Івулін пра здзекі з Пушкіна, цяжкі стан Латыпава і эрзац-сэкс у калоніі
Аляксандр Івулін, блогер, які быў палітвязнем і нядаўна выйшаў з калоніі, даў інтэрв'ю каналу «Жыццё-маліна». Сабралі самае цікавае з яго.
Пра тое, як лягчэй сядзець
Мне было лягчэй: сумленне было чыстае. Я разумеў, што не зрабіў нічога дрэннага: нікога не «здаў», нікому не нашкодзіў сваімі відэа. Я ні пра што не шкадую, і ў мяне не было пытанняў да сябе. І спаў я вельмі добра — а дзясятай адбой, і я ўжо сплю.
Я разумею, што мушу «вывозіць». Было бачна, што я быў узорам для многіх людзей, і таму я не мог проста апусціць рукі.
Але мне пашчасціла, што мне не трэба быць нейкім узорам, я такі, які ёсць, і гэта, мне здаецца, феномен таксама майго медыйнага поспеху. Людзі адчуваюць маю энергію і зараджаюцца ёй. Задача ў тым, каб проста застацца чалавекам, якім і быў. Самая галоўная гісторыя ў зняволенні — не згубіць гэтую бадзёрасць.
Пра тое, чаму важна заставацца чалавекам
Мы сядзелі з Анатолем Лябедзькам на Акрэсціна, заходзіць хлопец, і бачна, што для яго гэта жахлівая сітуацыя — ён ішоў з працы, яго схапілі і закінулі ў камеру. І мы адразу спыталіся: як там на волі, што новага? Ён кажа: чуў, Лябедзька хутка выйдзе, яшчэ Івулін там сядзіць. Я ўжо тады быў моцна зарослы. І ён углядаецца у нашы твары і ў яго выбух адбываецца: ваў, я выйграў джэк-пот, я ў адной камеры з Лябядзькам і Івуліным, дзе фотаапарат, давайце сфоткаемся.
Гэтаму хлопцу было цяжка пасля, бо спачатку ты на эмацыйным пад'ёме, а пасля разумееш, што табе пагражае зняволенне. На яго тады завялі акурат крыміналку за нейкія каментары. Чалавек плача, ты яго супакойваеш, пасля спрабуеш вывесці яго на тое, што ўсё будзе добра. Я жахлівы спявак, але мы разам з ім спявалі «Паветраны шар», і яго гэта вяртала да прытомнасці.
Калі я разбіраў свой інстаграм ужо пасля выхаду, то прачытаў ад яго ліст падзякі. І ўвогуле, вельмі шмат людзей, з якімі мы перасякаліся на Акрэсціна або ў СІЗА, пісалі мне падзякі за падтрымку — для мяне гэта важна. Ты разумееш, што ты проста застаешся чалавекам, а ў сённяшні час гэта успрымаецца як подзвіг. Я нязгодны, што гэта я такі класны, проста такі час.
«Адэкватнасць вымяряецца кавалкам мыла»
Я прыдумаў такую прымаўку: «Акрэсціна — гэта месца, дзе чалавечая адэкватнасць вымяраецца кавалкам мыла». Бо на Акрэсціна давалі адзін кавалак мыла на ўсю камеру, на 18 чалавек, і толькі ад кантралёра залежала, ці выдадуць яго.
Аднаго разу нехта папрасіў мыла падчас праверкі. Нам сказалі: заспявайце трэці куплет гімна і мы дамо. У гэты дзень мы засталіся без мыла.
Каго бачыў у зняволенні
У калоніі я бачыў Сцяпана Латыпава. Я яго нават не пазнаў — ён быў вельмі змучаны, з абвіслым целам, бледны, бо ў ШІЗА няма святла, у яго быў цяжкі погляд. Пасля яму змянілі рэжым на турэмны.
Бачыў таксама Кастусёва — вельмі інтэлігентны і класны дзядзька.
