Адновіцца авіязлучэнне з Іранам. Ці рызыкне Лукашэнка паўтарыць атаку мігрантамі?
Пасля візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Іран загаварылі пра аднаўленне авіязносін паміж Мінскам і Тэгеранам. Напачатку гаворка ідзе пра адзін рэйс на два тыдні. Грамадзяне Ірана могуць прылятаць у Беларусь па бязвізе.
Ці магчыма праз гэта паўтарэнне міграцыйнага крызісу? «Наша Ніва» пацікавілася меркаваннем палітолагаў Каміля Клысіньскага (Польшча) і Віціса Юрконіса (Літва).
Міграцыйны крызіс узнік на межах Беларусі і Еўрасаюза восенню 2021 года, калі тысячы нелегальных мігрантаў, найперш з Сірыі і Ірака, спрабавалі трапіць з тэрыторыі Беларусі ў ЕС. Беларускі рэжым адмаўляў сваю датычнасць да арганізацыі крызісу, аднак краіны Еўрасаюза абвінавачвалі афіцыйны Мінск у арганізацыі гэтага. Сітуацыя мела драматычныя наступствы для беларускай эканомікі: Еўрасаюз увёў новыя санкцыі, Польшча закрыла памежны пераход у Брузгах. Здарыліся і трагедыі: да некалькіх дзясяткаў мігрантаў загінулі, замёрзлі ў лясах і балотах на памежжы, куды іх падвозяць з Мінску.
Дубль №2: ці рызыкне рэжым Лукашэнкі?
Каміль Клысіньскі адзначае, што Лукашэнка знаходзіцца ў вельмі складаным становішчы.
«На нарадах пад ягоным кіраўніцтвам добра відаць і чуваць, што ён жыве ў сваім уласным свеце, савецкім свеце, поўным фобіяў і страхаў. Дарэчы, ён пагражаў даць Польшчы «цвёрды адказ» на частковае закрыццё мяжы. Міграцыйны крызіс арганізуецца і штучна падтрымліваецца беларускімі ўладамі, патокі мігрантаў скараціліся ў параўнанні з 2021 годам, аднак нелегальныя мігранты па-ранейшаму спрабуюць пераходзіць межы еўрапейскіх дзяржаў. Я не выключаю, што на фоне абвастрэння адносінаў паміж Беларуссю і Польшчай павелічэнне патокаў нелегальных мігрантаў можа адбыцца».
Віціс Юрконіс у сваю чаргу мяркуе, што крызіс не вельмі цяжка стварыць, проста аб’явіўшы мабілізацыю (нават не робячы яе).
«Вы ўяўляеце, колькі людзей ламанулася б у Еўропу? Не трэба ніякага Тэгерана.
І пара ўжо і беларусам шчыра сказаць, што з візамі маглі б прытармазіць. Усё, дзякуй Еўропа, хопіць, нас ужо выратавалі. А то пераехалі і тыя, хто мае патрэбу, і тыя, каму хацелася, і тыя, каму актывы трэба было вывозіць. Трэба ўсім сталець: і беларусам, і Еўропе. Ёсць куды больш сур’ёзныя выклікі з-за супрацоўніцтва з Іранам. І з Кітаем. Беларусь, якая яшчэ пяць гадоў таму марыла быць IT-хабам, варотамі паміж Захадам і Усходам, з цяперашнім рэжымам аказалася ў поўным тупіку, у адной кампаніі з сусветнымі ізгоямі».
Ці гатовыя да такога сцэнара Польшча і Літва?
Польшча гатовая прыняць рэзкія меры — ажно да поўнага закрыцця мяжы, мяркуе Каміль Клысіньскі.
«Калі польскія ўлады ўбачаць павелічэнне пагроз з боку Беларусі, а нарошчванне міграцыйнага крызісу і ёсць адной з такіх пагроз, то поўнае закрыццё меж магчыма. Усё залежыць ад паводзін беларускага боку — мяч на ягоным баку».
Ён дадае пры гэтым, што поўнае закрыццё меж усё ж не самы рэалістычны варыянт.
«З майго пункту гледжання, гэта магчыма толькі ў выпадку эскалацыі, пры рэзкім узмацненні пагроз з боку Беларусі. Міграцыйны крызіс, паўтаруся, адна з такіх пагроз».
«А беларусы гатовыя? А рэжым гатовы да рэакцыі ў адказ? — задае сустрэчнае пытанне Віціс Юрконіс. — Захацелася паўтарыць пралік 2021 года? Яшчэ крыху, і Беларусь пачне запрашаць працоўную сілу з другіх кантынентаў, бо чалавечы капітал на вачах растае ў Беларусі. Самі прадстаўнікі рэжыму разумеюць, што няма каму працаваць».
Якія стратэгічныя наступствы можа выклікаць новы міграцыйны крызіс?
Наступствы ўжо ёсць, заўважае Каміль Клысіньскі.
«Пабудаваная сцяна ўздоўж мяжы з Беларуссю, якой раней не было. Яна не была цалкам празрыстая (бо гэта мяжа з Еўрасаюзам і НАТА), але была больш добрасуседская. Але пасля міграцыйнага крызісу 2021 года даверу засталося вельмі мала, я б сказаў, яго ўвогуле не засталося».
У выпадку, калі Лукашэнка паўторыць міграцыйны крызіс, можна чакаць узмацнення кантролю на мяжы і амаль поўнага яе закрыцця.
Віціс Юрконіс мяркуе, што ў гэтых разважаннях магчымасці рэжыму Лукашэнкі перабольшваюцца.
«Узмацненне памежнага кантролю прама ўплывае на патокі кантрабанды. Ці гатовы Лукашэнка ахвяраваць тытунём? Мы бачылі мноства нерацыянальных рашэнняў, але гэтае стала б найвялікшым глупствам.
І не зусім зразумела, з якіх прычын Іран пайшоў бы на гэта, трымаючыся за ручкі з Аляксандрам Лукашэнкам», — выказваецца Юрконіс.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары