Украінскі генерал лічыць, што Лукашэнка свядома абмежаваў вайсковае супрацоўніцтва з Расіяй пасля няўдач на фронце. Але ці ў яго хто пытаецца?
Камандуючы Абʼяднанымі сіламі УСУ генерал-лейтэнант Сяргей Наеў у нядаўнім інтэрвʼю інфармацыйнаму агенцтву «Укрінформ» закрануў тэму супрацоўніцтва рэжыму Лукашэнкі з Расіяй. Ён лічыць, што «кіраўніцтва Беларусі абмежавала вайсковае супрацоўніцтва з Расіяй пасля няўдач на фронце». Але вядомы блогер і адзін з стваральнікаў маніторынгавай групы «Беларускі Гаюн» Антон Матолька лічыць, што папраўдзе гэта не так — прычына ў іншым.
На пытанне, чаму ў цяперашні час практычна няма вылетаў расійскай авіяцыі з аэрадромаў Узброеных сілаў Беларусі для нанясення ўдараў па тэрыторыі Украіны, Сяргей Наеў адказаў наступнае:
«Не лятаюць, таму што пасля няўдалага ўварвання арміі Расіі з тэрыторыі Беларусі, наступных няўдач на нашым усходзе і поўдні кіраўніцтва Беларусі абмежавала сваё супрацоўніцтва з Расіяй да пастаўкі ўзбраення, боепрыпасаў, а таксама надання палігонаў для падрыхтоўкі мабілізаваных».
Зыходзячы з прыведзенага вышэй адказу ў беларускага і ўкраінскага грамадства, піша Матолька, можа скласціся лжывае ўяўленне, што «абмежаванне супрацоўніцтва» з РФ адбылося выключна дзякуючы дзеянням рэжыму Лукашэнкі і стала вынікам няўдач Расіі ў вайне з Украінай.
Аднак такая пазіцыя, падкрэслівае ён, памылковая і нават шкодная.
Так, калі ўвесну 2022 года расіяне не па сваёй добрай волі, а праз яўную немагчымасць дасягнуць на гэтым кірунку пастаўленых задач адступілі з Кіеўскай вобласці на тэрыторыю Беларусі, большасць з іх адразу былі перакінутыя на ўсход Украіны для ўдзелу ў «бітве за Данбас».
У гэтым, на думку Матолькі, няма ніякай заслугі Лукашэнкі — проста знаходжанне гэтых вайскоўцаў у абставінах, якія склаліся, стала ў Беларусі бессэнсоўным.
Што тычыцца ракетных удараў, то аэрадромы УС Беларусі для гэтых мэт выкарыстоўваліся ў перыяд наступлення УС РФ у Кіеўскай вобласці, а ў далейшым практыкавалася нанясенне ракетных удараў самалётамі ПКС РФ, якія залятаюць з тэрыторыі Расіі ў паветраную прастору Беларусі.
Апошні такі дакладна зафіксаваны ракетны ўдар з тэрыторыі Беларусі быў нанесены па Украіне 6 кастрычніка 2022 года.
І ў тым, што пасля гэтую практыку спынілі, Матолька таксама не бачыць уплыву Лукашэнкі: проста для РФ такія атакі перасталі мець ваеннае значэнне, а калі б па-ранейшаму мелі, то ніякі Лукашэнка ім бы не перашкодзіў.
Таксама дыверсія на аэрадроме «Мачулішчы» паказала ўразлівасць аэрадромаў УС Беларусі, і ў сувязі з гэтым выкарыстоўваць тэрыторыю Беларусі для ажыццяўлення якіх-небудзь удараў стала менш бяспечным, чым гэта было раней.
Пры гэтым Матолька не сумняваецца, што ў выпадку ўзнікнення такой неабходнасці авіяцыйную групоўку ПКС РФ, размешчаную цяпер на тэрыторыі Беларусі, могуць прымяніць супраць Украіны, і ў Лукашэнкі ў такім разе пытацца дазволу ніхто не будзе.
«Агулам падтрымка агрэсіі Расіі супраць Украіны рэжымам Лукашэнкі будуецца выключна зыходзячы з цяперашніх патрэб УС РФ.
Трэба было наступаць РФ на Кіеў — калі ласка, вось вам плацдарм для наступу. Пачалася ў Расіі мабілізацыя, а месцы для навучання ўсім «мобікам» не хапіла — калі ласка, вось вам палігоны і інструктары. Узнікла патрэба ў тэхніцы і боепрыпасах — калі ласка, склады і арсеналы ў вашым распараджэнні. Лукашэнка закрывае любыя патрэбы Крамля, якія ўзнікаюць.
Такім чынам, дзеянні рэжыму Лукашэнкі не маюць нічога агульнага з тым, ці страляюць ці УС РФ па ўкраінскіх гарадах з тэрыторыі Беларусі або не», — канстатуе Матолькі.
Таму, упэўнены ён, кіраўніцтва Украіны (як вайсковае, так і палітычнае) павінна ўспрымаць персону Лукашэнкі выключна як ваеннага злачынцу, які разам з Пуціным панясе адказнасць за свае злачынствы. А не як чалавека, які сваімі дзеяннямі імкнецца неяк дапамагчы Украіне.
Чытайце таксама:
Дзе размесцяць расійскую ядзерную зброю, выбух якой можа знішчыць цэлы горад?
Лукашэнка заявіў, што Расія была гатовая заключыць «дагавор аб урэгуляванні канфлікту» ва Украіне
Каментары