А Алесь Пушкін у зняволенні размаўляе выключна па-беларуску. І гэта раздражняла канваіраў, якія з ім размаўлялі, і нават адзін канваір здзекаваўся з яго: «я не панімаю, давайте па-русскі». Па ім была разнарадка яго «прыбіваць», і яму вельмі цяжка.
Што здзівіла ў калоніі
У калоніі штодня фігачыла песня «Бульба-дэнс». Я яшчэ пасля выхаду пабачыў, што ў кліпе здымаліся гульцы БАТЭ і падумаў: хлопцы, ну, вы што!? Таксама ўключалі песню са словамі «Ах, Аляксандр, Аляксандр». Але ўсе гэтыя песні раптоўна скончыліся адразу пасля вандроўкі Лукашэнкі ў Зімбабвэ.
А каставасць у турме здзівіць любога чалавека. Спачатку мяне моцна «трыгерыў» нізкі статус. Напрыклад, яны заўжды мусяць саступаць дарогу, і ты ідзеш па калідоры, а чалавек глядзіць на цябе і ўціскаецца ў сцяну.
Аляксандр Глеб «па паняццях» роўны Азаронку
Арыштанты да мяне ставіліся добра. Першыя месяцы да цябе прыглядаюцца, і цябе ацэньваюць па тваім атачэнні. З кім ты камунікуеш, такі і ты сам.
Вось Аляксандр Глеб ён, можа, і неблагі чалавек, які мае нават нейкія прынцыпы. Але ён фоткаецца з Азаронкам, Турам ды іншымі людзьмі такога кшталту, значыць, прызнае іх за роўных. Таму і стаўленне да яго такое самае, як і да іх. Калі ты камунікуеш з гэтымі людзьмі, то і прынцыпы ў вас аднолькавыя.
Так, гэта вельмі катэгарычна, але гэта дапамагае. Людзі доўга прыглядаюцца перад тым, каб пусціць цябе ў кола сваіх адносін, бо ўсе перажываюць за свой лёс. І мне, каб «упісацца», спатрэбілася некалькі месяцаў.
«Турэмшчыкі не рэспектуюць Лукашэнку»
Я не думаю, што працаўнікі папраўчых устаноў сапраўды любяць Лукашэнку.
Па-першае, яны баяцца, што іх жыццё зменіцца да горшага. Па-другое, яны не хочуць нічога мяняць у сваім жыцці. Бо, па сутнасці, яны таксама праседжваюць сваё жыццё ў турме, толькі па іншы бок кратаў. І Лукашэнку яны не рэспектуюць, проста баяцца зменаў.
Перад выхадам адзін турэмшчык спытаўся: а ты будзеш пра мяне нешта расказваць? Я сказаў, што не. Я б мог расказаць, хто з іх які чалавек, але я не хачу. Бо яны ўсё жыццё прасядзяць у Івацэвічах (ПК-22, у якой сядзеў Івулін, знаходзіца недалёка ад гэтага горада. — НН), і нічога не пабачаць.
ШІЗА і «сустрэча»
Гэта абавязковы атрыбут жыцця вязня. Кажуць нават, «не быў у ШІЗА, то ты не сядзеў, пра што расказаць дзецям». І тады нават ёсць пытанні да таго, як ты «пражываеш арыштанцкі шлях» і ці ты не стукач.
Калі ты «едзеш» у ШІЗА, табе пасля мусяць арганізаваць «сустрэчу», калі ты нармальны чалавек. Часцей за ўсё яе арганізоўваюць людзі, з якімі ты побач. І найперш гэта знак увагі і таго, што ты важны для іншых чалавек.
Для мяне гэта было нешта неймавернае. Чалавек, з якім мы жылі разам, кажа, «вось табе чыстая вада, ідзі памыйся». Я памыўся, мне падаравалі новы чысты касцюм, сродкі гігіены, рушнік. У маім выпадку я быў у шоку — мясныя нарэзкі, садавіна, сыры, яйкі з нейкімі соусамі, салаты, макарона, і пасля яшчэ два торты, якія мы елі пасля два дні. Бо ты сядзіш на ШІЗА і там толькі турэмная ежа.
