моцнае збіццё. Сілавікі вазілі Старажэнку ў лякарню. З другога разу яго прынялі ў СІЗА-1, дзе ён знаходзіўся ў чаканні суда.

Пра збіццё палітвязняў праваабаронцы даведваюцца з іх заяваў на судах, з матэрыялаў справы, ад былых сукамернікаў, ад сваякоў, ад саміх палітычных зняволеных пасля вызвалення.

Як распавядаюць арыштанты, цяпер збіваюць больш за ўсё тых, каго затрымліваюць за «зліў інфармацыі». Самае распаўсюджанае — збіццё дубінкай ног і ягадзіц. Таксама выкарыстоўваюцца электрашокеры, удушэнне пакетам і іншыя спосабы. Гэта ўсё суправаджаецца пагрозамі яшчэ большага гвалту.

«Яны наогул любяць больш за ўсё збіваць айцішнікаў і тых, хто «злівае» інфармацыю», — адзначаў былы арыштант ІЧУ на Акрэсціна.

«Былі людзі з цалкам сінімі нагамі. Гэта самае распаўсюджанае. Але мяне білі па галаве, таму былі сінякі і пад вачыма. У мяне вельмі дрэнны зрок, але пры паступленні ў ЦІП адзін з супрацоўнікаў адмовіўся мне выдаць акуляры, сказаўшы, што за 15 сутак пачну бачыць», — распавядаў яшчэ адзін былы вязень.

«Па калідоры вадзілі і білі маці». Па «справе Аўтуховіча» маці і сына асудзілі да 15 і 19 гадоў калоніі

Гродзенскі абласны суд 17 кастрычніка агучыў прысуды па рэзананснай «справе Аўтуховіча» — ад 2,5 да 25 гадоў калоніі. Асуджаныя — Мікалай Аўтуховіч, святар Сяргей Рэзановіч, ягоная жонка Любоў Рэзановіч, іх сын Павел Рэзановіч, пенсіянерка Галіна Дзербыш, баранавіцкі актывіст Уладзімір Гундар, актывістка Вольга Маёрава, пенсіянерка Ірына Мельхер і яе сын Антон Мельхер, Ірына Гарачкіна, Віктар Снегур і Павел Сава. Толькі двое з іх цалкам прызналі сваю віну.

Даючы паказанні на судзе, былы супрацоўнік аддзела прымусовага выканання Ленінскага раёна Брэста Павел Рэзановіч заявіў, што супраць яго ўжываліся фізічныя і псіхалагічныя катаванні для таго, каб ён падпісаў загадзя падрыхтаваныя паказанні. Рэзановіч нават назваў прозвішчы людзей, адказных за катаванні — гэта следчы КДБ з Брэста Цярошын, а таксама начальнік следчага аддзела гродзенскага КДБ Варанецкі. Як сцвярджаў палітвязень, Цярошын прыйшоў да яго з падрыхтаваным «сцэнарам» на чатыры аркушы, які Павел павінен быў падпісаць. Што тычыцца Варанецкага, то той палохаў абвінавачанага карцарам, а таксама суддзямі, якія пакараюць Рэзановіча «па максімуме». Суддзя спытаў у Рэзановіча, як ён, чалавек з юрыдычнай адукацыяй, мог такое падпісаць. Адказ быў наступны:

«Супрацоўнікі КДБ палохалі мяне арыштам жонкі, а па калідоры ў той час вадзілі і білі маці, і я чуў яе крыкі. У такіх умовах падпішаш і не такое».

Былы вязень брэсцкага СІЗА-7 пацвердзіў праваабаронцам, што, калі па калідоры вадзілі маці Паўла Любоў, яна крычала так, што было чутно на ўвесь ізалятар. Павел кожны раз вельмі эмацыйна рэагаваў на гэта: ён таксама крычаў і кідаўся на дзверы, за што яго некалькі разоў кідалі ў ШІЗА.

Суддзя Максім Філатаў прызначыў Паўлу Рэзановічу 19 гадоў калоніі, а яго маці Любові — 15 гадоў.

