Грамадства11

Як радавацца жыццю ў цяжкія часы (і нават за кратамі). Расказвае псіхолаг, які сам прайшоў лукашысцкія засценкі і пераасэнсаваў досвед Франкла

У красавіку 2022 года псіхолага Канстанціна Высочына затрымалі. Праз чатыры месяцы, у жніўні, мужчына вызваліўся з Валадаркі з накіраваннем на хімію і ўцёк у Літву. Мы пагутарылі з былым палітвязнем пра тое, якая радасць сапраўдная, а якая сінтэтычная, і як правільна радавацца ў няправільныя часы.

Фота: асабісты архіў Канстанціна Высочына

Ці ўмеюць беларусы радавацца

Перш за ўсё Канстанцін тлумачыць, што такое радасць: «Гэта па сутнасці хімічная рэакцыя, яна залежыць ад выкіду гармонаў. Ён адбываецца там, дзе нейкае перажыванне пад уплывам мінулага досведу спрыяе выпрацоўцы таго ці іншага гармону. Усе мы ведаем словы «дафамін, эндарфін, сератанін», і гэтыя рэчывы сапраўды адказваюць за радасныя перажыванні, за эйфарыю. Ад таго, як псіхіка ўспрымае рэальнасць, залежыць тое, якія запускаюцца драйверы для гарманальнага фону».

Адзін з драйвераў нашага эвалюцыйнага развіцця — тыя эмоцыі, што мы адчуваем, у тым ліку і радасць. Цэласная асоба — гэта тая, якая мае збалансаваны набор адчуванняў, але калі мы кажам пра беларускае грамадства, то, паводле Высочына, для яго асноўнае пачуццё — гэта наўрад ці радасць. Нават да 2020 года, лічыць псіхолаг, у Беларусі ў большай ступені панавалі трывога і страх.

У цяжкія часы, расказвае Канстанцін, псіхіка працуе ў іншым рэжыме, для яе ўвогуле недасягальныя механізмы, што спрыяюць выпрацоўцы гармонаў радасці. Псіхіка хутчэй занятая бяспекай, таму выпрацоўваюцца іншыя рэчывы: адрэналін, каб абараняцца, картызол, каб пражываць стрэс.

Гэта карціна беларускага грамадства. Калі казаць пра асобных людзей, то мы ўсе так ці інакш стараемся напаўняць сябе радаснымі эмоцыямі. Гэты працэс несвядомы і нерацыянальны, проста без яго, паводле псіхолага, псіхіка не вытрымае і чалавек акажацца ў дэпрэсіўным расстройстве, а гэта ўжо дыягнаставаная псіхічная хвароба.

«Могуць быць псіхічныя пагаршэнні, а можа і спрацаваць псіхасаматыка, бо калі псіхіка не спраўляецца, выстрэльвае фізіялогія.

Ёсць і трэці спосаб: забіваць у сабе трывожныя перажыванні і штучна падымаць узровень радасці. Ад гэтага нараджаюцца ўсе формы залежнасці, і не толькі алкагалізм ды наркаманія, але і, напрыклад, працагалізм ці сэксагалізм», — псіхолаг.

Ці можна радавацца, калі навокал адбываецца страшнае

Высочын заўважае: «Калі мы кажам, што мы нешта не заўважаем і ў нешта не ўнікаем, гэта працуе, але гэта ўсё роўна не той узровень пражывання радасці, як калі б у нас быў іншы фон».

Фота: асабісты архіў Канстанціна Высочына

Часам людзі могуць засмейваць страшныя падзеі. «Бывае такое, што чалавеку вельмі страшна, але ён пачынае ўсміхацца і пасмейвацца, гэта чамусьці часта робяць дзяўчаты.

Гэта цудоўна працуе, бо праз усмешку мы сябе перапраграмуем, каб не сустракацца са страхам у рэальнасці, усмешка дазваляе трошкі падмануць нашу псіхіку: маўляў, усё не так страшна, як насамрэч.

Таму для мяне дазваляць сабе радавацца, калі навокал трэш, — гэта хутчэй пра нежаданне заўважаць, што адбываецца, пра сыход з рэальнасці. Гэта радасць, але яна трохі штучная», — кажа Высочын.

Канстанцін тлумачыць, што цалкам нармальна дазволіць сабе знаходзіцца ў дэпрэсіўнай стадыі, якая зараз найбольш адпавядае навакольным падзеям. Важна даць сабе прасмуткаваць тое, што адбываецца: маўляў, мне сёння сумна, але я не буду збягаць ад гэтага пачуцця, я пагружуся ў яго. Гэта легальна і менш траўматычна для псіхікі, як калі б чалавек завальваў сябе радасцю. Гэта феномен, які Канстанцін характарызуе так:

«Для мяне гэта выцясненне сапраўднай эмоцыі і падмена яе, псіхіка гэтага не разумее, усё роўна там застанецца смутак, які калісьці выстраліць.

З пункту гледжання псіхалогіі, любая эмоцыя і любое перапыненае перажыванне капсуліруецца недзе ў псіхіцы, і ў будучыні яно ўсё роўна нейкім чынам накрые чалавека: напрыклад, праз трывожны ці дэпрэсіўны разлад, праз агрэсіўныя паводзіны, а то і праз псіхасаматычныя хваробы».

Высочын прапануе прыняць для сябе такі варыянт: я разумею, што мне сумна, але дазваляю сабе радавацца. 

«Калі мне робіцца зусім невыносна і я разумею, што мяне засмоктвае нейкая варонка, я пачынаю глядзець на сваё жыццё і казаць сабе пра тое, што ў мяне зараз ёсць, гэта мяне напаўняе.

Адна з маіх апор — мае дзеці: я ўспамінаю іх і разумею, што ў нейкі момант мог бы з імі расстацца, калі б мяне адаслалі ў калонію гады на тры. Таму я радуюся, што магу быць з дзецьмі і магу працаваць, бо ў мяне гэта атрымліваецца і мне падабаецца мая праца. Радуюся дасягненням, напрыклад, калі ў мяне атрымалася напісаць добры пост», — дзеліцца асабістым досведам Канстанцін.

Фота: асабісты архіў Канстанціна Высочына

Віна за радасць у цяжкія часы

Для беларусаў, кажа псіхолаг, такая віна была асабліва характэрная падчас падзей 2020 года. Тады шмат хто не мог уявіць, што можна ў сваіх сацсетках напісаць пра звычайную жыццёвую падзею, нібыта любавацца захадам сонца ці з’есці смачную булачку ў кавярні стала ўжо забаронена. Вядома, усе ўспрымалі падзеі па-свойму, але, дзеліцца Высочын, ён адчуваў іх як агульную трагедыю: маўляў, калі я адчуваю ад чагосьці задавальненне, то я вінаваты перад тымі, хто цяпер сядзіць на Акрэсціна, хаця мы ўсе ў адной лодцы. Тады ён рабіў нешта для зняволеных, каб адчуць сябе датычным.

Пра гэта вельмі шмат пісалі класікі, гэтую з’яву добра даследавалі, у тым ліку падчас сусветных войнаў. Высочын згадвае Віктара Франкла, які прайшоў канцлагер, і тое, як ён рэфлексаваў на тэму таго, калі ён застаўся жывы, а нехта каля яго памёр.

Франкл тлумачыў, што ў гэтым выпадку нармальна заставацца ў эгаістычнай пазіцыі і не ўвальвацца ў віну праз іншага чалавека, бо так ты яму не дапамагаеш. Адзінае, што ты можаш, — гэта заставацца моцным, каб пастарацца нешта змяніць.

У месцы, дзе ёсць чужое гора, твая віна яго не змяншае, а хутчэй павялічвае, бо каля чужога гора становіцца тваё, а твой абавязак ўсё-такі клапаціцца пра сябе. Гэта як у самалёце, дзе спачатку трэба на сябе надзець кіслародную маску, а потым на дзіця.

Як былыя палітвязні ставяцца да людзей, якія жывуць так, нібыта палітвязняў няма

Канстанцін дзеліцца, што меў наконт гэтага багата пачуццяў, і ў турме пра гэта шмат гутарылі. На Валадарцы сядзелі вельмі розныя людзі, і непалітычныя казалі яму праз аднаго: «Што ты каму даказаў? Калі б была магчымасць, ты б выбраў той жа шлях? Ты ў турме, твае жонка і дзеці адны, і ты не маеш будучыні».

Высочын кажа, што тады рэфлексаваў пра тое, што іншыя ў гэты час на волі, усміхаюцца і нават не ўяўляюць, наколькі важныя гэты ліст ці перадача з волі, думаў пра людзей, якія нібыта адвярнуліся.

