У 35 рэгіёнах Расіі пачалі рассылаць позвы «для ўдакладнення звестак»
Кіраўнік міжнароднай праваабарончай групы «Агора» Павел Чыкаў апублікаваў спіс рэгіёнаў, дзе ў ваенкаматы запрашаюць мужчын. Сярод іх — Масква, Пецярбург, Ленінградская, Маскоўская, Белгарадская і Мурманская вобласці, Алтайскі, Пермскі, Краснаярскі і Краснадарскі краі.
Рэгіянальныя ўлады заяўляюць, што позвы рассылаюцца для «актуалізацыі звестак вайсковага ўліку» або запрашэння на вайсковыя зборы. У Крамлі гэта назвалі «звычайнай практыкай», адзначыўшы, што ў іх няма «ніякіх абмеркаванняў» новай хвалі мабілізацыі ў Расіі.
«Больш за ўсё пытанняў выклікаюць позвы на вайсковыя зборы, якія могуць праводзіцца толькі пасля ўказу прэзідэнта. Такога ўказу не было, прынамсі, не апублікаваны», — адзначае Чыкаў. Паводле яго ацэнак, пакуль пра другую хвалю мабілізацыі гаворкі не ідзе.
Мабілізацыя ў Расіі пачалася ў канцы верасня 2022 года і, як сцвярджаюць расійскія ўлады, завяршылася ў канцы кастрычніка. Аднак Уладзімір Пуцін дагэтуль не падпісаў указа аб яе завяршэнні.
Каментары