«У лесе допыт з пісталетамі». Былы палітвязень Аляксей Кавалеўскі ўцякаў з краіны пасля суда, але стаў фігурантам справы «рэйкавых партызан»

33-гадовага праграміста з Мінска Аляксея Кавалеўскага затрымалі летась у снежні за ўдзел у акцыях пратэсту ў жніўні 2020 года. Пасля чатырох месяцаў у СІЗА-1 па «народным» 342-м артыкуле Крымінальнага кодэкса яго асудзілі да двух гадоў «хіміі» і адпусцілі да накіравання ў папраўчую ўстанову. Аляксей вырашыў адразу з'ехаць: ён выйшаў на людзей, каб з'ехаць у Літву, але ўсё скончылася чарговым затрыманнем. Аляксей патрапіў у спецаперацыю КДБ, якая займалася справай бабруйскіх «рэйкавых партызан» і Алесі Буневіч. Збіванні, дарога ў багажніку, допыт у лесе, ізалятары Гродна і Магілёва — гэта тое, што перажыў Аляксей за няўдалую спробу ўцячы з Беларусі.

Аляксея асудзілі 31 сакавіка паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) за ўдзел у акцыях пратэсту 9 і 16 жніўня 2020 года да двух гадоў абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу. Калі Аляксея выпусцілі пасля прысуду да накіравання на «хімію», ён вырашыў адразу ж пакінуць Беларусь і пачаў шукаць выйсце. На наступны дзень ён ужо быў у Гродне для выезду з краіны, але гэтая спроба скончылася жорсткім затрыманнем:

«Але чамусьці чалавек, які мне дапамагаў, вырашыў арганізаваць групу, каб я перабягаў мяжу не адзін, а з іншымі людзьмі. У выніку мы мусілі перасякаць мяжу ўтрох. І вось я саджуся ў машыну да людзей, з якімі мусілі пераходзіць мяжу. Мы толькі ад'язджаем ад Гродна — нас адразу максімальна жорстка прымае КДБ. Машыну толькі спыняе ДАІ, кіроўца не паспеў зацягнуць ручнік, ужо адчыняюцца дзверы — мне прылятае ўдар па сківіцы і людзі стаяць тыкаюць пісталетамі. Адразу — «мордай у падлогу» і куча ўдараў, якія ўжо не злічыць. Потым нас з кіроўцам вязуць у багажніку ў лес, там дастаюць і збіваюць, у тым ліку б'юць электрашокерам. У лесе праводзяць допыт з пісталетамі. Супрацоўнікі былі ў цывільным.

Як выявілася, у маёй групе мусілі перасякаць мяжу «рэйкавыя партызаны» з Бабруйска. Іх затрымалі задоўга да гэтага, а наша затрыманне было інсцэніроўкай. Людзі з нашай машыны, якія нібы меліся з намі перабягаць мяжу, былі падстаўныя супрацоўнікі. Я гэта зразумеў адразу. Калі нас затрымлівалі, то гэтыя трымалі мяне за рукі ў самой машыне. Вось у мяне «паплечнікі» — трымаюць, калі мяне затрымліваюць! Усё тупа, па-ідыёцку і непрафесійна. Потым яны разыгрывалі сцэнку з прастрэленымі каленямі. Крычалі, што і нам прастрэляць таксама. Білі так, каб як быццам знепрытомнеў, але мяне ж дапытваюць — максімальна дзіўна гэта было. Уся гэтая спецаперацыя была, каб злавіць чалавека, які дапамагае з пераходам мяжы. Да нас у лес на допыт потым прывезлі Алесю Буневіч».

«Я думаў, што проста не даеду». Першага затрыманага па «справе ЧКБ» асудзілі да 11 гадоў калоніі

У Мінскім гарадскім судзе 8 лютага агучылі прысуд двум палітзняволеным экс-супрацоўнікам «Белтэлекама» — Аляксею Бычкоўскаму і Арцёму Пархамовічу. За «зліў даных» у тэлеграм-канал «Чорная кніга Беларусі» суддзя Святлана Бандарэнка асудзіла іх па васьмі артыкулах Крымінальнага кодэкса да 11 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму кожнага. Суд праходзіў у закрытым рэжыме.

