Хлопец намаляваў незвычайныя выявы Мінска, а з іх зрабілі прынты для торбачак
У пачатку чэрвеня брэнд Vokladki.by паказаў новыя сумкі з вядомымі мінскімі краявідамі. Стварыў гэтыя кранальныя карцінкі ілюстратар Аляксей Кулінковіч, які расказаў выданню CityDog.io, што звязвае яго з лакацыямі, якія трапілі на торбачкі: Камароўка, Палац спорту і невядомы пад'езд невядомага дома.
Па словах Аляксея Кулінковіча, для яго самога найбольш «асабістая» ілюстрацыя з трох, якія трапілі на сумкі ад Vokladki.by, — тая, на якой бабуля каля пад'езда корміць рудых катоў.
— На гэтым малюнку мой пад'езд. Праўда, дом ужо перафарбавалі і лавачку замянілі на новую. Камароўку намаляваў, таму што сам каля яе часта бываю. Але, дарэчы, ні разу ў жыцці на гэтым рынку нічога не купляў. А качак усе, думаю, кармілі: я часцей на «водаканале» свайго раёна і ў Лошыцкім парку, але вырашыў задзейнічаць у ілюстрацыі больш пазнавальную для мінчан набярэжную — каля Палаца спорту», — кажа мастак пра свае ілюстрацыі.
— На ўсе тры ілюстрацыі патрапілі мінскія бабулі. Вы ведаеце іх ці гэта выдуманыя гераіні?
— Бабуля ўзнікла якраз на ілюстрацыі з катамі, вырашыў перанесці яе і ў астатнія лакацыі. Гераіня гэтая рэальная: ёсць у нас у двары такая бабуля з суседняга дома. Колькі сябе памятаю, яна ўвесь час падкормлівала вулічных катоў. І гэта выглядае прыкладна гэтак, як на маім малюнку; праўда, колькасць катоў трохі меншая, і не ўсе яны рудыя.
— Як наогул выйшла, што вы сталі супрацоўнічаць з Vokladki.by?
— Нічога звышнатуральнага. Мне напісаў Фёдар Шылін, заснавальнік брэнда Vokladki, і прапанаваў абмеркаваць магчымасць намаляваць нешта для іх брэнда. Вядома ж, я пагадзіўся: даўно сачу за Vokladki і вельмі рады быў магчымасці памаляваць для іх.
Усе тры ілюстрацыі для праекта я прыдумаў у працэсе супрацоўніцтва з брэндам. Мы дамовіліся, што калі будуць нейкія ідэі, то абмяркуем іх для пачатку на ўзроўні эскізаў. Я здзівіўся, але Фёдару адразу спадабаўся эскіз ідэі (гэта былі два эскізы адной серыі). Пасля абмеркавання нюансаў прыйшлі да рашэння, што будзем рабіць тры ілюстрацыі. Дарабіў трэці эскіз — і ўжо пасля гэтага прыступіў да адмалёўкі.
— Вы атрымліваеце нейкі працэнт з прададзеных торбачак з вашымі ілюстрацыямі?
— Ведаю такую практыку, але не, ніякага працэнта я не атрымліваю. Ды гэта і не абмяркоўвалася, у нас былі іншыя дамоўленасці.
— А ўжо ёсць ідэі, якія яшчэ мінскія лакацыі могуць трапіць у вашы ілюстрацыі?
— З нагоды ідэй пакуль нічога казаць не буду: яны ў галаве, а на этапе эскіза могуць не зайсці нават самому сабе. У мяне гэты працэс больш спантанны, наперад рэдка што прыдумляецца.
Каментары