Грамадства1010

Вядомы хімік склаў партрэт рэпрэсаванага навукоўца. Некаторыя высновы нечаканыя

Навуковец Сяргей Бесараб прааналізаваў звесткі аб 100 рэпрэсаваных лукашыстамі навукоўцах, чые імёны і род дзейнасці згадваліся ў медыйнай прасторы. Некаторыя з вынікаў здзівілі даследчыка.

Пратэсты каля Акадэміі навук, 2020 год. Фота: сацсеткі

Якіх навукоўцаў пераследавалі часцей?

Сяргей Бесараб, былы супрацоўнік Нацыянальнай акадэміі навук, спецыялізаваўся на даследаваннях у хімічнай галіне.

Раней навуковец склаў партрэт беларускага «экстрэміста». Цяпер жа звярнуў увагу на навукоўцаў сярод рэпрэсаваных.

Пад навукоўцамі разумеліся спецыялісты Акадэміі навук, вышэйшых навучальных устаноў, даследчых інстытутаў, папулярызатары навукі, магістранты, аспіранты. 

У сваім аналізе Бесараб грунтаваўся на звестках аб пераследзе, што былі публічныя.

Ён выявіў, што найбольш пацярпелі ад рэпрэсій філолагі і гісторыкі, а таксама фізікі, матэматыкі і біёлагі.

Да гуманітарыяў аўтар даследавання далучае мастацтвазнаўцаў, філосафаў і сацыёлагаў. У яго аналізе па 4% навукоўцаў гэтай спецыялізацыі сутыкнуліся з пераследам.

Вобраз «пратэснага навукоўца» вызначылі гісторыкі і філолагі. На партрэце — кандыдат навук ва ўзросце 45-51 гадоў. Яны сталі рухавіком пратэстаў у навуковым асяроддзі.

Сяргей Бесараб феномен пратэснай актыўнасці гуманітарыяў тлумачыць тым, што гісторыкі і філолагі, у адрозненне ад навукоўцаў тэхнічных спецыялізацый, больш інтэграваныя менавіта ў актыўнае беларускае грамадства і прагнуць перамен. Ад змены сітуацыі ў краіне залежыць іх навуковая запатрабаванасць. Таму яны і аказаліся ў авангардзе пратэстаў і найбольш зазналі рэпрэсіі.

«Гісторыкі, філолагі патрэбныя найбольш Беларусі, бо займаюцца тэмамі, звязанымі з Беларуссю, — даводзіць навуковец. — Ім няма на каго разлічваць, акрамя сябе і сваёй дзяржавы. Расія, напрыклад, фінансуе праекты, у якіх удзельнічаюць беларускія хімікі і фізікі, але я не чуў, каб расіяне давалі грошы на пашырэнне і падтрымку беларускасці».

Нечакана вялікай рэпрэсаванай групай навукоўцаў сталі фізікі. Іх 11 працэнтаў. 9% з навукоўцаў, якія зазналі пераслед, — юрысты.

Сяргей Бесараб кажа, што ў БДУ шмат дактароў юрыдычных навук выступіла сцяной, каб абараніць ад звальнення калег.

Сярод пацярпелых 8% навукоўцаў, якія займаюцца біялогіяй.

Якія спецыяльнасці тых навукоўцаў, хто трапіў пад рэпрэсіі? Філолагі — 21%, гісторыкі — 20%, фізікі — 11%, юрысты — 9%, матэматыкі — 9%, біёлагі — 8%, філосафы — 4%, мастацтвазнаўцы — 4%, сацыёлагі — 4%, псіхолагі — 3%, географы — 2%, хімікі — 2%, машынабудаўнікі — 2%, эканамісты — 1%

Агулам навукоўцаў тэхнічнага профілю, такіх, як хімія, матэматыка, машынабудаванне, ад рэпрэсій пацярпела нямала. Разам выйшла 13 працэнтаў.

Сяргей Бесараб адзначае, што прадстаўнікам гэтай рэпрэсаванай групы навукоўцаў, каб захаваць нацыянальную самаідэнтычнасць і наважыцца выйсці на пратэст, трэба мець высокі ўзровень самадысцыпліны, увесь час памятаць пра сувязь з родным краем.

«На навукоўцаў тэхнічных спецыялізацый уплывае глабалізацыя. Чым большы ўзровень тэхналагічнасці даследаванняў, тым больш ім трэба ўзаемадзейнічаць з адмыслоўцамі розных краін. Самі таго не хочучы, яны становяцца грамадзянамі свету. Нацыянальная ідэнтычнасць адыходзіць на другі план. Калі сабе не рабіць заўваг, не берагчы сваю беларускасць, то рызыкуеш размыцца па свеце», — тлумачыць Бесараб.