І ты думаеш: ваў. Бо гэта людзі збіралі, аддавалі сваё. І гэта паказчык таго, што да цябе нармальна ставяцца.
Пра іншых вязняў
У мяне асабіста заняло чатыры месяцы тое, каб прызвычаіцца. Але ў мяне аршанскі гарт (Аляксандр паходзіць з Оршы. — НН), і я магу размаўляць з людзьмі на іх мове, разумею таксама гэтыя дваравыя рэчы, на якіх часта пабудаваныя адносіны.
Ты разумееш, пра што можна размаўляць, а пра што не варта. Адзін дасведчаны зняволены сказаў: мы не размаўляем тут пра палітыку, пра асабістае жыццё і пра рэлігію.
Прапаганда працуе. Штотыдзень мы прымусова глядзелі перадачу па НТБ, перадачу з Ірадай Зейналавай. І шмат хто сапраўды верыць, што «Пуцін малайцом». Няма сэнсу спрачацца або пераконваць.
«Палітычныя»
Палітвязні паводзяць сябе па-рознаму. Шмат хто закрываецца. А некаторыя палівязні дагэтуль жывуць 2020 годам і вераць, што «вось-вось мы пераможам».
Уявіце сабе, стаяць два «бчбшнікі» і спрачаюцца, праз колькі месяцаў да іх прыменяць амністыю: праз два месяцы або праз шэсць.
Шмат хто з «зэкаў» не разумее, як людзі маглі спадзявацца на мірны пратэст і кажуць, што патрэбны быў сілавы варыянт. А многія з палітычных не могуць гэта сфармуляваць.
Праз экстрэмісцкі прафулік стала болей кантролю. Звычайным вязням не хочацца лішні раз падстаўляцца.
«Радыёзэк»
Звычайныя вязні любяць жартаваць з «бчбшнікаў», называецца «радыёзэк». Яны пускаюць плётку, што, да прыкладу, «Ціханоўская аб'явіла, што ўвойдуць войскі і нас усіх вызваляць». І ўжо ўвечары гэта ведаюць усе і ўсе гэта абмяркоўваюць. А звычайныя «зэкі» проста сцябуцца.
Не хапае разумення сітуацыі ў свеце. Звычайныя людзі з «волі» не прызвычаеныя да жыцця ў такіх умовах. І яны чапляюцца за любую надзею.
Калі мы вернемся ў Беларусь
У 2020-м нас было шмат, і нас сапраўды вельмі шмат. Але калі б мы ведалі шлях да перамогі, то яна б ужо наступіла. У турме прыйшло разуменне таго, што гэта скончыцца не хутка. Таму ў Беларусь мы, напэўна, вернемся не хутка.
«Сэкс» у зняволенні
Два гады без сэксу было цяжка. Людзі там займаюцца мастурбацыяй, у асноўным — у туалетах. Але ва ўсіх месцах розныя ўмовы.
На Валадарцы была шторка і зусім не бачна, хто чым займаецца. У Бабруйску ўмовы ўжо горшыя: там няма шторкі. На зоне ж зусім адкрытыя кабінкі і людзі мастурбуюць у так званых «крайніх кабінках». Усе ведаюць, для чаго імі карыстаюцца і не займаюць іх без «патрэбы».
У 2022-м я стаў сэкс-сімвалам Беларусі і падумаў: «якая краіна, такі і сэкс». Значыць, у 2022-м годзе сядзець у турме — гэта вельмі сэксуальна. Цяпер я раздрукую гэты тэкст «Нашай Нівы» і буду хадзіць усім паказваць.
Футбол у калоніі
Наша каманда стала чэмпіёнам ПК-22 па футболе — мой галоўны трафей за час зняволення. Там пясчанае поле, мы гулялі камандамі па пяць чалавек плюс брамнік. Гэта такі мікс пляжнага футбола і звычайнага.
