Адсвяткуйце надыход лета прыгатаваннем гэтага спакуслівага дэсерту, у якім клубніцы магічна спалучаюцца з базілікам.
Каб прыгатаваць пірог з клубніцамі і базілікам, вам спатрэбіцца:
для салодкага міндальнага цеста
- 1 пачак несалёнага масла пакаёвай тэмпературы,
- 1 вялікі яечны жаўток,
- 1/2 шклянкі цукровай пудры,
- 1/2 шклянкі молатага міндалю,
- 1 шклянка + 3 ст. л. мукі,
- дробка солі;
для заварнога крэму з базілікам:
- 1 1/2 шклянкі малака,
- 1/4 шклянкі трысняговага цукру,
- 4 яечныя жаўткі,
- 1 чайная лыжка ванілі,
- 2 ст. л. мукі або кукурузнага крухмалу,
- 1 кубак нарэзанага базіліку;
для сіропу з базіліку:
- 1 шклянка вады,
- 1 1/2 шклянкі трысняговага цукру,
- 1 кубак нарэзанага базіліку;
для топінгу:
- 650 г свежых нарэзаных клубніц,
- свежае лісце базіліку для ўпрыгожвання.
Як гатаваць
Пачынаем з вырабу асновы з цеста.
- Узбіце масла з цукрам. Дадайце яечны жаўток, молаты міндаль і соль. Добра змяшайце да аднастайнасці. Дадайце ўсю муку і замясіце цеста, але не перастарайцеся, інакш атрымаецца цвёрдая аснова. Сфармуйце з цеста шар, потым расплюшчыце яго ў дыск і загарніце ў поліэтылен. Ахаладзіце не менш за гадзіну.
- Раскачайце цеста паміж двума лістамі пергаментнай паперы, прысыпанымі мукой, да таўшчыні каля паловы сантыметра. Зніміце верхні ліст паперы і, выкарыстоўваючы ніжні ліст, перакуліце цеста ў змазаную маслам і пасыпаную мукой металічную форму для пірага дыяметрам 20—23 см. Уцісніце цеста ў форму (яно павінна быць больш падобным да цеста для печыва, чым для пірага, таму, калі вам цяжка раскачаць яго гладка, можна проста рукамі ўціснуць цеста ў форму. Калі вы так робіце, старайцеся ўціскаць яго раўнамерна, каб аснова для пірага не была занадта тоўстай ні ў адным месцы). Абрэжце цеста вышэй за бераг формы. Астудзіце зноў не менш за 30 хвілін перад выпечкай.
- Вышмаруйце маслам вялікі ліст пергаментнай паперы ці алюмініевай фольгі і пакладзіце яго на форму для пірага бокам, змазаным маслам, уніз. Насыпце на пергамент сухой фасолі, рысу або пакладзіце ўцяжарвальнік для пірагоў (для таго, каб корж захаваў форму). Выпякайце ў папярэдне разагрэтай да 190 °C духоўцы каля 20 хвілін, затым зніміце пергамент і ўцяжарвальнік. Пастаўце зноў у духоўку яшчэ на 10—15 хвілін або пакуль цеста не стане светла-залаціста-карычневым. Увесь час правярайце выпечку і стаўце таймер, бо яно далікатнае і лёгка можа падгарэць.
- Дастаньце аснову для пірага з духоўкі і, калі неабходна, абрэжце край вострым нажом, каб ён быў на адным узроўні з берагам формы для пірага. Рабіце гэта, пакуль выпечка яшчэ цёплая. Дайце каржу цалкам астыць, перш чым яго даставаць з формы.
Крэм
- Нагрэйце малако і нарэзанае лісце базіліку на сярэднім агні, пакуль малако не закіпіць. Адцадзіце базілік з малака і выкіньце лісце.
- У сярэдняй місцы ўзбіце яечныя жаўткі, цукар, ваніль і муку або кукурузны крухмал да аднастайнай крэмападобнай масы. Вельмі акуратна і павольна ўлівайце гарачае малако ў яечную сумесь, увесь час памешваючы. Добра мяшайце цягам некалькіх хвілін, а затым пераліце сумесь назад у тую ж каструлю, дзе грэлася малако з базілікам. Награвайце на сярэднім агні, пакуль вадкасць не пачне кіпець.
- Працягвайце варыць каля 5 хвілін да загусцення, увесь час памешваючы, каб не было камякоў. Калі ваш крэм атрымаўся з камякамі, проста прапусціце яго праз сіта. Зніміце з агню і астудзіце.
Сіроп
Нагрэйце ваду і цукар, пакуль яны не закіпяць і цукар не растворыцца. Зніміце з агню і адразу ж дадайце нарэзаны базілік. Пакіньце на ноч ці прыкладна на 12 гадзін. Працадзіце базілік і выкіньце лісце.
Зборка
Зараз можна збіраць пірог.
Выкладзіце лыжкай крэм у халодную аснову, што вы выпякалі. Раскладзіце нарэзаныя клубніцы на крэме. Багата паліце клубніцы базілікавым сіропам і пасыпце лісцем базіліку для ўпрыгожвання. Падавайце пірог халодным.
Больш летніх рэцэптаў:
Рэцэпт на выхадныя. Ягадныя тарталеткі — яркая выпечка для сезона садавіны
Каментары
Я заняты. Гатую салату з чырвонай капусты і брокалі.