Паводле адной з адміністратарак тэлеграм-канала «ЧКБ» Вольгі Высоцкай, якую цяпер завочна судзяць, Арцём Пархамовіч быў першым чалавекам, якога затрымалі за супрацоўніцтва з ЧКБ па зліве губазаўца Артура Гайко. 26 кастрычніка МУС выклала відэа з Пархамовічам: ён расказваў аб супрацоўніцтве з ЧКБ, на носе і бровах у яго былі прыкметныя ранкі. У той жа дзень быў затрыманы Аляксей Бычкоўскі, хоць яны не былі знаёмыя паміж сабой.

Пазней жонка Бычкоўскага распавяла «Нашай Ніве», што мужа вельмі збілі пасля затрымання:

«Мужа збілі, калацілі да паўсмерці пры затрыманні. Бо я гаварыла з тымі, хто бачыў яго пасля затрымання, муж быў у жудасным стане, па іх словах.

Я не хачу нават гаварыць, што з ім рабілі — гэта проста прынізліва для яго. Але, мне сказалі, яго білі электрашокерам, ён губляў прытомнасць…

Дзе яго білі, я не ведаю. Але я гаварыла з калегамі мужа, яны расказалі, што сілавікі пасадзілі яго ў бус — і машына яшчэ даволі доўга стаяла проста ля будынка «Белтэлекама» на Матусевіча. Пасля толькі яго даставілі ў Следчы камітэт. А сам муж напісаў у адным з лістоў пра дарогу ў СК: «Я думаў, што проста не даеду».

«Высоцкі крычаў: «Убью н*й, если что-то удалишь». Мастаку Дзмітрыю Падрэзу прызначылі 7 гадоў калоніі

15 сакавіка 2022 года Мінскі гарадскі суд вынес яшчэ адзін прысуд па «справе Чорнай кнігі Беларусі» супраць палітзняволенага стрыт-арт мастака (вядомага як Дзіма Dream) і IT-спецыяліста Дзмітрыя Падрэза — сем гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Дзмітрыя затрымалі 15 ліпеня мінулага года — тады сілавікі на вяроўках праз акно ўварваліся ў кватэру айцішніка. Праваабаронцам «Вясны» толькі вясной гэтага года ад яго былога сукамерніка стала вядома пра збіццё і здзекі з боку супрацоўнікаў ГУБАЗіКа з палітвязня падчас затрымання. Супрацоўнікі САХРа на вяроўках з даху спускаліся ў кватэру мастака. Пасля таго, як яны патрапілі ў кватэру, запусцілі супрацоўнікаў ГУБАЗіКа, сярод якіх былі Валер Высоцкі, Асташка і Волкаў.

«Забеглі ў ванны пакой, захапілі і паклалі ў пакоі. На рукі — кайданкі. Супрацоўнік ГУБАЗіКа Высоцкі дастаў з паліцы злепак гіпсавай рукі, нацягнуў прэзерватыў і кажа: «Давайце ўставім ў задні праход». Але паклаў гіпсавую руку каля галавы. А перад гэтым сахравец ударыў нагой па сцёгнах, а іншы — пальчаткай па твары. Спыталі пароль — Дзмітрый даў.

Пры ператрусе губазавец Высоцкі ўзяў карціну мастака Захара Кудзіна і парэзаў яе тройчы са словамі: «Так будет красивее». Потым парэзаў фотакарціны. Потым Высоцкі ўзяў стары ноўтбук, разламаў яго на дзве часткі, стукнуў адной часткай па камодзе са словамі: «Теперь точно не работает».

У хатняй бібліятэцы знайшлі руска-польскі размоўнік. Губазавец Асташка ўдарыў размоўнікам па твары са словамі: «Ты что, б*, не патриот?»

Калі праглядзелі ноўтбук, Высоцкі крычаў: «Убью нах*й, если что-то удалишь».