«У мяне было вельмі шмат крыўды, шмат злосці, шмат жадання выйсці і сказаць усім: «Людзі, давайце аб’ядноўвацца, вы не ўяўляеце, колькі там болю і пакут». Я быў як капрызнае дзіця, мне здавалася, што мой боль павінны пражываць усе, што мне ўсе нешта павінны, але зараз разумею, што мне ніхто нічога не павінен.

І тым бандытам на Валадарцы я адказваў так: «Я б рабіў тое ж самае, бо гэта быў мой выбар. Калі я выходзіў змагацца з рэжымам і выказваць сваё абурэнне, я рабіў гэта для сябе, і адказнасць за гэта, як дарослы чалавек, я бяру выключна на сябе». Ніхто мне нічога не абяцаў і я нічога ні ад кога не чакаў, гэта быў мой выбар і мая пазіцыя перад самім сабой, мая гісторыя.

Фота: асабісты архіў Канстанціна Высочына

Хаця, канечне, мне крыўдна, калі грамадства нібыта не хоча заўважаць палітвязняў, калі даволі блізкія людзі казалі мне, што я сам ва ўсім вінаваты. Пытаўся ў іх, у чым мая віна? У тым, што жадаю быць чалавекам, адчуваць сябе вольным?» — дзеліцца былы палітвязень.

Ці існуе радасць за кратамі

Як расказвае Канстанцін, яна там ёсць, але яе зусім мала і яна зусім іншая, чым у вольным свеце:

«Ніколі не думаў, што буду радавацца сітуацыі, калі баландзёр кідае ў кармушку лісты і на адным з іх маё імя, гэта проста эмацыйны выбух, бо гэта вестачка адтуль, ад жывых, сапраўдных, і там ёсць жыццё.

Вочы імгненна слязяцца, але плакаць у турме нельга, таму максімальна запіхваеш гэта ў сябе. Яшчэ кожную сераду там можна было мыцца пад гарачай вадой, і гэта радасць. Прадчуваеш гэтую падзею, за два дні пачынаеш рыхтаваць сябе да яе».

Чамусьці за кратамі, згадвае Высочын, усе ведаюць, што трэба сябе радаваць. Калі ў камеру прыходзіць чалавек — душа кампаніі, які заўсёды вясёлы і расказвае цікавыя гісторыі, гэты чалавек адразу робіцца патрэбным, яго набліжаюць да сябе, у тым ліку галоўны па камеры. Бо калі там не радавацца, будзе зусім цяжка, любая падзея там — гэта боль і жах, атмасфера вельмі цісне і прыгнятае. На волі можна пабачыць сонца і парадавацца яму, а там няма нават такіх дробязяў.

Таму вязні самі сябе радуюць, забаўляюць, бо можна так глыбока сысці ў свае ўнутраныя перажыванні, што не выкараскаешся.

Ці можа радасць быць недарэчнай

Для Канстанціна недарэчная радасць — гэта радасць штучная:

«Напрыклад, мне зараз сумна, але я сыходжу ад смутку, напрыклад, праз алкаголь ці наркотыкі. Так я стымулюю ў сябе выкід сератаніну і мне нібыта радасна, але насамрэч я не дазваляю сабе пражыць рэальныя эмоцыі.

Гэта не так ужо і дрэнна, калі ты сабе гэта дазваляеш легальна, калі разумееш — табе блага, але ад паўбутэлькі чырвонага віна ты прыйшоў бы ў сябе. Калі я пастаянна сыходжу ад пражывання эмоцый у штучнасць, для мяне гэта недапушчальная радасць, я разумею, што з пункту гледжання псіхічнага здароўя гэта згубна. Але разумею людзей, якія так робяць».

Таксама, расказвае Высочын, для яго недапушчальная радасць — публічна ганарыцца сваімі жыццёвымі падзеямі. Напрыклад, у дзіцяці юбілей, там куча сяброў, усмешак, смеху. Гэта прыватнае мерапрыемства, атрымлівай ад яго задавальненне, але навошта выстаўляць яго на публіку?

«Калі я бачу такое ў стужцы, а наступнае фота — развалены дом ці збіты чалавек, я адчуваю, што радасць тут не да месца. Дазволь яе сабе, пражыві яе. Канечне, трэба радавацца дню нараджэння дзіцяці, нават калі недзе бамбяць Кіеў. Але няхай гэта будзе твая радасць і ты не будзеш пра яе казаць пяці тысячам сваіх падпісчыкаў. Для мяне гэтыя рэчы непрымальныя», — дзеліцца псіхолаг.