З тым жа сутыкаюцца хімікі. Яны арыентуюцца на супрацу з Расіяй, бо беларуская Акадэмія навук звыкла супрацоўнічае з расійскімі навукова-даследчымі інстытутамі. 

У авангардзе пратэсту навукоўцы, якіх нібы няма

Сяргей Бесараб звяртае ўвагу на вялікую рэпрэсаваную групу навукоўцаў, народжаных у 1970-х гадах. Са ста — іх траціна.

Якога ўзросту рэпрэсаваныя навукоўцы. 25-30 год — 4%, 30-35 — 6%, 34-40 — 11%, 40-45 — 18%, 45-50 — 25%, 50-55 — 12%, 55-60 — 7%, 60-65 — 5%, 65-70 — 8%, 70-75 — 4%

Ён лічыць, што гэта парадаксальна, бо навукоўцаў такога ўзросту ў беларускай навуцы вобмаль, а яны аказаліся ў авангардзе пратэстаў.

«Сямідзясятнікі» сутыкнуліся з мноствам праблем на прафесійным шляху.

«З-за катастрафічнай эканамічнай сітуацыі пасля развалу Савецкага Саюза тагачасныя навукоўцы ва ўзросце 30—40 гадоў, якія былі асноўнай рухаючай сілай, сышлі ў бізнэс, іншыя сферы, не звязаныя з навуковай дзейнасцю, ці наогул зʼехалі. У выніку ў беларускай навуцы засталіся альбо маладыя навукоўцы, альбо пажылыя: акадэмікі пад 70—90 гадоў і іх калегі пад трыццаць. Навукоўцаў базіснай асновы 40—50 гадоў цяпер замала, але пры гэтым менавіта яны аказаліся сярод актыўнай часткі пратэсту», — дзівіцца Сяргей Бесараб.

У прааналізаваных выпадках рэпрэсаваных пераважаюць кандыдаты навук — 58 %. Багата, аднак, і дактароў навук —11%. 

Гэта акалічнасць разбурае прапагандысцкія наратывы, што пратэст стаў вынікам уплыву «лялькаводаў», заўважае Сяргей Бесараб.

Нагоды для звальнення навукоўцаў — затрыманні і няўгодныя каментары

Рэпрэсіі супраць навукоўцаў расцягнутыя ў часе.

«Я не змог разабрацца, да чаго яны прывязваюцца. Пад пераслед навуковая супольнасць ад 2020 года трапляе перыядычна. Бываюць кропкавыя затрыманні і аблавы. Асуджаныя да 3 гадоў «хатняй хіміі» 71-гадовы акадэмік, доктар біялагічных навук Алег Давыдзенка і яго жонка, а таксама мовазнаўца Сяргей Гаранін трапілі за краты пасля аблавы», — нагадвае Сяргей Бесараб.

Затрыманні становяцца нагодай для звальнення. Яшчэ адна нагода для яго — нібыта парушэнне этычнага кодэксу навукоўца. У кодэкс упісалі норму, якая забараняе даваць каментары недзяржаўным медыя — норма, якую немагчыма сабе ўявіць у любой іншай еўрапейскай краіне. 

Аляксандр Лукашэнка і старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Уладзімір Гусакоў на адной з нарад у Акадэміі навук. Фота: president.gov.by

«У 2020 годзе, калі я бараніў Сцяпана Латыпава, якога вінавацілі ў тым, што ён рыхтаваў хімічную зброю, я зрабіў заяву, што прэтэнзіі да яго не маюць падстаў. Пасля яе ў маім інстытуце зʼявіўся загад пра забарону каментароў. Іх трэба было ўзгадняць з дырэктарам, які вырашаў, ці даваць дазвол. Цяпер такая сітуацыя легалізаваная афіцыйна на ўсю Акадэмію», — адзначае Бесараб.

Беларускіх навукоўцаў баранілі іх замежныя калегі. Адлічаным студэнтам прапаноўвалі праграмы для далейшай вучобы ў замежных ВНУ. Навукоўцам падказвалі, як атрымаць грантавую падтрымку, каб працягнуць навуковую дзейнасць за мяжой.

«Калі пачалі звальняць навукоўцаў, то быў складзены ліст супраць рэпрэсій. З 850 падпісантаў — 200 былі замежнікамі. Больш за ўсіх было ўкраінцаў, шмат расіян. Былі навукоўцы з Францыі, Ізраіля, Польшчы, Фінляндыі, Эстоніі, Літвы, ЗША і нават Бразіліі», — згадвае Сяргей Бесараб.

«Чым можна кампенсаваць разбураны свет навукоўцаў»

Сяргей Бесараб кажа, што ў 2010 годзе, паводле Белстата, у Беларусі займаліся навукай 32 тысячы чалавек, а ў 2021 годзе іх было 25 тысяч.