Потым губазаўцы Высоцкі і Волкаў балончыкам у калідоры на сцяне напісалі «УКБ». Парвалі канапу, калі круцілі яе. Кватэру не далі зачыніць.

Павезлі ў ГУБАЗіК, калі пад’ехалі, Высоцкі сказаў: «Добро пожаловать в гестапо», — распавёў былы сукамернік Дзмітрыя.

«Ён быў увесь сіні: ад канца пазваночніка і амаль да пятак». Экс-следчага Старажэнку асудзілі да 7 гадоў калоніі 

2 снежня Мінскі гарадскі суд агучыў прысуд палітзняволенаму былому следчаму Мікіту Старажэнку — сем гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Са слоў яго былога сукамерніка, менавіта Старажэнка быў прызначаны ў 2020 годзе весці справу супраць 16-гадовага збітага сілавікамі хлопца (верагодна, гаворка ідзе пра Цімура Міцкевіча) — тады Мікіта звольніўся са следчых органаў. Яго абвінавацілі ў «зліве» кантактаў сілавікоў «пратэсным каналам».

Мікіта быў брутальна затрыманы 1 лютага 2022 года ў Мінску ў гандлёвым цэнтры. На «пакаяльным» відэа ён выглядаў вельмі напалоханым, а на твары былі бачныя пашкоджанні. Яго сапраўды збівалі пасля затрымання — гэта «Вясне» пацвердзіў ягоны сукамернік.

«Калі Мікіта прыйшоў у камеру, то быў вельмі напалоханы, таму што яго пужалі тым, што адправяць у камеру да «пеўняў», дзе яго будуць збіваць. Пужалі, што праз тое, што працаваў следчым, адправяць яго да «мацёрых». Мы калі ўбачылі, што ён збіты, зразумелі, што ён ніякі не падстаўны. Мы разумелі, што адчувае чалавек у такія хвіліны, таму асцярожна сябе з ім паводзілі. Яго напужалі 12-гадовым тэрмінам.

Ён быў увесь сіні: ад канца пазваночніка і амаль да пятак. У яго былі нават не сінія, а цёмна-фіялетавыя ногі. На твары і на галаве былі ранкі, сляды ад кайданкоў. Мікіта расказваў, што білі нагамі, дубінкамі, намотвалі анучу на галаву, надзявалі вядро для смецця на галаву і білі па вядры, каб слядоў збіцця не заставалася. Але ўсё адно ў яго было рассячэнне на носе, каля вуха была вялікая ранка. Відаць, па носе яму патрапіла нармальна, таму што ён яшчэ і чырвоны быў. Таксама ў яго былі апухлыя вусны, сіняк на падбародку».

«У ЦІП ён прыехаў з цалкам фіялетавымі нагамі». Былога прэс-сакратара «А1» Мікалая Брэдзелева асудзілі да 4 гадоў калоніі 

У Мінскім гарадскім судзе 24 кастрычніка да чатырох гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму асудзілі 35-гадовага палітзняволенага кіраўніка ўпраўлення сувязяў з грамадскасцю кампаніі A1 Мікалая Брэдзелева. Яго абвінавацілі ў «фінансаванні дзейнасці экстрэмісцкага фармавання» (арт. 361-2 Крымінальнага кодэкса) за тое, што нібыта блогер Антон Матолька на сваім канале піярыў A1 са жніўня па снежань 2020 года. Хаця тэлеграм-канал «МатолькаПамажы» быў прызнаны «экстрэмісцкім фармаваннем» толькі 17 сакавіка 2022 года. Пасля затрымання Мікалая ў снежні 2021 года стала вядома, што сілавікі яго збівалі, але не былі вядомыя падрабязнасці. Сукамернік Мікалая з Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна нядаўна распавёў «Вясне», у якім стане Брэдзелеў трапіў у камеру.

