У цэнтры Мінска ў доме для партыйнай эліты прадаецца кватэра. Яна займае цэлы паверх, а інтэр'еры як у фільмах пра французскіх каралёў
Чатырохпакаёвыя апартаменты знаходзяцца ў знакамітым доме №42 на вуліцы Карла Маркса. У канцы 1960-х там жыла савецкая наменклатура, што дало гмаху нефармальную назву «цэкоўка». Сёння ёсць рэальны шанец прапісацца ў элітным доме. Але толькі калі валодаеце сумай у 1 502 424 рублі, а гэта прыкладна 495 000 даляраў па курсе, піша Onliner.by.
Дэкаратыўныя калоны, ляпныя карнізы і падстолевыя разеткі, салонная мяккая мэбля як з фільмаў пра французскіх каралёў, ажурныя кандэлябры, пышныя люстры — інтэр'ер гэтай кватэры параўнальны з палацавым. Статутныя матэрыялы аздаблення і прадметаў абстаноўкі — дрэва з залатой пацінай, бронза, мармур, крышталь — узмацняюць уражанне, што будзеш «жыць як у гістарычнай меладраме».
Прычым знаходзяцца гэтыя апартаменты ў цагляным дзевяціпавярховіку. Ён быў пабудаваны ў 1967 годзе па праекце архітэктара Юрыя Шпіта. Будынак размясціўся на стромкім выбрукаваным спуску зусім побач з набярэжнай Свіслачы і паркам Максіма Горкага.
Агульная плошча чатырохпакаёвай кватэры — 164,4 квадратнага метра, жылая — 79,7. Асаблівы плюс планіроўкі — прасторная кухня, яе плошча нават большая, чым спальняў. Усе жылыя пакоі размешчаныя аўтаномна, яны не прахадныя. Вышыня столяў — 2,7 метра. Прадугледжана два санвузлы. Ёсць дзве зашклёныя лоджыі.
Кватэра займае ўвесь пяты паверх. Першапачаткова так і было прадугледжана архітэктурным праектам, растлумачылі ў агенцтве нерухомай маёмасці «Сільван-Інвест».
У 2015 годзе ў доме быў зроблены капітальны рамонт. Усе неабходныя камунікацыі ў кватэры заменены на сучасныя. Устаноўлены сістэма ачысткі вады, кандыцыянеры. Ёсць уся неабходная бытавая тэхніка. Кватэра прадаецца разам з гаражом, які знаходзіцца насупраць дома. Ён уключаны ў цану.
Вокны выходзяць на вуліцу Карла Маркса і Аляксандраўскі сквер, а таксама ў двор. Жыць як у кіно, застаючыся ў «ціхім» цэнтры Мінска, — такая гісторыя.
Каментары