На яго погляд, для цяперашняй Беларусі знікненне 7 тысяч навукоўцаў уяўляецца невялікай стратай. Але ў доўгатэрміновай перспектыве гэта можа аказацца сур’ёзнай праблемай, бо навукоўцы займаюцца распрацоўкай тэхналогій, якія «зʼяўляюцца нафтай XXI стагоддзя».

Ён адзначае, што яго даследаванне прамежкавае, бо 100 рэпрэсаваных навукоўцаў — не канчатковая лічба. Арганізацыі, якія збіраюць звесткі пра рэпрэсіі, прызнаюць, што і іхняя статыстыка ў беларускіх рэаліях не можа быць поўнай: шмат інфармацыі не выходзіць на паверхню.

Сяргей Бесараб. Фота: фэйсбук Бесараба

Сяргей Бесараб спрабуе вызначыць, якую кампенсацыю дзяржава павінна сплаціць рэпрэсаваным навукоўцам, каб яны працягнулі сваю навуковую дзейнасць у Беларусі. Значная іх частка пасля вызвалення пакідае краіну.

«Яны зʼязджаюць нават не з прычыны бяспекі. Тое, што рэжым зрабіў з імі, яны ўспрымаюць як здраду», — тлумачыць Бесараб.

«Навукоўцы — людзі спецыфічныя, у нечым боскія людзі. Яны жывуць у сваім ідэалістычным свеце. Здрада краіны разбурае гэты свет, жыццё, якое навуковец выбудоўваў ад ВНУ і аспірантуры, — падсумоўвае ён. — Не ведаю, чым можна залагодзіць, кампенсаваць разбураны свет. Не магу сабе ўявіць, якой мусіць быць у навукоўца ўнутраная ўпартасць, вера ў іншую будучыню Беларусі, каб застацца і працягнуць працу».

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Глядзіце таксама:

Ціханоўскую выбрала гісторыя. Макей быў беларусам. Калі Масква дасць шанец беларусам? — Віктар Шадурскі, былы дэкан ФМА, вялікая гутарка

Навуковец патлумачыў феномен рэжыму і ацаніў страты беларускай навукі за час кіравання Лукашэнкі

«Хлопцаў маладых шкада, бо іх вельмі моцна збіваюць у ГУБАЗіКу». Мовазнаўца Гаранін напісаў пра свае суткі на Акрэсціна

Каментары10

  • Химия
    06.05.2023
    " В целом ученых технического профиля, таких, как химия, математика, машиностроение, от репрессий пострадало немало"

    Химия не относится к техническим наукам, — физика, химия, биология, и др относятся к естественным наукам
  • Per Aspera
    06.05.2023
    "знікненне 7 тысяч навукоўцаў ўяўляецца невялікай стратай" --- Знікненне такой вялікай колькасці вучоных розных профіляу́, прадуктыу́нага узросту - гэта КАТАСТРАФІЧНАЯ, нічым у блізкай перспектыве не кампенсуемая страта!
  • Пожалуй
    06.05.2023
    Химия, однобокое представление. Вы забыли, что научная дисциплина это не только предмет, но и метод исследования. По набору инструментария естественные науки давно уже стали высокотехнологичными, то есть техническими.

Макс Корж выпусціў першы кліп пасля пагроз ГУБАЗіКа. Правакацыйны і шматсэнсоўны13

Макс Корж выпусціў першы кліп пасля пагроз ГУБАЗіКа. Правакацыйны і шматсэнсоўны

Усе навіны →
Усе навіны

Стаў вядомы спіс афіцэраў, якіх Лукашэнка за падтрымку народу ў 2020 годзе пазбавіў званняў7

Бондарава заклікала пакараць Марзалюка. Але падвяла сябе пад 15 сутак за рэпост «НН»13

У эфіры прапагандыстаў паказалі яшчэ аднаго зняволенага каліноўца — Максіма Ралько5

У Мінску ўзяліся зносіць парк «Дрымлэнд» ВІДЭА2

Storm Shadow сёння маглі ўдарыць па гістарычнай сядзібе на Куршчыне, дзе размяшчаўся расійскі камандны пункт4

Куды зноў знік Пуцін? Выявілася, што яго апошнія сустрэчы — гэта насамрэч запісы месячнай даўніны3

«Гэта замах на забойства». Пад Гроднам нехта нацягнуў дрот над сцежкай, дзе катаюцца матацыклісты3

Папа Рымскі зацвердзіў абрад свайго пахавання2

Адміністратарам украінскага тэлеграм-канала, які дапамагаў пазбягаць позваў, аказалася беларуска8

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Макс Корж выпусціў першы кліп пасля пагроз ГУБАЗіКа. Правакацыйны і шматсэнсоўны13

Макс Корж выпусціў першы кліп пасля пагроз ГУБАЗіКа. Правакацыйны і шматсэнсоўны

Галоўнае
Усе навіны →