Мікалай Брэдзелеў з сябрам Аляксеем быў затрыманы 10 снежня 2021 года супрацоўнікамі ГУБАЗіКа. Яго былы сукамернік распавядае, што Мікалая ў ЦІП прывезлі ўсяго збітага:

«У ЦІП ён прыехаў з цалкам фіялетавымі нагамі, збівалі моцна. Мяркуючы па яго стане — прымалі жорстка. Мы — 15—20 чалавек — спалі на падлозе, таму распраналіся да майткоў, бо ацяпленне было на максімуме. Таму ўсе бачылі сінякі Мікалая. Гэта былі прама чорна-фіялетавыя па ўсіх сцёгнах, на целе таксама былі: спіна, бакі. Ніколі не забуду».

Экс-сукамернік Мікалая успамінае, што той не распавядаў падрабязнасці свайго затрымання. Паводле яго, ён нават выказаць здагадку не можа, чым і як трэба было збіваць чалавека, каб утварыліся такія гематомы:

«Калі дубінкай, то трэба вельмі шмат разоў ударыць, каб атрымаць такое суцэльнае заліванне».

Мікалая затрымлівалі з яго сябрам Аляксеем. Яго сукамернік распавядаў, што той таксама быў моцна збіты:

«Мікалая Брэдзелева і яго сябра-адваката Аляксея, як я ведаю, затрымлівалі разам і вельмі жорстка. Іх збілі, у кватэры трушчылі тэхніку. Адвакат быў сінюшны: ногі ў сіняках, паясніца, сіняк пад вокам».

Як адразу паведамлялася ў праўладных тэлеграм-каналах, дзе было апублікавана і «пакаяльнае» відэа з Брэдзелевым, Мікалай нібыта з ліпеня 2020-га перадаваў трэцім асобам інфармацыю, звязаную з яго прафесійнай дзейнасцю (даныя кліентаў А1), але потым у кампаніі заявілі, што Брэдзелеў не меў доступу да даных кліентаў.

«Яго вазілі на допыт з ЦІПа і, як цяпер памятаю, ён прыехаў назад і сказаў, што следчыя прызнаюць, што на яго няма нічога і маўляў «яго падставілі». Ён заўсёды сцвярджаў, што ў яго няма нават доступу да гэтай інфармацыі, у зліве якой яго падазравалі».

Ужывалі гвалт і катаванні. Дзмітрый Сасноўскі па «справе АГСБ» асуджаны да 20 гадоў калоніі

Мінскі абласны суд 5 снежня вынес прысуд па «справе «Атрадаў грамадзянскай самаабароны Беларусі», па якой праходзяць адразу пяць чалавек — Дзмітрый Сасноўскі, Аляксей Глотаў, Наталля Мацвеева, Вадзім Гулевіч, Кірыла Ашурак. Агулам іх асудзілі па дзесяці артыкулах Крымінальнага кодэкса, у тым ліку за тэрарызм, за спробу падрыву вузла сувязі вайскова-марскога флоту Расіі ў Вілейцы, замах на прапагандыста Рыгора Азаронка і спробу знішчыць лесанарыхтоўчую тэхніку ў лясгасах.

Дзмітрый Сасноўскі — адзіны па справе, хто не прызнаў віну ў акце тэрарызму ў дачыненні да прапагандыста Азаронка, заявіўшы што «гэта была правакацыя праваахоўных органаў».

«Маё сумленне чыстае, я нічога не здзяйсняў, на ролю тэрарыста я дакладна не падыходжу», — заявіў Дзмітрый.

На судзе ён заявіў суду, што пасля затрымання каля дома Азаронка да яго «ўжывалі гвалт і катаванні, прымусілі напісаць чыстасардэчнае прызнанне».

Заявы Сасноўскага аб катаваннях судом не былі прынятыя да заўвагі. Суддзя Сяргей Епіхаў прызначыў яму 20 гадоў калоніі.

