Хочаце пабачыць, як жылі навукоўцы за савецкім часам? Прадаецца некранутая дача — усё як пры гаспадару
У садовым таварыстве «Навука-1978», дзе ўчасткі давалі інтэлектуальнай эліце, прадаецца цікавая дача. Гэта не драўляная хатка, а трохпавярховая кватэра ў цагляным таўнхаусе. А яшчэ там захавалася атмасфера таго, як быў абсталяваны дачны побыт вучоных у БССР, як расказвае Realt.by.
Садовае таварыства «Навука-1978» знаходзіцца ў прэстыжным месцы — насупраць Раўбіч, проста на беразе Дубраўскага вадасховішча.
Дачы тут прызначаліся для супрацоўнікаў Акадэміі навук. І ўяўляюць яны сабой не звыклыя для СССР зборна-шчытавыя ці драўляныя хаткі, а сапраўдныя цагляныя таўнхаусы савецкага ўзору на дзве кватэры.
Адну такую кватэру выставілі на продаж. Яе агульная плошча — 90 квадратных метраў.
На першым узроўні размяшчаецца гараж і службовыя памяшканні.
На другім (першым жылым) — веранда, кухня і пакой. Там захавалася амаль некранутая атмасфера дачы інтэлектуальнай эліты БССР. Звярніце ўвагу на шыкоўны камін і вінтажную мэблю 70-х.
На трэцім узроўні — два пакоі і лоджыя.
У кватэры цэнтральны водаправод (з гарачай вадой), цэнтральная каналізацыя, але вось ацяпленне — пячное.
Да дачы прыкладаецца ўчастак у 5 сотак з альтанкай. Да вадасховішча — хвілін пяць пешшу.
За дачу просяць 100 тысяч даляраў.
Каментары