Самі гульні вельмі брутальныя. Гэта зламаныя ногі, сілавы футбол, такая атлетычная манера.
Было вельмі класна: ёсць статыстыка, на матчы ходзяць заўзятары і да гульняў ёсць вялікая цікавасць. Я быў на другім месцы сярод усіх вязняў у агульным заліку.
Замах на Кубракова
Часта калі прыязджалі праверкі, то трэба было паказаць, што ўсе пляцоўкі задзейнічаныя. Мы з хлопцамі дамовіліся з гэтай нагоды пабегаць у сваё задавальненне.
Аднойчы прыязджаў Кубракоў. І мяч упаў зусім блізка ад яго. Мы пачалі жартаваць: «замах на службовую асобу, усё, зараз паедзеш этапам». Але ўсё абышлося.
Прызнанне
Калі мяне этапавалі, то была супергісторыя. На мяне глядзіць канваір і кажа: ты што, той самы блогер? Спытаўся, колькі далі і кажа: давай там, трымайся.
І яшчэ адна гісторыя. Калі з Акрэсціна везлі на Валадарку, то я сяджу ў «стакане» і адкрываюцца дзверы. Чалавек кажа: вось, хачу ў вочы табе паглядзець, раней я цябе глядзеў, а зараз палез у палітыку, вось, пасядзі, падумай.
Пра вайну ва Украіне
Я пакуль не гляджу фільмы пра вайну ва Украіне. Я не гатовы. Але на адной з нядаўніх тусовак мой сябра ўключыў песню «Стэфанія», з якой Украіна была на Еўрабачанні.
Гэта было немагчыма, я проста згубіўся на нейкі час і тусоўка на гэтым для мяне скончылася.
Як жыве пасля выхаду
Бывае цяжка. Ты выйшаў, быццам бы ўсё ў парадку, але бачыш: бац, Бяляцкаму дзесяць, тутбаеўцам па дванаццаць. І разумееш, што для цябе гэта скончылася, а іх гэта толькі чакае.
Досвед у СІЗА і Акрэсціна моцна адрозніваецца ад калоніі, і многім палітвязням гэта даецца вельмі цяжка. Там трэба праяўляць сябе, адаптавацца, і абсалютна нармальна, што людзі да гэтага не гатовыя.
Я буду працягваць рабіць ютуб-канал. Хутка будзем рабіць прыгажосць.
Для чаго варта працягваць
У турме я зразумеў, што мы робім журналістыку і такога кшталту рэчы ў асноўным для сябе. То-бок, мы хочам ствараць такі прадукт, які спадабаецца нам самім, каб нам жылося камфортней, каб нашы дзеці атрымалі лепшую адукацыю. І потым ужо для ўсіх астатніх, але найперш для тых, хто падзяляе нашы каштоўнасці.
«Мы робім для беларусаў» — гучыць пафасна. Але хапае людзей у Беларусі, якім усё роўна, хто прыйдзе на інтэрв'ю да Мелказёрава або пра каго здыме відос Саша Івулін, бо квіток на стадыён каштуе 10 рублёў і грошай з зарплаты на яго папросту не хапае.
Вось, напрыклад, расце запыт на беларускую мову і культуру, асабліва сярод беларусаў, якія выехалі. І наша задача ў тым, каб рабіць яшчэ болей і якасней, каб больш людзей былі такімі, як мы.
І нават калі мы вернемся ў Беларусь ужо старымі, то будзем стартаваць не з мінусавых пазіцыяў. Адмаўляцца ад гэтай працы праз недахоп праглядаў і лайкаў было б няслушна.
А калі ты разумееш, што ты матываваў нават пяць чалавек займацца спортам, а не рабіць закладкі, то гэта класна. І ўвогуле, я веру ў беларускіх людзей.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары
якую рацыю ён меў?
https://d2b0v286pbg9yh.cloudfront.net/313522