Варта разумець свой боль наконт падзей, што зараз адбываюцца, і не адварочвацца ад гэтых падзей, дазваляць сабе смуткаваць праз іх. Але гэта не адмяняе таго факта, што можна дазволіць сабе легальна і без пачуцця віны пражываць сваю прыватную радасць. Бо інакш можа быць дэпрэсіўны разлад, суіцыдальныя спробы, псіхатычны эпізод — усё, што заўгодна, гэта залежыць ад таго, якая ў чалавека арганізацыя псіхікі. 

Шмат залежыць і ад асабістых перажыванняў. Як навучыцца радавацца чалавеку, у якога было шмат страт і гора? Немагчыма загадаць сваёй псіхіцы радавацца, але дакладна можна паспрабаваць заўважаць больш рэчаў, якія могуць мне прыносіць радасць.

Ёсць адпаведны кірунак у псіхалогіі пад назвай кагнітыўна-паводзінная тэрапія, дзе паводзіны ўплываюць на стан чалавека.

«Напрыклад, я прымушаю сябе ісці на забаўляльнае мерапрыемства, хаця не хачу гэтага, мне больш хочацца паплакаць. Але я іду туды, шмат хаджу, што абавязкова прапісваюць падчас трывожных станаў, п’ю дастаткова вады, любуюся захадам сонца. Раптам мне гэта прынясе радасць? Спачатку раблю гэта з недаверам, праз супраціў, але на выхадзе адчуваю радасць», — падсумоўвае псіхолаг.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

«Маскіравацца пад «балота» альбо выязджаць». Беларусь-2022 — інструкцыя па выжыванні

«У тых, хто перажыў гора страты Радзімы, няма адчування будучыні». Як гаруюць беларусы

«Калі ў зняволенага вялікі тэрмін, ён гатовы на любыя саступкі, нават заклад іншых, толькі б выйсці на волю раней». Былыя палітвязні распавялі, як вярталіся да жыцця пасля турмы

Каментары1

  • ...і ўцёк у Літву
    05.03.2023
    "Адна з маіх апор — мае дзеці: я ўспамінаю іх і разумею, што ў нейкі момант мог бы з імі расстацца, калі б мяне адаслалі ў калонію гады на тры. Таму я радуюся, што магу быць з дзецьмі і магу працаваць, бо ў мяне гэта атрымліваецца і мне падабаецца мая праца. Радуюся дасягненням, напрыклад, калі ў мяне атрымалася напісаць добры пост», — дзеліцца асабістым досведам Канстанцін."

    атрымліваецца ў яго... а што ён будзе казаць тым людзям, якіх сапраўды пазбавілі волі на тры і больш гадоў? пазбавілі магчымасці бачыцца з дзяцьмі на тры і больш гадоў?



    https://d2b0v286pbg9yh.cloudfront.net/311386

«Нават яго прыхільнікі зразумелі, што жыць як раней ужо не атрымаецца». Беларусы расказалі пра атмасферу ў краіне напярэдадні выбараў6

«Нават яго прыхільнікі зразумелі, што жыць як раней ужо не атрымаецца». Беларусы расказалі пра атмасферу ў краіне напярэдадні выбараў

Усе навіны →
Усе навіны

ГУБАЗіК паправіў пракуратуру17

«Відаць, я добра шыфравалася, што за мной прыйшлі толькі ў 2023 годзе». Мінчанка расказала пра арышт і ўцёкі2

Кур'ер пераканаў 87-гадовую мінчанку не перадаваць грошы на «лячэнне сваячкі»1

У Маскве нацыяналізавалі нерухомасць алігарха з беларускімі каранямі Аляксея Хоціна

Прапагандысты выпадкова паведамілі, колькі плацяць за стварэнне крынджовых стыкераў да Дня народнага адзінства4

Апублікавала рылз пра Караткевіча і выйшла замуж праз восем месяцаў. Гісторыя кахання двух беларусаў3

У ЗША спынілі крымінальны пераслед Трампа па справе штурму Капітолія2

Беларускую спявачку Руслану Панчышыну прызналі ў Іспаніі адкрыццём года2

Генпракуратура расказала пра вялікую справу па дваровых чатах2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Нават яго прыхільнікі зразумелі, што жыць як раней ужо не атрымаецца». Беларусы расказалі пра атмасферу ў краіне напярэдадні выбараў6

«Нават яго прыхільнікі зразумелі, што жыць як раней ужо не атрымаецца». Беларусы расказалі пра атмасферу ў краіне напярэдадні выбараў

Галоўнае
Усе навіны →