У I квартале 2023 года экспартныя пастаўкі ўгнаенняў з Беларусі праз тэрыторыю Расіі павялічыліся ў 18,2 разу да аналагічнага перыяду 2021-га і склалі 2,13 млн тон. А па выніках 2022 года транзіт вырас у 76 разоў, піша Office Life, цытуючы расійскае выданне «Ведомости».
Як паведамляюць «Ведомости» са спасылкай на статыстыку Інстытута праблем натуральных манаполій, пастаўкі беларускіх угнаенняў праз расійскую тэрыторыю па выніках 2022 года склалі 3,54 млн тон. Транзіт калійных угнаенняў склаў 88% гэтага аб'ёму.
Асноўны аб'ём паставак у 2023 годзе прыпаў на порт Санкт-Пецярбурга — 823 тыс. тон. У порт Наварасійска паступіла 361,2 тыс. тон, на мяжу з Казахстанам — 346,1 тыс. тон.
Такі рост транзіту праз тэрыторыю Расіі звязаны з заходнімі санкцыямі супраць «Беларуськалія». Пасля таго, як краіны Балтыі адмовіліся перавозіць і апрацоўваць такія грузы, у Лукашэнкі проста не было іншага выйсця, акрамя як толькі пераарыентаваць пастаўкі на расійскія парты і паўднёвую мяжу.
Статыстыку здабычы і экспарту калійных угнаенняў Белстат закрыў з 2021 года. Да таго аб'ёмы экспарту ўгнаенняў складалі каля 7 мільёнаў тон за год. Такім чынам, можна меркаваць, што да першага квартала 2023 года «Беларуськалію» ўдалося цалкам перанакіраваць свой экспарт праз Расію, што, хоць і фінансава менш выгадна, чым адгрузкі праз тэрмінал у Клайпедзе, але дазваляе даходзіць да спажыўцоў у Азіі.
Каментары