Апраналі пакет на галаву, было не менш за 50 удараў. Анатоля Латушку асудзілі да 6 гадоў калоніі

20 верасня суд Цэнтральнага раёна Мінска асудзіў палітвязня, стрыечнага брата палітыка Паўла Латушкі, Анатоля Латушку да шасці гадоў калоніі і штрафу ў 300 базавых велічыняў. Падчас суда былі агучаныя падрабязнасці прымянення фізічнай сілы да яго ў Цэнтральным РУУС. Падчас следства Латушка распавядаў:

«31 студзеня 2022 года каля 01:00 я быў затрыманы паблізу дома, даставілі ў Цэнтральнае РУУС, правялі на чацвёрты паверх у адзін з кабінетаў, далей пачалі камунікаваць супрацоўнікі, якія там знаходзіліся. Супрацоўнік апранаў мне два разы на галаву поліэтыленавы пакет, пры гэтым яны тлумачылі, што хочуць атрымаць ад мяне нейкія звесткі, пра якія я сам не ведаў. Хтосьці з супрацоўнікаў узяў у рукі дубінку, пачаў пагражаць ёй…» [суддзя прапусціў частку тэксту].

«Пра ўдары нейкія, не менш за 50 разоў…» — працягвае суддзя.

«Казалі аб тым, што хочуць атрымаць ад мяне інфармацыю, што датычыцца нейкіх телеграм-каналаў. Я не разумеў, што ад мяне хочуць. Ад таго, што на мяне аказваюць фізічны ціск, я пагадзіўся даваць паказанні, якія мне сказалі супрацоўнікі міліцыі. Пры гэтым па факце я названых злачынстваў не здзяйсняў. У далейшым, калі я пачаў даваць паказанні, фізічную сілу да мяне таксама супрацоўнікі міліцыі не ўжывалі. Далей мяне спусцілі ў дзяжурную частку, і на наступны дзень я працаваў са следчым. У далейшым фізічную сілу да мяне ніхто не ўжываў. Хачу ўдакладніць, што людзі, якія прадставіліся супрацоўнікамі ГУУС, пакінулі кабінет да пачатку прымянення да мяне фізічнай сілы», — сказана ў тлумачэнні Латушкі.

На судзе палітвязень пацвердзіў гэтыя факты.

***

Калі вы пацярпелі ад катаванняў з боку сілавікоў ці сутыкнуліся з бесчалавечным і жорсткім абыходжаннем у СІЗА, парушэннем правоў чалавека — калі ласка, пішыце на: Telegram: @ViasnaDOC | Email: [email protected]. Таксама вы можаце распавесці сваю гісторыю журналістам «Вясны»: @Spring96infoУся інфармацыя можа быць ананімнай ці публічнай. Мы працуем анлайн і максімальна бяспечна.

Каментары

«Нават яго прыхільнікі зразумелі, што жыць як раней ужо не атрымаецца». Беларусы расказалі пра атмасферу ў краіне напярэдадні выбараў8

«Нават яго прыхільнікі зразумелі, што жыць як раней ужо не атрымаецца». Беларусы расказалі пра атмасферу ў краіне напярэдадні выбараў

Усе навіны →
Усе навіны

ГУБАЗіК паправіў пракуратуру18

«Відаць, я добра шыфравалася, што за мной прыйшлі толькі ў 2023 годзе». Мінчанка расказала пра арышт і ўцёкі2

Кур'ер пераканаў 87-гадовую мінчанку не перадаваць грошы на «лячэнне сваячкі»1

У Маскве нацыяналізавалі нерухомасць алігарха з беларускімі каранямі Аляксея Хоціна

Прапагандысты выпадкова паведамілі, колькі плацяць за стварэнне крынджовых стыкераў да Дня народнага адзінства5

Апублікавала рылз пра Караткевіча і выйшла замуж праз восем месяцаў. Гісторыя кахання двух беларусаў3

У ЗША спынілі крымінальны пераслед Трампа па справе штурму Капітолія2

Беларускую спявачку Руслану Панчышыну прызналі ў Іспаніі адкрыццём года2

Генпракуратура расказала пра вялікую справу па дваровых чатах2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Нават яго прыхільнікі зразумелі, што жыць як раней ужо не атрымаецца». Беларусы расказалі пра атмасферу ў краіне напярэдадні выбараў8

«Нават яго прыхільнікі зразумелі, што жыць як раней ужо не атрымаецца». Беларусы расказалі пра атмасферу ў краіне напярэдадні выбараў

Галоўнае
Усе навіны →