У раёне пошукаў батыскафа «Тытан», які знік у Атлантыцы, знайшлі абломкі
Поле абломкаў у раёне пошукаў зніклага ў паўночнай Атлантыцы батыскафа «Тытан» выявіў пошукавы падводны апарат. Пра гэта паведаміла берагавая ахова ЗША, як піша Бі-бі-сі.
Ці належаць абломкі «Тытану», пакуль невядома. Эксперты ацэньваюць атрыманую інфармацыю і абяцаюць паведаміць падрабязнасці пазней.
Раней ратавальнікі паведамлялі, што пошукі батыскафа ўвайшлі ў вырашальную стадыю, бо запас кіслароду на борце мусіць канчацца. Праўда, вызначыць дакладны час, калі скончыцца кісларод, не заўсёды магчыма, і яго можа хапіць на большы час, чым мяркуецца.
У чацвер берагавая ахова ЗША пашырыла маштаб выратавальнай аперацыі, падключыўшы да яе яшчэ 10 суднаў і некалькі падводных лодак.
Раней рэхалоты засеклі некалькі месцаў, адкуль паступаюць падводныя шумы, але ні ў адной з іх батыскаф не выявілі. Па словах навукоўцаў, акіян напоўнены натуральнымі гукамі, што зніжае эфектыўнасць рэхалотаў.
Тым не менш удзельнікі аперацыі, да якой далучыліся амерыканскія і канадскія вайсковыя самалёты, караблі берагавой аховы і падводныя робаты, засяродзілі намаганні ў непасрэднай блізкасці ад месца, дзе былі засечаныя шумы.
Каментары